На возеры ў Карэліі загінулі 11 дзяцей і адзін дарослы

Падчас лодачнага турпахода на возеры ў Карэліі загінулі 11 дзяцей і адзін дарослы,  паведаміў прадстаўнік Следчага камітэта РФ Уладзімір Маркін.
Возера Сямозера, фота lakes-of-world.ru

Возера Сямозера, фота lakes-of-world.ru



Лёс чатырох чалавек застаецца невядомым, паведамляе ТАСС з са спасылкай на прэс-службу ўпраўлення МНС Расіі па рэспубліцы.

«Праводзіцца выратавальная аперацыя. 36 чалавек выратаваны: 25 знаходзяцца на востраве, яшчэ 11 — у пасёлку Кудама. Лёс чатырох чалавек невядомы», — цытуе агенцтва начальніка прэс-службы ўпраўлення.

Як высветліла папярэдняе расследаванне, у суботу адпачывальнікі дзіцячага аздараўленчага лагера «Парк-Гатэль Сямозеро» адправіліся на трох лодках у турпаход па возеры Сямозера і патрапілі ў шторм.

На трох лодках знаходзіліся 47 дзяцей і чацвёра дарослых інструктараў.

Дзве лодкі з-за ўзніклай непагадзі перакуліліся.

Як паведаміў у сваім «Твітэры» дзіцячы амбудсмэн Павел Астахаў, «наймацнейшы шторм раскідаў лодкі». Ён таксама адзначыў, што выжыць удалося дзецям, якія былі ў выратавальных камізэльках.

Але пазней гэтая версія была абвергнутая. Усе турысты, якія трапілі ў шторм на карэльскім возеры Сямозера, мелі пры сабе выратавальныя камізэлькі. Пра гэта «Інтэрфаксу» паведаміў Андрэй Арэханаў, кіраўнік Эссойльскага сельскага селішча, на тэрыторыі якога знаходзіцца дзіцячы лагер.

«Усе загінуўшыя і выратаваныя былі ў выратавальных камізэльках. Мабыць, яны захлынуліся або загінулі ад пераахаладжэння», — сказаў ён.
Паведамляецца, што на лодках ў асноўным былі падлеткі ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў, якія праводзілі ў Карэліі летнія вакацыі.

Мясцовая прэса паведамляе, што школьнікі і суправаджаючыя іх дарослыя адправіліся ў падарожжа па возеры, нікога не папярэдзіўшы.

Следчы камітэт Расіі ўзбудзіў крымінальную справу па артыкуле (ч. 3 арт 238 КК РФ) «Аказанне паслуг, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх і больш асоб».

ТАСС паведамляе, што адзін з інструктараў затрыманы, з ім працуюць следчыя.

У пракуратуры Карэліі распавялі пра даўнія прэтэнзіі да парк-гатэлю «Сямозера».  Пра гэта крыніца ў ведамстве распавёў радыёстанцыі «Гаворыць Масква» ў нядзелю, 19 чэрвеня.

Паводле яго слоў, комплекс і раней трапляў у поле зроку праваахоўных органаў з-за «парушэнняў санітарных нормаў па харчаванню і пражыванню».



Каментаваць