Мундыаль: ад А да Я

Журналісты польскай газеты «Sport» склалі ў алфавітным парадку спіс рэчаў і падзей, якімі найбольш запоўніўся еўрапейцам Чэмпіянат свету па футболе ў Паўднёвай Афрыцы. Прапануем некаторыя фрагменты футбольнай азбукі.

Афрыка



Журналісты польскай газеты «Sport» склалі ў алфавітным парадку спіс рэчаў і падзей, якімі найбольш запоўніўся еўрапейцам Чэмпіянат свету па футболе ў Паўднёвай Афрыцы. Прапануем некаторыя фрагменты футбольнай азбукі.

Афрыка


Галоўнае расчараванне чэмпіянату. Толькі адна каманда з Чорнага кантынента прайшла ў другі тур. Спартовы гонар выратавала Гана. Калі б ганская зборная не прайшла ў чвэрцьфінал, то для афрыканскага футболу гэта была б катастрофа. Цалкам магчыма, што FIFA пераглядзеў бы квоту прадстаўніцтва ад кантыненту на наступным чэмпіянаце. А так дзякуючы Гане, якая ледзь не прайшла ў паўфінал, інтрыга наконт рэсурсаў афрыканскага футболу ўсё ж засталася.

Блатэр Зеп

Гаворка не пра старшыню FIFA, так назвалі сабаку пароды тэр’ер, які ўвесь чэмпіянат лятаў на халяву на лініях мясцовай авіякампаніі «Kulula». Увогуле, лятаць павінен быў не сабака, а чалавек. Такі бонус вырашыла падараваць прэзідэнту FIFA згаданая кампанія ў знак падзякі за тое, што ён дабіўся правядзення турніру ў Паўднёвай Афрыцы. Аднак Зеп адмовіўся. Яго вырашылі замяніць сабакам. Па ходу чэмпіянату сабаку нават стварылі старонку на Facebook (tiny.cc/seppthedog).

Бяспека

Такой сістэмы бяспекі, як у ПАР, турысты з Еўропы яшчэ не ведалі. У кожным пакоі ў гатэлі была кнопка, якую трэба націскаць у выпадку рабавання. Звычайна пасля надыходу цемры людзі на вуліцы не выходзяць, і наогул, перасоўваюцца толькі на машынах. У гарадах практычна няма крамаў, а ўсе тавары набываліся ў гандлёвых цэнтрах, якія добра ахоўваюцца.

Вувузела

Відавочна, самая папулярная рэч падчас чэмпіянату. Гул, які выдавалі вувузелы, так дастаў грамадства, што на ўваходзе некаторых рэстаранаў у ПАР з’явіліся надпісы: «Прыносіць зброю і вувузелы забараняецца». Самае цікавае, што мода на гудзенне ў тыя трубы хутка выйшла за межы ПАР. Іх вялікімі партыямі імпартавалі ў Еўропу, дзе яны ўжо таксама паспелі шмат каму надакучыць. Напрыклад, дырэкцыя шэрагу стадыёнаў у ФРГ ужо забараніла пранос інструментаў на свае трыбуны. Яшчэ далей пайшлі ўлады Аб’яднаных арабскіх Эміратаў. Увоз у краіну вувезул і іх выкарыстанне лічыцца ў ААЭ адміністратыўным злачынствам.

Дарогі


Уся краіна злучаная 3–4-палоснымі аўтастрадамі. Аказваецца, у ПАР машыны — гэта нешта накшталт культу. Сям’я можа жыць у бараку з дзіравым дахам, аднак пры гэтым на двары будзе стаяць аўтамабіль апошняй маркі. Мясцовыя жыхары, якія прымалі ў сябе падчас турніру іншаземных турыстаў, часам нават набывалі для іх аўтамабілі.

Зіма

Чэмпіянат у Паўднёвай Афрыцы быў унікальным таксама з пункту гледжання сезону года. Упершыню Кубак свету адбыўся ва ўмовах зімы. Хаця афрыканская зіма цяплей нашай, аднак часам даводзілася апранаць курткі і шапкі. Больш за ўсё пакутавалі ад холаду варатары.

