Народы Расіі выступаюць за захаванне нацыянальных моваў. А мы?

У Расіі ідзе, магчыма, вырашальны раўнд барацьбы малых народаў за захаванне сваіх моваў.

Фота www.svaboda.org

Чамусьці лічыцца, што ў топе нелаяльнасці расійскіх рэгіёнаў вядучыя пазіцыі займаюць каўказскія рэспублікі. Між тым, эпіцэнтр фронды супраць метраполіі трэба шукаць у тундры або сібірскай тайзе. Прынамсі ніводная каўказская рэспубліка не дазволіла сабе таго, на што адважылася днямі якуцкае кіраўніцтва.

Іл Тумэн — так называецца парламент Рэспублікі Саха (Якуція) — 13 чэрвеня на пленарным пасяджэнні разгледзеў федэральны законапраект пра добраахвотнае вывучэнне родных моў. Нагадаем, што той законапраект з’явіўся па выніках канфлікту ў Татарстане, дзе ў мінулым го­дзе бацькі рускамоўных вучняў выказалі пратэст супраць прынцыпу абавязковага вывучэння татарскай мовы. Ім супрацьстаяла татарская грамадскасць, якой сімпатызавала фракцыя мясцовай наменклатуры.

Кропку ў спрэчцы паставіў асабіста Уладзімір Пуцін. Летам 2017 года ён катэгарычна заявіў пра недапушчальнасць прымусу ў вывучэнні няродных моў. Пасля гэтага ўрокі татарскай мовы ў Татарстане і башкірскай мовы ў Башкартастане перасталі быць абавязковымі. Аднак частцы расійскага палітыкуму таго было замала. У красавіку гэтага года некалькі дэпутатаў Дзярждумы ўнеслі законапраект пра добраахвотнае вывучэнне родных моў ва ўсіх аўтаноміях. Цяпер дакумент разглядаецца ў рэгіянальных парламентах. І, як высвятляецца, ухвалення дакладна не будзе.

У прыватнасці, дэпутаты Дзяржсавета Татарстана выступілі супраць прапанаваных паправак. Сусветны Курултай башкір накіраваў спікеру Дзярждумы зварот з заклікам не разглядаць змены да закона «Аб адукацыі». Каардынацыйны савет адыгейскіх грамадскіх аб’яднанняў выказаў думку, што родныя мовы тытульных народаў — суб’ектаў РФ павінны заставацца дзяржаўнымі і вывучацца ў школах у поўным аб’ёме. Кіраўнік Інгушэціі запэўніў, што ўсе інгушскія вучні ў абавязковым парадку будуць вывучаць родную мову ў рэспубліцы. Дэпутат ад Чачні адклікаў сваё прозвішча са спісу ініцыятараў законапраекта. У інтэрнэце ідзе збор подпісаў пад патрабаваннем да дэпутатаў Дзярждумы ад Чувашыі скласці свае мандаты праз абыякавае стаўленне да моўнага закона.

Усе аматары родных моў — ці то Каўказ, ці то Паволжа — згодныя: вывучэнне роднай мовы ў неабавязковым парадку прывядзе да масавых адмоў ад яе вывучэння. Пасля будзе запушчаны наступны алгарытм: мова застанецца выключна ў побытавай сферы, што прывядзе да збяднення слоўнікавага запасу і да яе выцяснення з дзяржустаноў і публіцыстыкі. У канчатковым выніку такі трэнд закладзе маршрут да асіміляцыі цэлых народаў.

Аднак далей за ўсіх у крытыцы праекту пайшлі якуты. Па выніках згаданага вышэй абмеркавання большасцю галасоў дэпутаты якуцкага Іл Тумэна не пагадзіліся з асноўнымі палажэннямі праекта федэральнага закона. У заяве адзначаецца, што, згодна з артыкулам 26 Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі, яе грамадзянам гарантуецца права на карыстанне роднай мовай, на свабодны выбар мовы зносін, выхавання, навучання і творчасці.

Ці здолее Масква, а дакладней, ініцыятары законапраекту, праціснуць задуманы план? З улікам таго, што ў першым чытанні Дума ўжо прынцыпова падтрымала законапраект, падаецца, атрымаць фінальную большасць галасоў не складзе цяжкасці. Акрамя таго, не выключаюць, што за гучнай патрыятычнай патэтыкай мясцовых кіраўнікоў хаваецца асабісты інтарэс. На такой балючай для Крамля тэме, як міжнацыянальныя адносіны, можна заўжды выгандлеваць новыя субсідыі.

Да канца гатовая ісці выключна мясцовая грамадскасць. Але цяжка ўявіць, як яна практычна зможа байкатаваць рэалізацыю цыркуляраў Мінадукацыі. Настаўнікі, якія належаць да катэгорыі бюджэтнікаў, як правіла, намагаюцца трымацца падалей ад палітыкі.

Тым не менш, стыхійна арганізаваны шквал рэзалюцый і пратэстаў з месцаў прымусіў Крэмль занервавацца. У расійскай цэнтральнай прэсе ўсё больш публікацый, аўтары якіх заклікаюць адправіць законапраект на дапрацоўку. Ужо ёсць і фармальная падстава для такога рашэння — пастанова Грамадскай палаты Расіі. Там лічаць, што законапраект пра вывучэнне нацыянальных моў стварае высокую рызыку будучых канфліктаў, і прапануюць уладам заняцца карэкціроўкай дакумента. Напрыклад, мяркуецца, што рэспублікі змогуць пакінуць нацыянальныя мовы ў абавязковай частцы школьнай праграмы, але пры гэтым і рускай мове таксама будзе нададзены статус «роднай».

Відавочна, што такая юрыдычная фармулёўка можа мець самыя арыгінальныя палітычныя інтэрпрэтацыі. Асабліва ў кантэксце таго, што мовы паміраюць праз адсутнасць належнай падрыхтоўкі выкладання. У Расіі існуе 227 моў, падручнікі ёсць толькі для пяці, прыкладныя асноўныя адукацыйныя праграмы — для 13, адзначае «Независимая газета».

У любым выпадку, першую атаку на свае мовы малыя народы Расіі, падаецца, збольшага адбілі. Барацьба працягваецца.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць