На Львоўшчыне затрымалі двух расейцаў з выбухоўкай

Двух грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія падазраюцца ў намеры выкрасці львоўскага бізнэсмэна, затрымалі ў Львове, — паведамляе ўкраінскі "5 канал".



На працягу двух тыдняў расейцы знаходзіліся на тэрыторыі Львоўшчыне і сачылі за патэнцыйным закладнікам. Падчас допыту затрыманыя прызналіся, што за выкраданне чалавека павінны былі атрымаць каля мільёна долараў.

 

Следчыя органы разглядаюць і іншую версію — у прыватнасці, наўмысную дэстабілізацыю сітуацыі на Львоўшчыне арганізаванай групай людзей. Бо пры аглядзе аўтамабіля, які належыць аднаму з затрыманых, работнікі праваахоўных органаў канфіскавалі — трацілавую шашку, электрадэтанатар і боепрыпасы. "У іх канфіскаваныя мабільныя тэлефоны, сродкі сувязі, правяраюцца месца, дзе яны пражывалі, бо два тыдні яны тут хадзілі, ездзілі, магчыма і кантактавалі з іншымі людзьмі", — паведаміў Уладзімір Брездзень, першы намеснік пракурора ў Львоўскай вобласці.

 

Зараз падазроныя знаходзяцца ў СІЗА, ім пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Каментаваць