Імперыю выратуюць блазны

Як вядома, паэт у Расіі — больш чым паэт. Цяпер гэты афарызм, здаецца, тычыцца і артыстаў размоўнага жанру. Пасля выхаду на экраны фільма «Рурык. Згубленая Быль» вядомы сатырык Міхаіл Задорнаў стаў заўважнай фігурай на правым флангу расійскай палітыкі.



Цяпер цяжа дакладна сказаць, калі пачалася палітызацыя аўтара славутай гумарэскі пра 9-ты вагон і апавяданняў пра тое, што ўсе амерыканцы, у адрозненні ад рускіх, «тупыя».

Дарэчы, спачатку Міхаіл распавядаў пра тое, якія дурні рускія, але хутка зразумеў, што на байкі пра дурняў-амерыканцаў у Расіі попыт значна вышэйшы.

Паступова вечная тэма перавагі рускіх (дый славян наогул) над амерыканцамі перарасла ў нешта большае. Калі амерыканцы бамбавалі Бялград, у знак салідарнасці з Мілошавічам Задорнаў напісаў літару Х на амерыканскай візе ў пашпарце ў прысутнасці тэлекамер — і назаўжды ўласнаручна зачыніў сабе дарогу за акіян, чым, дарэчы, ганарыцца.

У сваіх інтэрв’ю і выступах ён пачаў часта выказваць пазіцыю па некаторых палітычных пытаннях. І зарэкамендаваў сябе як нацыяналіст, прычым дастаткова павярхоўны. Напрыклад, Задорнаў звязаўся з неапаганцамі і пачаў мусіраваць іх прыколы. Накшталт ідэі пра тое, што руская мова (і ў меншай ступені — іншыя славянскія мовы) лепш за ўсё захавала спадчыну прамовы, на якой калісьці размаўляла чалавецтва. Таму менавіта на аснове рускай мовы можна тлумачыць «спрадвечны сэнс» усіх слоў усіх моваў. Пры гэтым на аснове славянскіх моваў, па словах Задорнава, развілася маса іншых моваў (у тым ліку і англійская).

Ды што там англійская мова! Нават егіпецкія фараоны, адпаведна Міхаілу, размаўлялі па-руску. Вось тыповы ланцуг разваг Задорнава:  «Радасць» — корань «Ра», што значыць «сонечнае святло». Адсюль выснова — яшчэ ў Егіпце, дзе быў бог Ра, размаўлялі на мове Пушкіна.

Магчыма, на светапогляд Задорнава паўплывала яго прапіска. Ён жыве ў горадзе Юрмала, што ў Латвіі, аднак пры любым зручным выпадку не ўпускае магчымасці «наехаць» на Прыбалтыку, што лічыцца нармальным для тутэйшых рускамоўных. Таксама варта згадаць, што Задорнаў дзіка сімпатызуе Лукашэнку: «Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца ў Бацькі! Ведаеце, што ён нядаўна прыдумаў? Зладзіў для чыноўнікаў экскурсію ў турму і паказаў ім, як шмат там вольных камер», — распавядаў сатырык.

Нейкі час таму пісьменнік адкрыў для сябе новы жанр — гісторарычны. На рынак  выйшла кніга пра князя Рурыка. На яе базе, мяркуючы па ўсім, і быў створаны фільм, прэм’ера якога адбылася ў снежні. У двух словах стужка не пакідае каменя на камні на нарманскай тэорыі — гістарычная т. зв. нармандская канцэпцыя пра тое, што руская дзяржава ўзнікла дзякуючы варагам пад кіраўніцтвам шведа Рурыка, якога рускія запрасілі княжыць на Ладагу ў ІХ стагоддзі. Задорнаў лічыць, што легендарны Рурык быў не скандынавам, а князем палабскіх славян, якія жылі тады на тэрыторыі сённяшняй усходняй часткі ФРГ.  

Дзіўна, чаму Задорнаў зацікавіўся гэтай праблемай, паколькі пасля яе з’яўлення ў ХVІІІ стагоддзі навукоўцы сто разоў аспрэчылі ідэю нарманістаў. Усе аргументы бакоў даўно выказаныя і вядомыя кожнаму, хто хоць трохі цікавіўся праблематыкай.  Цяпер у асяроддзі спецыялістаў найбольш папулярная версія, якую прапанавалі ў 20-я гады марксісты: варажскі кампанент у Кіеўскай Русі прысутнічаў (пра гэта сведчаць скандынаўскія імёны княжацкай сям’і — Ігар, Вольга, Алег), аднак імпартам дзяржаўнасці на Русь прыход варагаў назваць нельга. Паводле археалагічных дадзеных, арабскіх і візантыйскіх хронік відавочна, што базавыя элементы дзяржаўных інстытутаў ва ўсходніх славян ў сярэдзіне ІХ  стагоддзя ўжо існавалі.  Даследаванасць праблемы дазваляе ўпэўнена казаць: няма ніякага істотнага значэння, да якой нацыі ці племені належаў Рурык. Нават калі гэта быў швед Эйрык або немец Ганс, ён прыехаў і адаптаваўся да існуючай на Русі сістэмы культуры і дзяржавы, а яго нашчадкі праз пакаленне цалкам растварыліся ў мясцовым асяроддзі.

Адказ на пытанне, нашто ж яму спатрэбіўся Рурык, Задорнаў тлумачыць напрыканцы фільма. Апрануты ў касаваротку, сатырык стаіць на фоне ўзыходзячага сонца і пафасна кажа: «Нам трэба вучыць гісторыю. Рускім трэба вучыцца быць рускімі. Сёння нас — славян — намагаюцца пасварыць заходнія суседзі: Расію — з Украінай, Расію — з Беларуссю. Таму мы і знялі фільм у памяць пра мудрых продкаў, якія дадумаліся аб’яднацца і заснаваць моцную непераможную дзяржаву».

