Калі астранаўты былі злачынцамі

ЗША гучна адсвяткавалі 55-ю гадавіну высадкі чалавека на Месяц. Між тым, быў час, калі місію карабля «Апалон-2» разглядалі як гістарычную памылку, а саміх астранаўтаў лічылі ледзь не ворагамі народа.



Праз год пасля дэсанту на Месяц капітан «Апалона-2» Ніл Армстранг даў інтэрв’ю, у якім сярод іншага выказаў расчараванне тым, што інтарэс да палёту на Месяц у амерыканскім грамадстве прайшоў так хутка. У 1977 годзе большасць амерыканцаў увогуле лічыла палёт на Месяц памылкай.

Як сталася, што людзі, якія зрабілі адзін з самых вялікіх прарываў у гісторыі чалавецтва, аказаліся ў 1970-х гадах амаль забытымі? Культуролагі і палітолагі называюць шмат фактараў. Адзін з галоўных — халодная вайна, а дакладней, выкліканая ёй так званая «касмічная гонка». Пасля запуску ў СССР спадарожніка і палёту Гагарына амерыканцаў ахапіў калектыўны комплекс непаўнавартаснасці. На вачах нівеліраваўся імідж ЗША як сусветнага лідара, што сярод іншага спрыяла ўздыму камунізму. Вашынгтону трэба было давесці, што янкі не саступаюць Саветам у космасе.

Палёт на Месяц давёў, што амерыканцы зноў у авангардзе тэхналагічнага прагрэсу. Аднак на гэтым інтрыга закончылася. Як выказаўся адзін з тагачасных паліткаментатараў, «Нарэшце мы перамаглі ў касмічнай гонцы. Далей няхай бягуць толькі фанатыкі». Фінал гонкі адразу адмоўна адлюстраваўся на бюджэце NASA. Палётаў стала менш, і, адпаведна, інтарэс да космасу ў соцыуме знік.

Другі фактар — эканоміка. З-за нафтавага шоку пачатку 1970-х гадоў, які выклікаў эканамічную дэпрэсію, Захад зацягнуў паясы. Праграма «Апалон-2» у свеце новых рэалій узгадавалася як хрэстаматыйны прыклад бессэнсоўнай траты шалёных грошай (касмічная гонка напачатку 1970-х гадоў каштавала 33 мільярды долараў, а сам палёт Армстранга і яго каманды — 7 мільярдаў). Дарэчы, нават на піку месяцаманіі — так называўся выбух інтарэсу ў ЗША да космасу — эканамічны скепсіс наконт падобных палётаў быў вельмі моцны: улетку 1969 года толькі 53 працэнты амерыканцаў лічылі, што праект «Апалон-2» апраўдаў укладзеныя ў яго сродкі. Амерыканскія левыя ўвогуле заклікалі накіраваць увесь бюджэт NASA на барацьбу з беднасцю ў ЗША. Асабліва гучна пратэставалі хрысціянскія арганізацыі і актывісты афраамерыканскага руху, якія лічылі, што скокі Армстранга па Месяцы на доўгія гады падарвалі сацыяльныя праграмы, якія галоўным чынам ішлі на дапамогу чарнаскурым грама­дзянам ЗША.

Хутка наогул з’явілася канспіратыўная тэорыя змовы. У 1975 годзе амерыканскі пісьменнік Біл Кейсінг апублікаваў кнігу «Мы ніколі не былі на Месяцы», дзе сцвярджалася, што палёт «Апалона-2» быў фальсіфікацыяй. Аўтар заяўляў, што ЗША пайшлі на імітацыю дэсанту на Месяц для ўзняцця свайго прэстыжу з-за адставання ад СССР у касмічных дасягненнях, а таксама для рэабілітацыі іміджу Амерыкі ў свеце, які вельмі сапсаваўся падчас вайны ў В’етнаме. Саму сцэну высадкі, быццам, здымалі ў нейкім ангары ў Галівудзе.

