На экране «Валынь»

У Польшчы на мінулым тыдні на шырокія экраны выйшла нашумелая кінастужка рэжысёра Войцеха Смажоўскага «Валынь», якую ў Кіеве адразу назвалі анатоміяй нянавісці да ўкраінцаў.


Дарэчы, у дзень выхаду ў пракат стужкі адзначыў свой дзень народзінаў Уладзімір Пуцін. Некаторыя ў сувязі з гэтым жартавалі, што «Валынь» стала для яго лепшым падарункам, паколькі відавочна не спрыяе ўкраінска-польскаму дыялогу.

У цэнтры сюжэта фільма лёс дзяўчыны Зосі і яе ўкраінска-польскай сям’і, якая трапіла ў эпіцэнтр трагічных падзей на Валыні ўлетку 1943 года — этнічную чыстку польскага насельніцтва з боку ўкраінскіх нацыяналістаў, калі было забіта, паводле розных ацэнак, ад 30 да 60 тысяч чалавек. У апагеі карціны польскую вёску, дзе жыве Зося, атакуюць украінцы, які не грэбуюць спаленнем жывых людзей, у тым ліку немаўлят, пад заклікі: «Слава Украіне!» Тым не менш, Зосі з дзіцём удаецца збегчы…

З улікам таго, што рэжысёр «Валыні» мае мянушку «Таранціна» за імпэт да эфектных сцэнаў, не дзіўна, што кадры пагрому сапраўды шакуюць. Нездарма адно з украінскіх выданняў баіцца, што «сцэны спалення дзяцей і старых так урэжуцца палякам у памяць, што на доўгі час заменяць акадэмічныя даследаванні».

Тое, што фільм не абыдзецца без крывавых сцэн з удзелам украінскіх нацыяналістаў, было вядома ад самага пачатку здымкаў. Таксама было зразумела, што такі падыход не спадабаецца нікому. У стужцы актыўна ўказваецца, што пагромы мелі сіметрычны характар з двух бакоў, а сама глеба для канфлікту была створаная перадваеннай палітыкай Варшавы на асіміляцыю Крэсаў.

Аўтар не праігнараваў тэзісы ўкраінскіх гісторыкаў. У сваім кінатворы Смажоўскі паказвае праявы польскага шавінізму ў Заходняй Украіне да 1939 года. На экране глядач таксама ўбачыць і ўкраінцаў, якія дапамагаюць галоўнай гераіні ратавацца ад пагромшчыкаў. Адзін з іх — партызан Украінскай Паўстанцкай Арміі (УПА), які хавае Зосю, каб у выніку стаць ахвярай польскіх партызанаў. Увогуле, для рэжысёра гэта фільм не пра канфлікт паміж народамі, а пра каханне ў трагічныя часы гісторыі.

Аднак спробы гуляць у паліткарэктнасць аказаліся марнымі. У Кіеве фільм усё роўна прызналі антыўкраінскім. «Што аўтар хацеў сказаць гэты фільмам? — задае сама сабе пытанне журналістка выдання «КП в Украине». І адказвае: — Хацеў у чарговы раз паказаць, што мы вінаватыя ва ўсім, а яны ахвяры? Каб людзі сталі асацыяваць трызуб, сіне-жоўты сцяг і лозунг «Слава Украіне!» з жорсткімі нацыяналістамі, якія здзекаваліся з іх продкаў?»

Пра тое, што фільм мае моцны антыўкраінскі імпульс, на думку ўкраінскіх СМІ, сведчыць і рэакцыя аўдыторыі. Літаральна па слядах прэм’еры «Валыні» ў Польшчы быў зафіксаваны выпадак разбурэння пахаванняў байцоў украінскіх нацыяналістычных фармаванняў. Паводле падлікаў украінскага Інстытута нацыянальнай памяці, гэта ўжо дзясяты выпадак знішчэння пахаванняў украінцаў у Польшчы пасля таго, як пытанне валынскай трагедыі набыло актуальнасць. Нагадаем, што ў ліпені польскі Сейм нават прызнаў тыя падзеі «генацыдам палякаў».

Аднак нельга казаць, што фільм выклікаў толькі крытычныя ацэнкі. Кіеўскае інтэрнэт-выданне «Европейская правда» знайшла ў «Валыні» шмат пазітыву. «Цяпер ва ўкраінскіх палітыкаў, гісторыкаў, журналістаў ёсць шанец даць спакойны, аргументаваны адказ, які выслухаюць. Па-другое, дзякуючы фільму Смажоўскага, простыя ўкраінцы змогуць лепш даведацца пра тое, што турбуе іх польскіх суседзяў. Па-трэцяе, сам факт з’яўлення ў шырокім пракаце такой стужкі выб’е аргумент з рук польскіх крайніх правых, якія ў апошнія гады актыўна раскручвалі тэзіс, быццам тэма Валыні адсутнічае ў польскай публічнай прасторы», — піша выданне. Напрыканцы сваёй рэцэнзіі яе аўтар заклікае паказаць «Валынь» як мінімум па ўкраінскім тэлебачанні.

Згодныя з гэтым і польскія медыя. Выданне «Wsieci», напрыклад, сцвярджае, што Смажоўскі сваім фільмам узарваў міну, моцнасць якой з часам толькі ўзрастала, і, калі б не фільм, рэха выбуху той міны магло быць вельмі гучным.

Блізкія да ўкраінскай апазіцыі выданні спадзяюцца, што «Валынь» прымусіць урад у Кіеве падкарэктаваць новыя канцэпцыі афіцыйнай гістарыяграфіі. Яны, як правіла, грунтуюцца на гларыфікацыі радыкальных нацыяналістаў, якія маюць у суседніх народаў адмоўны імідж. Нагадаем, што яшчэ не забыўся скандал вакол выступу прэзідэнта Ізраіля ў Вярхоўнай Радзе, які абвінаваціў нацыяналістаў у масавых забойствах яўрэяў у часы вайны. Афіцыйныя ўкраінскія гісторыкі кінуліся аспрэчваць удзел нацыяналістаў у Халакосце, што выклікала занепакоенасць сярод яўрэйскай і еўрапейскай грамадскасці.

Найбольш брутальныя прагнозы наконт наступстваў «Валыні» выдаюць расійскія СМІ. «РИА Новости» не выключае, што «барацьба двух варыянтаў нацыянальнай памяці выплюхнецца на побытавы ўзровень. Тады будуць магчымымі не толькі вострыя і бесстароннія славесныя выбрыкі, але і выпадкі фізічнага ўздзеяння».

Ці сапраўды мастацкі фільм здольны сапсаваць украінска-польскія адносіны да стану фізічных разборак, распавядае ў сваім каментары НЧ кіеўскі журналіст Юрый Палянін:

Я не думаю, што стужка «Валынь» усур’ёз паўплывае на цяперашнюю атмасферу адносінаў. Не так даўно ў Польшчы выйшаў палітызаваны фільм «Смаленск» з гучнай версіяй пра датычнасць Масквы да забойства польскага прэзідэнта Леха Качыньскага. Ужо цяпер пра «Смаленск» усе забыліся. Тое ж самае чакае і «Валынь», якая проста згубіцца ў кінарэпертуары. Значна больш «таксічная» для адносінаў з Польшчай — нарастаючая напружанасць на польскім працоўным рынку, дзе ўжо зараз паўтара мільёна ўкраінцаў, і колькасць мігрантаў праз крызіс украінскай гаспадаркі толькі расце. Шмат хто з іх нелегальна дэмпінгуе на рынку працы, стымулюючы побытавую антыўкраінскую ксенафобію значна мацней, чым стужкі накшталт «Валыні».



Каментаваць