Зоркі рэкламы

Напярэдадні Кубка свету шмат кампаній вырашылі прасоўваць сваю прадукцыю за кошт футбалістаў, якія павінны былі яе рэкламаваць. Здаецца, ніколі яшчэ ў гісторыі футбалісты ў такой колькасці не былі запатрабаваныя на рынку рэкламы. Самае парадаксальнае, што на палях ПАР усе зоркі рэкламы поўнасцю праваліліся. Персанажы рэкламных ролікаў і білбораў не забілі нават ніводнага голу.

Кейптаун


Адно з галоўных адкрыццяў чэмпіянату для еўрапейцаў. Кейптаун не толькі самы еўрапейскі горад у Паўднёвай Афрыцы, аднак і багаты на культурнае жыццё. Не дзіўна, што 80 працэнтаў жыхароў Кейптауну ўвогуле ніколі ў жыцці не выязджалі з горада.

Кім Чэн Ір

Правадыр Паўночнай Карэі праявіў сябе і як арыгінальны футбольны стратэг. Любімаму кіраўніку (адно з афіцыйных прозвішчаў Кіма) не спадабалася, што падчас матчу з Бразіліяй каманда сканцэнтравалася на абароне. З П’хеньяну прыйшоў загад — у матчы з партугальцамі ісці наперад. Змена тактыкі мела эфект. Зборная КНДР прайграла 0–7.

«Kulula»

Папулярныя і самыя танныя ў ПАР авіялініі. Правілы пералёту на «Kulula» папросту шакіравалі турыстаў са Старога свету. Вось адна з абвестак на борце самалёту кампаніі: «Просьба да тых, хто выжыве ў выпадку катастрофы, не скідаць у адну кучу ногі і рукі мёртвых пасажыраў».

Лінія варотаў

Пасля таго, як англічанін Франк Лэмпард патрапіў у перакладзіну ў матчы Англія — Германія, мяч адскочыў і ўпаў за лінію варот. Чысты гол, аднак суддзя гэтага не заўважыў. Гэта гісторыя выклікала вялікі скандал і прымусіла FIFA заявіць, што ў футболе пачынаецца тэхналагічная рэвалюцыя. У снежні на канферэнцыі асацыяцыі будзе прынята рашэнне аб выкарыстанні кампутарнай тэхнікі падчас судзейства. Аднак пры гэтым футбольныя чыноўнік паведамілі, што 96 працэнтаў судовых рашэнняў на чэмпіянаце былі слушныя.

Марадона Дыега

Суперзорка чэмпіянату, які, праўда, на гэты раз выступіў у іпастасі трэнера. Дыега шмат пазіраваў, паліў сігары на трэніроўках, распавядаў эратычныя анекдоты. Усё яму даравалі да фатальнага матчу аргенцінцаў з немцамі. Цяпер рэпутацыя Дыега пад пагрозай.

McMundial

FIFA, як вядома, зарабляе на спартовых мерапрыемствах шалёныя грошы. Чэмпіянат у ПАР не быў выключэннем. Найбольш гэта праявілася ў сферы харчавання. Манапольнае права гандляваць прадуктамі ў раёне стадыёнаў было прададзенае кампаніі McDonald’s. Прычым плаціць можна было наяўнымі грашыма або карткамі Visa.

Нігерыйцы

Нігерыйцы для жыхароў заможных гарадоў ПАР — нешта накшталт каўказцаў для масквічоў. На іх, а таксама на эмігрантаў з Зімбабве, вешаюць адказнасць за большасць паўсядзённых злачынстваў. Нігерыйская мафія сапраўды трымае гандаль наркотыкамі, прычым гандлюе вельмі арыгінальна: нігерыйцы ловяць мінака і прапануюць набыць дозу. Калі не набудзеш — забяруць грошы.

Французская ганьба

Яшчэ напярэдадні Кубка свету прэса пісала, што Францыя не мае маральнага права гуляць на чэмпіянаце, паколькі прайшла ў склад яго ўдзельнікаў выключна за кошт гола, які Анры Т’еры забіў рукой. І СМІ мелі рацыю. Такой ганьбы, як у Паўднёвай Афрыцы, зборная яшчэ не бачыла. Акрамя паразы на полі, каманда перасварылася з трэнерам. Той, у сваю чаргу, спачатку спрабаваў падавіць бунт за кошт таго, што выганяў са зборнай гульцоў. Усё гэта назіралі 65 мільёнаў французаў. У выніку канфлікт паміж трэнерам і спартсменамі быў вымушаны вырашаць сам прэзідэнт Нікаля Сарказі.
 

Каментаваць