На далёкай Амазонцы…

Імпічмент бразільскага прэзідэнта выклікаў цяжкі палітычны крызіс у самай вялікай краіне Лацінскай Амерыкі, правакуючы канвульсіі па ўсім кантыненце.


Пра бразільскую Партыю працоўных (PT) мне ўпершыню давялося пачуць на пачатку 1990-х на пасяджэнні суполкі свабодных прафсаюзаў. Тады з Бразіліі прыйшла навіна пра тое, што мясцовыя прафсаюзы стварылі там сваю партыю, якой кіруе герой барацьбы з дыктатурай металіст Луіс Лула да Сільва, які ў дадатак мае шансы стаць прэзідэнтам. Бразільскі прыклад быў настолькі заразным, што недзе ў 1993 годзе і ў Беларусі паўстаў аргкамітэт аналага PT. Пасля 1994-га, па зразумелых прычынах, пра ідэю давялося забыцца.


Тэма бразільскіх лейбарыстаў нечакана ўсплыла ў беларускіх СМІ ў студзені 2011 года дзякуючы інаўгурацыі Лукашэнкі. Прымаць прысягу будучы гарант ехаў па амаль пустых вуліцах, адкуль міліцыянты на ўсялякі выпадак прыбралі транспарт і мінакоў. Як пісала заходняя прэса, на фоне масавых святаў і карнавалаў, якія праходзілі ў гэты час у Бразіліі з нагоды абрання Дзілмы Русэф — пераемніцы Лулы да Сільва — на пасадзе прэзідэнта, «вымерлы» Мінск выглядаў падазрона, быццам «усенароднаабраны» быў зусім не ўсенароднаабраным.


Сёння высвятляецца, што з электаральнымі перамогамі PT не ўсё так ідэальна. Ёсць думка, што кіраўнікі партыі запазычалі грошы ў дзяржбанках і дзяржкампаніях на пакрыццё бюджэтнага дэфіцыту. Такім чынам яны хацелі схаваць маштабы эканамічных праблем краіны і павысіць шанцы PT на электаральныя перамогі. Зараз прэзідэнт адхіленая ад пасады — для пачатку на 180 дзён. Затым лёс Русэф будзе вырашаны канчаткова. Калі Дзілму Русэф здымуць з пасады, краінай будзе кіраваць 75-гадовы віцэ-прэзідэнт Мішэль Тэмер, які ўжо сфармаваў новы кабінет міністраў, і нават абвясціў яго доўгатэрміновую праграму.


Навіна пра імпічмент Дзілмы Русэф прыйшла ледзь не паралельна сесіям першага сусветнага антыкарупцыйнага форуму ў Лондане. Нягледзячы на добры бразільскі прыклад таго, што з гідрай карупцыі змагацца можна, і прычым на самым высокім узроўні, ніякай эйфарыі ў свеце гэтае паведамленне не выклікала. Пра што сведчыць тон вядучых сусветных медыя: «Бразілія адчыніла партал у невядомае» (Le Monde), «Неразумныя дзеянні» (Süddeutsche Zeitung), «Тэндэнцыя, якая пагражае дэмакратыі на ўсім кантыненце» (New Times).


Такія ацэнкі, пэўна, менш за ўсё звязаныя з заявамі Русэф пра тое, што яна стала «ахвярай фарсу», а яе імпічмент — «дзяржаўны пераварот». Большасць каментатараў дапускаюць, што ў апараце РТ хапае карупцыянераў. Напрыклад, яшчэ напярэдадні Чэмпіянату свету па футболе–2014 у Бразіліі планавалася, што ў краіне з’явіцца хуткасная чыгунка, якая звяжа гарады, дзе будуць праходзіць футбольныя матчы мундыялю. Пад гэты праект былі вылучаныя шматмільённыя сумы. У выніку грошы зніклі, і ні адзін участак той хуткаснай дарогі не быў пабудаваны.


