МЗС Украіны: Расія напала на нас, бо не была пакарана за Грузію


Расія выбрала сваёй мішэнню Украіну, таму што не атрымала дастаткова жорсткай і адназначнай рэакцыі міжнароднай супольнасці на агрэсію супраць Грузіі.

Малюнак з сайта www.eg.ru


Пра гэта гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Украіны, прысвечанай восьмай гадавіне з дня распачацця Расіяй вайны супраць Грузіі, у выніку якой пад расійскай акупацыяй апынулася значная частка тэрыторыі суверэннай краіны, паведамляе “Украінская праўда”.

"Не атрымаўшы дастаткова жорсткай і адназначнай рэакцыі міжнароднай супольнасці на агрэсію супраць Грузіі, Расія абрала наступнай мішэнню Украіну", — заявілі ў МЗС.

"Акупацыя рэгіёнаў Грузіі, Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Севастопаль, а таксама расійская агрэсія на Данбасе, якая не спыняецца і зараз, сведчаць пра тое, што Расія працягвае груба парушаць Статут ААН, міжнароднае права і свае міжнародныя абавязацельствы і ўяўляе пагрозу міру і бяспецы на ўсёй еўраатлантычнай прасторы", — лічаць у ведамстве.

"Украіна пацвярджае павагу дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі ў межах яе міжнародна прызнаных межаў і заклікае міжнародную супольнасць кансалідаваць намаганні і ўзмацніць ціск на Расію да поўнага спынення агрэсіі супраць дзяржаў-суседзяў", — сказана ў заяве.




Каментаваць