Перад тым, каб зрабіць такую глабальную выснову, Задорнаў агучыў самыя вядомыя міфы рускага нацыяналізму. Іх у фільме безліч: рускія былі першапачаткова чысцей (у прамым сэнсе слова, паколькі мелі лазні), разумней, высакародней народаў, якія жылі па суседству. Гэта менавіта рускія заснавалі самыя буйныя еўрапейскія сталіцы, у прыватнасці Берлін, і наогул засялілі Еўропу. Самая кароны тэзіс аўтара фільму: русы — гэта «аўтарытэтная групоўка». Што тычыцца іншых народаў, то гэта адзіны негатыў. Калі верыць Задорнаву, нямецкія прафесара нават выкрадалі ў рускіх манастырах летапісы, у якіх апісвалася сапраўднае нацыянальнае паходжанне Рурыка.

Таму не дзіўна, што ліберальная прэса ацаніла карціну Задорнава як «дылетанцкі гімн дрымучаму ваяўнічаму шавінізму» (сайт Каспаров.ру). Аўтар рэцэнзіі Юрый Гладыш піша: «Слабыя маргінальныя розумы з радасцю пагодзяцца з тэзісам пра сваю першапачатковую нацыянальную выключнасць. Цяпер не трэба працаваць, вучыцца, думаць, рабіць навуковыя адкрыцці і ствараць вялікія творы мастацтва. Хай гэтым займаюцца "нізкія" нацыі. Мы першапачаткова лепш таму, што мы — рускія».

Гісторыкі звярнулі большую ўвагу на методыку Задорнаўскага даследавання. Адзін з іх, К. Жукаў, піша: «Здавалася, зняў кіно — і зняў. І добра... Не добра! Укараненне падобных прыёмаў працы, аналізу і разваг — гэта бомба ў свядомасць. У першую чаргу — моладзі, якая з'яўляецца галоўным спажыўцом такога кшталту прадуктаў. Што можа быць страшней за разбурэнне здольнасці да   сапраўднай рэфлексіі? Хоць ніякай рэфлексіі непадрыхтаваны чалавек з фільма вынесці не здолее. Толькі перакананасць, што навукі ў нас няма. І кожны сатырык ведае пра гісторыю куды больш за акадэмікаў-прафесіяналаў. І кожны, не прыкладаючы высілкаў, можа зрабіць тое ж самае. Не з нарманізмам  (даўно спачылым, свет яго праху) ваюе Задорнаў. З навукай ён ваюе! І метадам сапраўднага навуковага пазнання — самога, мабыць, каштоўнага, чаго дамаглася сучасная цывілізацыя».

Нарэшце, шмат выданняў пабачылі ў «Рурыку» звычайнае спрэчнае, аднак галоўным чынам забаўляльнае іранічнае кіно ў стылі Задорнава. Сайт «Вокруг ТВ» адзначае: «Нягледзячы на спробу аўтара стварыць сапраўды сур'ёзны фармат перадачы, фільм «Рурык. Страчаная быль» атрымаўся ў Задорнава залішне тэатральным — сатырык усё адно абраў звыклую для гледачоў манеру паводзін, выкарыстоўваў іранічныя інтанацыі і так любімыя ім рытарычныя пытанні».

Калі меркаваць па каментарах, мае рацыю Юрый Гладыш. Звычайная публіка на інтэрнэт-форумах рэагуе на твор Задорнава пастамі кшталту: «На жаль, мы, старэйшае  пакаленне, і нашы дзеці, выраслі на хлуслівай гісторыі, перапісанай чужакамі. І гэта  гісторыя і сфармавала некаторыя праблемы  ў нашым фенатыпе. Але генатып усё адно берэт сваё — мы разумныя і шчодрыя не толькі душой, адважныя, хоць вакол нас і шмат нелюдзяў» (radosvet.net).

Адным словам, папулярнасць Задорнава сярод часткі нацыяналістычнага электарату вырасла. Аднак, аказалася, не ўсё так проста. Шмат хто звярнуў увагу, што «нацыяналістычны» (а значыць, апазіцыйны) Задорнаў сваім прадуктам лёгка атрымаў пропуск на тэлебачанне, якое старанна кантралюе Крэмль. Гэта выклікала падазрэнне, што крамлёўскія паліттэхнолагі пачалі нейкую новую камбінацыю з нацыяналістамі. Некаторыя з правых лічаць, што ім метанакіравана навязваюць Задорнава ў якасці куміра, што лягчэй дыскрэдытаваць нацыяналісты рух. Тое, што Задорнаў — супярэчлівая фігура, відавочна. Дастаткова ўзгадаць, як у 2010 годзе ён заявіў пра тое, што ўсе кабеты ва Уладзівастоку падобныя да прастытутак, што выклікала масавыя пратэсты ў Прымор’і, і нават друк туалетнай паперы з выявай сатырыка.

Між тым, Задорнаў, здаецца,  плануе і далей уздымаюць свой статус ідэйнага лідара рускіх нацыяналістаў, эксплуатуючы тэму Рурыка. Цяпер ён задумаў зрабіць мастацкі фільм пра старажытнага князя. Вобраз апошняга, на яго думку, здольны раскрыць на экране папулярны акцёр Сяргей Бязрукаў.

Каментаваць