Адзін з самых цікавых аспектаў гэтай тэорыі тычыцца ролі СССР, спецслужбы якога, як вядома, мелі добрую сетку інфарматараў. Калі б місія «Апалона-2» была падманам, то, хутчэй за ўсё, на Лубянцы ведалі пра гэта, і наўрад СССР упусціў бы магчымасць скампраметаваць Вашынгтон. Кейсінг і яго паслядоўнікі казалі, што Брэжнева падкупілі. Пасля таго, як Ніксан падараваў яму ў рамках візіту ў СССР новы «Кадзілак», дарагі Леанід Ільіч, быццам, пагадзіўся маўчаць, як партызан на допыту.

Дарэчы, у СССР пра палёт каманды Армстранга простыя людзі ведалі няшмат. Пра подзвіг амерыканскіх астранаўтаў літаральна двума сказамі паведамілі падчас праграмы «Время». А ў Кітаі, дзе Мао ставіў свае сацыяльныя эксперыменты, увогуле палічылі, што навіна пра высадку чалавека на Месяц не вартая эфіру.

Найбольшы сярод сацыялістычных краін інтарэс да «Апалона-2» мела Югаславія. Ціта нават запрасіў астранаўтаў наведаць Бялград у рамках сусветнага турне.

Але вернемся да амерыканцаў. Трэба адзначыць, што экспедыцыя на Месяц паўплывала на вобраз астранаўтаў у масавай культуры. Такі персанаж, як заваёўнік прыроды, які верыць у тэхнічны прагрэс, аказаўся незапатрабаваны аўдыторыяй. Энтузіязм наконт таго, што прагрэс і рост спажывання здольныя зрабіць чалавека шчаслівым, у 1970-я гады быў па-за модай. Астранаўты ў кнігах і фільмах таго часу выглядаюць як дэпрэсіўныя, псіхічна нездаровыя людзі. Такая нелюбоў тлумачыцца таксама тым, што непапулярная на той час адміністрацыя Ніксана нейкі час піярыла каманду «Апалона-2» як эталон амерыканскага грамадзяніна.

Застаецца толькі аддаць належнае стойкасці Армстранга і яго сяброў, якія захавалі нармальную псіхіку ў падобнай грамадска-культурнай атмасферы, дачакаўшыся новых часоў.

Інтарэс да космасу ў ЗША пачаў вяртацца толькі на мяжы 1980-х гадоў. Гэта было звязана з новымі трэндамі ў масавай культуры. Трыумф кінасагі «Зорныя войны» выклікаў бум інтарэсу да касмічнай тэматыкі. Акрамя таго, у 1980 годзе ў Белы дом прыйшоў Рональд Рэйган са сваёй мегафішкай — Стратэгічнай Абаронай Ініцыятывай, або, прасцей кажучы, праграмай «Зорныя войны». Каб апраўдаць у вачах грамадскасці інвестыцыі ў вайсковыя касмічныя праграмы, дзяржава пачала піяр подзвігаў амерыканскіх астранаўтаў, у тым ліку каманды «Апалона-2». Сваю ролю ў рэабілітацыі ідэі заваёвы космасу згуляў і пачатак эры шатлаў — шматразовых касмічных караблёў, першы з якіх запусцілі ў 1981 годзе.

У выніку настроі ў грамадстве пачалі мяняцца. Ужо ў 1989 годзе 67 працэнтаў амерыканцаў пазітыўна ставіліся да праекту «Апалон-2». Сёння палёт на Месяц, безумоўна, успрымаецца як адна з самых значных старонак амерыканскай гісторыі. Як, дарэчы, і эпоха 1970-х з яе феноменам негатыўнага ўспрыняцця касмічнай гонкі. Так ці інакш, менавіта тады, на хвалі ірацыяналізму, крытыкі тэхналагічнага прагрэсу, неарамантызму, узніклі новыя канцэпцыі тэхнікі (той жа інтэрнэт, персанальны кампутар і г.д.). З часам рэалізаваныя напрацоўкі 1970-х гадоў дазволілі чалавецтву зрабіць крок далёка наперад, у тым ліку і ў даследаванні космасу.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2014-08-05 16:49:39
2014-1969=45. А вы пішаце пра 55-ю гадавіну...
  • ВР
  • 2014-08-06 15:31:17
А, зразумеў, гэта такі тонкі тролінг з боку вядомага беларускага сатырыка Задорнушкіна: "ЗША гучна адсвяткавалі 55-ю гадавіну..." "Ну ту-пы-ыы-я амерыканцы".

Каментаваць