Імператар інкаў

Прэзідэнтам Перу абраны Альянта Умала, актывіст руху, галоўны лозунг якога — адраджэнне імперыі інкаў.



Прэзідэнтам Перу абраны Альянта Умала, актывіст руху, галоўны лозунг якога — адраджэнне імперыі інкаў.

Ёсць пэўны сімвалізм у тым, што Альянта Умала ўваходзіць ва ўладу (інагурацыя прызначаная на 27 ліпеня) на фоне чутак наконт цяжкай хваробы Уга Чавеса. Апошні накіраваўся на Кубу ў госці да сябра Фідэля, аднак нечакана аказаўся на шпітальным ложку. Афіцыйныя крыніцы кажуць, што аперацыя прайшла добра. Пацыент імкліва ідзе на папраўку. Неафіцыйныя — прагназуюць хуткую смерць Уга. Нават калі разглядаць другі варыянт, амерыканцам, з якімі Чавес заўсёды быў на нажах, няма нагоды радавацца. Вахту лідара лацінаамерыканскай рэвалюцыі можа заступіць Альянта Умала.

Прычым у такім выпадку амерыканцаў будуць крытыкаваць не толькі за тое, што яны імперыялісты. Іх чакае абструкцыя, бо яны маюць белую скуру. Умала вядомы як аматар накірунку Еtnocacerismа — палітычнай дактрыны, якая выступае за адраджэнне дзяржавы інкаў (індзейцы называюць яе Tahuantinsuyo), знішчанай іспанскімі канкістадорамі ў XV стагоддзі.

Нягледзячы на тое, што стваральнікам канцэпцыі быў камуніст Ісаак Умала — бацька Альянта — ідэя Еtnocacerismа заснаваная на расавай тэорыі. Ісаак Умала патрабаваў перавагі для прадстаўнікоў індзейскай расы над прадстаўнікамі іншых, прынамсі на тэрыторыі Перу. Адпаведна аўтару канцэпцыі, выключна індзейцы маюць гістарычнае права кіраваць краінай. Іншыя пастулаты тэорыі ўключаюць неабходнасць знішчэння Чылі (адзіная лацінаамерыканская краіна, якая не інтэгравала індзейцаў, а знішчала іх, як, напрыклад, племя Арука), стварэння на тэрыторыі Балівіі, Перу і Эквадора, Калумбіі дзяржавы інкаў, легалізацыя спажывання лістоў культуры кокі, з якой робяць какаін, наданне мовы кечуа статусу дзяржаўнай, нацыяналізацыя ўсёй прамысловасці (як вядома, у старажытных інкаў не было інстытуту прыватнай уласнасці, усё належала імператару).

Культавай асобай сярод прыхільнікаў Еtnocacerismа з’яўляецца генерал Хуан Веласка Альварада — левы дыктатар, які кіраваў Перу ў 1968–1975 гадах. Таму сярод перуанскіх вайскоўцаў ідэі Еtnocacerismа вельмі папулярныя. Менавіта пад лозунгамі Еtnocacerismа Умала прыйшоў у палітыку, калі ў 2000 годзе спрабаваў разам з братам узняць мяцеж супраць Альберта Фухіморы. Выступ, хаця і няўдалы, зрабіў Умалу і яго брата героямі нацыі і зноў актуалізаваў стары лозунг ягонага бацькі: “volver al Tahuantinsuyo — вярнуцца ў імперыю інкаў.

Праціўнікі Умалы ахвотна абвінавачваюць яго ў індзейскім фашызме. Пэўныя паралелі тут сапраўды існуюць. Аднак не ў тым, што першапачаткова прыхільнікі Умалы, як і калісьці нацысты, хадзілі ва ўніформе (пазней і гэта забаранілі). Цяперашняе Перу — гэта эрозія дэмакратыі. Апошняя прэзідэнцкая кампанія стала таму добрай ілюстрацыяй. За парогам першага туру выбараў аказаліся ўсе кандыдаты ад партыйных структур. Сімпатыі электарату атрымлівалі тыя, хто шмат абяцаў. Усяму віной моцная карупцыя.

