МЗС Расіі адмаўляе, што "прапрацоўвае" пытанне забароны паездак у Еўропу

«Інтэрфакс» ануляваў навіну пра забарону паездак у Еўропу, паведамляюць "Ведомости".



Фота «Россия сегодня»


"Інтэрфакс" і іншыя інформагенцтвы першапачаткова цытавалі словы Алега Сырамолатава, якога спыталі, ці магчымая забарона паездак у Еўропу ў сувязі з тэрактамі ў Парыжы. "Забарона ўводзіць не Міністэрства замежных спраў, а прэзідэнт. Цяпер пакуль пра гэта гаворкі не ідзе. Але пытанне прапрацоўваецца", — адказаў чыноўнік. Аднак пакуль, паводле яго слоў, сітуацыя не вымушае прыпыніць авіязносіны з еўрапейскімі краінамі, "бо агульны ўзровень авіяцыйнай бяспекі як у нас, так і ў Еўропе, дастаткова высокі".

Затым навіна аб "прапрацоўцы пытання" наконт магчымасці забараніць паездак у Еўропу "Інтэрфакс" ануляваў, адзначаюць "Ведомости". У падпісных стужках прайшла просьба ануляваць гэтае паведамленне і дачакацца навіны ў іншай рэдакцыі. На сайце з'явілася паведамленне, што па старым адрасе такой навіны больш няма. У адкрытай стужцы засталася навіна, што Сырамолатаў на гэты момант не бачыць прычын для абмежавання авіязносін з Еўропай.

На сайце ТАСС засталося паведамленне з цытатамі намеснік міністра: "Не МЗС уводзіць (рэкамендацыі), прэзідэнт Расіі прымае рашэнне. Цяпер пакуль пра гэта размова не ідзе", "але пытанне прапрацоўваецца, натуральна" і "Пакуль абстаноўка гэтага не вымушае, агульны ўзровень авіяцыйнай бяспекі ў нас, і ў Еўропе дастатковы".

Прадстаўнік МЗС Марыя Захарава сказала, што ніякіх абмеркаванняў па абмежаваннях на выезд расіян за мяжу не вядзецца: "Як сказаў намеснік міністра замежных спраў па супрацьдзеянні тэрарызму Алег Сырамалотаў, гэтым пытаннем МЗС не займаецца і ніякага абмеркавання абмежаванняў, звязаных з паездкамі расейцаў за мяжу, не вядзецца", — заявіла афіцыйны прадстаўнік міністэрства Марыя Захарава, паведамляе ВВС. Марыя Захарава адзначыла, што на сайце МЗС размешчаны рэкамендацыі па наведвання тых або іншых краін, звязаныя "з ўнутрыпалітычнай сітуацыяй у асобных дзяржавах". Аднак гэтыя рэкамендацыі не з'яўляюцца забаронай на выезд у згаданыя краіны.

Прэзідэнт Уладзімір Пуцін сваім указам часова забараніў з 6 лістапада паветраныя перавозкі паміж Расіяй і Егіптам.

Нагадаем, МЗС таксама абверг, што адбывалася абмеркаванне планаў па выязных візах. У пятніцу, 13 лістапада, намеснік старшыні камітэта па канстытуцыйным заканадаўстве, кіраўнік юрыдычнай службы КПРФ Вадзім Салаўёў заявіў радыёстанцыі "Говорит Москва" аб тым, што магчымасць увядзення выязных віз абмяркоўваецца ў выглядзе інструктажу перад паездкай за мяжу. У Дзярждуме не абмяркоўвалася магчымасць увядзення выязных віз для расіян, паведаміла ТАСС. Пра гэта заявіла высокапастаўленая крыніца ў Міністэрстве замежных спраў Расіі: "Ніякіх планаў аб нейкіх "выязных візах" ніколі не абмяркоўвалася, пра што МЗС РФ тут жа заявіў, — і абмяркоўвацца не можа", — сказала крыніца.

Каментаваць