Аднак у справе Русэф існуюць дадатковыя фактары, якія прымушаюць глядзець на яе пад іншым ракурсам. Па-першае, ёсць шмат спрэчных з прававога пункту гледжання абставінаў. Напрыклад, няма адназначнага адказу на пытанне, ці ёсць карупцыяй умяшанне прэзідэнта ў бюджэтны працэс у прэзідэнцкай па форме дзяржаўнага ладу краіне? Ці можна абвяшчаць імпічмент на базе доказаў, якія былі сабраныя незаконным шляхам? І гэтак далей.


Самае галоўнае пытанне: наколькі легітымны новы ўрад? «Новыя кіраўнікі не былі абраныя, але іх улада лічыцца законнай. Ці з’яўляюцца ў такім выпадку 54 мільёны галасоў, якія на выбарах атрымала Русэф, несапраўднымі?» — здаецца пытаннем нямецкая «Tageszeitung». Сапраўды, тыя, хто прыйшоў на месца Дзілмы Русэф, не гараць жаданнем праводзіць датэрміновыя выбары. І ў чымсьці логіка такіх намераў зразумелая: рэйтынг Мішэля Тэмера зараз складае тры працэнты.


Не выклікае ў свеце даверу і маральны вобраз лабістаў імпічменту Русэф. «Нам прапанавана шоў, калі тыя, хто абвінавачвае, самі вінаватыя і не менш карумпаваныя, чым тыя, каго вінавацяць у карупцыі», — піша французская «Le Monde». 40 працэнтаў сяброў дэпутацкага корпусу, які абвясціў імпічмент кіраўніцы Бразіліі за карупцыю, паводле выдання, самі давалі або бралі хабары.


Важны момант справы з імпічментам тычыцца балансу дзейнасці адміністрацыі Лулы — Русэф за 13 гадоў знаходжання РТ ва ўладзе. Так ці інакш, яны запусцілі шмат сацыяльных праграм па падвышэнню ўзроўню жыцця самых бедных слаёў насельніцтва. За час кіравання РТ узровень беднасці ў Бразіліі скараціўся з 21 да 6 працэнтаў.


Адхіленне аўтараў сацыяльных рэформаў ад улады нагадала бразільцам адну сумную старонку мінулага. Менавіта пасля анонсу шырокіх сацыяльных пераменаў у 1964 годзе быў зрынуты са сваёй пасады дэмакратычна абраны прэзідэнт Жуан Гуларт. У выніку ў краіне паўстала вайсковая адміністрацыя, супраць якой, дарэчы, мужна змагаліся і Лула да Сільва, і Дзілма Русэф. Гістарычныя паралелі даюць для прапагандыстаў PT падставу спекуляваць на тэме пагрозы вяртання дыктатуры.


Тэма перавароту і дыктатуры вельмі важная для палітычнага дыскурсу Лацінскай Амерыкі, якая толькі 20 гадоў таму, падавалася, нарэшце канчаткова стала на шлях дэмакратыі. На знак пратэсту супраць імпічменту шэраг краін ужо адклікалі сваіх паслоў з Бразіліі. Сваю ролю ў канспіралагічнай істэрыі гуляе кампрамат з Wikileaks, паводле якога Тэмер быў інфарматарам амерыканскай разведкі. У сваю чаргу новы міністр замежных спраў заявіў, што разглядае адкліканне паслоў як спробу ціску на легітымную бразільскую ўладу.


Палярызацыя прававых ацэнак падзей, рост палітычнай напружанасці і адсутнасці даверу да палітыкаў пагражае краіне не толькі палітычным патам. «Бразілія знаходзіцца на парозе як палітычнага, так і нават цывілізацыйнага крызісу», — піша французская «Liberation». Маецца на ўвазе ў тым ліку імклівы марш інфекцыі Zikа. Паралюш бразільскай дзяржаўнай, і, як следства, сацыяльнай сістэмы, можа пашырыць маштаб распаўсюду хваробы, якой у краіне ўжо хварэюць прыкладна 120 тысяч чалавек.


Пакуль што сцэнары выхаду Бразіліі з крызісу незразумелыя. Зразумела толькі тое, што яшчэ месяц такога раздраю — і летняя алімпіяда, якая павінна адбыцца ў Рыа-дэ-Жанейра, апынецца пад пагрозай.




Каментаваць