Зараз у прэсе шмат спекуляцый наконт таго, як Умала збіраецца вяртацца ў тую самую Tahuantinsuyo. Сама ідэя рэстаўрацыі імперыі інкаў выглядае, безумоўна, дзікунствам. Нават тое, што рабіў у 1970-я культавы сярод паслядоўнікаў Еtnocacerismа палітык Веласка Альварада, цяжка паўтарыць сёння.

Нагадаем, што Альварада, калі прыйшоў да ўлады, нацыяналізаваў практычна ўсе буйныя прадпрыемствы, перадаўшы іх пад кантроль аднаму дзяржаўнаму органу. У рамках ідэй Peruanismo, якая была абвешчаная дзяржаўнай ідэалогіяй, індзейцам дазволілі вывучаць іх мову ў пачатковых школах. У 1975-м Перу стала першай краінай на кантыненце, якая прызнала мову кечуа дзяржаўнай. Праўда, закон так і не быў рэалізаваны на практыцы. Новая канстытуцыя 1979 года дазваляе выкарыстоўваць кечуа там, дзе большасць насельніцтва размаўляюць на гэтай мове.

Спачатку дыктатар талерантна ставіўся да СМІ, большасць з якіх складалі левыя выданні, аднак закончылася ўсё дастаткова банальна: у 1974 годзе ўсе незалежныя або прыватныя рэдакцыі газет, радыё, тэлебачання былі нацыяналізаваныя, а іх уладальнікі дэпартаваныя.

Перу пры Альварада было вялікім сябрам СССР, які пастаўляў сюды зброю. Альварада заявіў пра намер вярнуць землі, захопленыя Чылі ў ІХ стагоддзі, і ўсур’ёз пачаў рыхтавацца да вайны. Па чутках, нават быў прызначаны дзень нападу — 5 кастрычніка 1975 года. У сваю чаргу, Піначэт патрабаваў ад Вашынгтону нанесці прэвентыўны ўдар па Перу. Аднак вайны не было, паколькі вайскоўцы, незадаволеныя крахам эканомікі, дабіліся адстаўкі генерала. Праз два гады ён памер. У знак падзякі за тое, што Альварада зрабіў для індзейцаў, тыя сем гадзін на руках насілі яго труну па сталіцы. Дарэчы, калі генерал даведаўся пра путч супраць яго, ён адмовіўся ад улады са словамі: “Перуанцы не павінны забіваць перуанцаў.

Палітыка Альварада ў часы глабалізацыі падобнае на нешта архаічнае. Не кажучы пра немагчымасць рэалізаваць рэваншысцкія патрабаванні на адрас Чылі. Максімум, на думку прэсы, што можна чакаць ад Умалы, нейкіх медыя-кампаній супраць чылійскіх фірм, якія працуюць у Перу. Нельга выключаць таксама дыпламатычных канфліктаў па лініі Санцьяга — Ліма.

Аднак немагчымасць практычнай рэалізацыі канцэпцыі “volver al Tahuantinsuyo не значыць, што Умала цалкам адмовіцца ад ксенафобскай на адрас крэолаў рыторыкі. Індзейцы складаюць палову насельніцтва краіны і з’яўляюцца моцным людскім рэсурсам. На думку прэсы, Умала паспрабуе праводзіць у гэтай галіне актыўную культурную палітыку, падобную на тую, што праводзіць у суседняй Балівіі Эва Маралес. Там індзейскі кампанент займае вялікае месца ў дзяржаўным працэсе. Дарэчы, Маралес лічыць, што індзейцы не вышэйшая раса над іншымі, а роўная з імі.

Еtnocacerismа таксама набывае новае дыханне ў прызме нераўнаважнага развіцця рэгіёнаў і метраполіі. У аб’ектыве крытыкі Умалы падчас выбараў трапілі не “беласкурыя паразіты, а “сталічныя паразіты. Маюцца на ўвазе жыхары Лімы, якія зарабляюць на парадак вышэй, чым правінцыялы. Умала нават выступаў пад слоганам: “Перу супраць Лімы і абяцаў у выпадку перамогі скараціць разрыў у заробках і стандартах дабрабыту паміж сталіцай і правінцыяй, дзе жывуць пераважна індзейцы.

Іншымі словамі, барацьба за адраджэнне імперыю інкаў, набываючы ўсё новыя формы, працягваецца.

Каментаваць