«Мы хочам новую краіну, а не новага прэм'ера»

Майдан гучна выказаў сваю незадаволенасць вынікамі перамоваў паміж апазіцыяй і Януковічам, якія адбыліся ўчора. Калі са сцэны прагучала, што лідарам апазіцыйных партый была зроблена прапанова прыйсці ва ўрад, мітынгоўцы адрэагавалі шматтысячным воклічам «Ганьба!».



Напярэдадні прыезду лідараў трох апазіцыйных партый да народу пасля перамоваў з прэзідэнтам на Майдане зладзілі вялікую вячэру — частавалі львоўскім куляшом і закарпацкім боргачам (мясцовая гарачая мясная страва). Ужо было вядома пра зробленую прэзідэнтам нечаканую прапанову. Усе разумелі, пра што гаворка, калі повар казаў: «Ешце, ещце. За здароўечка новага прэм'ера». Не ведаю, магчыма, ён проста іранізаваў.. Але нехта адказаў яму цалкам сур'ёзна: «Мы хочам новую краіну, а не новага прэм'ера». Чарга дружна яго падтрымала.

Пра саму прапанову стала вядома за дзве гадзіны да таго, як яе нарэшце агучылі са сцэны. Я тады грэўся каля бочкі з вогнішчам. Нейкі маладзён зачытаў яе з айфона і адразу крытычна пракаментаваў: «Здрадай пахне». Пажылы чалавек спрабаваў перавесці ўсё ў жарт: «Дык і няблага — будзе ў нас новы пункт абагрэву і начоўкі ў Кабміне». Тады людзі паўсміхаліся, але не на жарт разбушаваліся потым, калі пачулі, што апазіцыя не адмовілася ад прапановы, хоць яшчэ і не пагадзілася на яе. Шматтысячны вокліч «Ганьба!» вядучы змог спыніць толькі адным спосабам — заспяваўшы гімн. Калі б не знаходлівасць вядучага, пратэстоўцы маглі б пачаць штурм сцэны, настолькі моцным было абурэнне.

Што і чаму іх абурыла?

— Майдан не даваў мандату на гэтыя перамовы, наадварот, галасаваў за выхад з перамоўнага працэсу;

— Існавала дамоўленасць, што перамоваў за зачыненымі дзвярыма праводзіцца не будзе;

— Са сцэны не прагучала нічога пра адказнасць, якую мусяць панесці вінаватыя ў збіццях, выкраданнях, здзеках і забойствах;

— А як жа «патрабаванне № 1», то бок адстаўка Януковіча?  Цяпер ягоная кліка ўжо не банда, якую трэба «гэць»?

— Прэм'ер-міністр пры Януковічы не з'яўляецца самастойнай фігурай, дык што, апазіцыянеры будуць праводзіць яго палітыку?

— Сёння прызначыць, заўтра вызваліць ад пасады, а пратэстную хвалю незваротна саб'юць;

— Пры такой колькасці захопленых абласных адміністрацый у рэгіёнах і створаных народных органах улады, хіба не вар'яцтва аддаваць гэта за пасады?

Але самае галоўнае — украінцы вельмі моцна баяцца паўтору Аранжавай рэвалюцыі, якая абярнулася страшэнным расчараваннем. Таму цяпер яны рашуча настроеныя мяняць менавіта краіну, а не палітыкаў. 

Абмеркаванне:

  • Агей
  • 2014-01-26 17:36:01
Зміцер, мо варта было б глянуць, а чым жыве Кіеў, той, што вакол Майдана? Хлеб пякуць, дзяцей вучаць, тэатры працуюць?
  • Будзімір
  • 2014-01-26 23:18:34
Так, хлеб пякуць, дзяцей вучаць, тэатры працуюць. Ды тут далёка хадзіць не трэба, каб паглядзець на "мірнае жыццё", яно зусім побач. І нават на самім Майдане - пілуюць дровы, гатуюць
ежу, прыбіраюць смецце і г.д.
  • Ольга
  • 2014-01-26 19:19:21
У автора явно видно сочувствие к радикалам. Поздравляю.

Вот вы и консолидировались с силами зла, больше всего боящимися повтора "оранжевой революции".



Браво, вывод очень оригинален: миром и любовью ничего не решить.
  • Карчмар
  • 2014-01-26 21:12:30
Радыкалы характарызуюцца і тым, што не чакаюць, калі на гары рак свісне, а стараюцца нешта рабіць...
  • Будзімір
  • 2014-01-26 23:05:04
Вольга, я пішу не пра сваё стаўленне да Аранжавай рэвалюцыі, а пра настроі мітынгоўцаў. І гаворка ідзе не пра стаўленне да самой рэвалюцыі, а пра яе вынікі, пра тое, якім чынам яна была выкарыстаная
палітыкамі.
  • Ольга
  • 2014-01-26 23:20:27
Если результаты даже Оранжевой революции были использованы политиками, то результаты насильственной революции будут еще круче использоваться. Как было с революцией февральской, октябрьской и
последовавшей за ними террором.
  • Нюра
  • 2014-01-27 19:10:38
Яны намагаюцца не прэм'ера змяніць, а краіну. А мы ні аднаго, ні другога не жадаем. Нам усё добра. Мы цярплівыя. Як і запаведаў Бог!

Каментаваць