На што пакрыўдзілася Астана

У Казахстане, напэўна ў першыню ў гісторыі, улада выступіла арганізатарам кампаніі супраць імперыялістычнай рыторыкі расійскіх палітыкаў. Казахскі інтэрнэт ніколі так негатыўна і ганебна не пісаў пра Пуціна.



Казахі не могуць зразумець, і часам нават прабачыць Пуціну сказанага на возеры Селігер: «Ён [Назарбаеў] зрабіў унікальную рэч. Ён стварыў дзяржаву на тэрыторыі, на якой ніколі дзяржавы не было». Далей Пуцін пахваліў філасофію «еўразійскай ідэі» і заявіў, што казахі яе падтрымліваюць і бачаць выгаду ў тым, каб «заставацца на прасторах вялікага рускага свету».

Трэба адзначыць, што гэта не першы выпад расійскіх палітыкаў, але на гэты раз Астану, што называецца, дастала.

Казнэт і казахскія СМІ адкрыта разважаюць пра пагрозу з поўначы, падазраючы, што пуцінскае геапалітычнае бачанне «вялікай Расіі» адлюстроўвае скандальны артыкул Аляксандра Салжаніцына 1990 года, у якім ён пісаў пра неабходнасць анексіі Паўночнага Казахстану. Дэпутаты казахскага парламента ў першы дзень сесіі падверглі крытыцы заявы расійскага палітыка Уладзіміра Жырыноўскага, у якіх гучаць тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Казахстана. Нарэшце, Назарбаеў публічна дапусціў магчымасць выхаду Казахстана з працэсу еўразійскай інтэграцыі. «Астана ніколі не будзe ў складзе арганізацый, якія ўяўляюць пагрозу незалежнасці Казахстана», — цытуюць СМІ Нурсултана Назарбаева.

А маладыя нацыяналісты арганізавалі флэшмоб "Дашлі падручнік Пуціну", даючы зразумець, што яму трэба падвучыць этапы гісторыі казахскай дзяржаўнасці, якая паўстала задоўга да 1991 года. "Нашы продкі мелі свае дзяржаўныя ўтварэнні, якія задоўга да гістарычнай Расіі кантактавалі, гандлявалі, а ў шэрагу выпадкаў і ваявалі з многімі «гістарычнымі» народамі і цывілізацыямі. Сказаць такому народу, такой нацыі, што ў цябе не было «гісторыі», не было дзяржаўнасці, у лепшым выпадку — невуцтва, у горшым, як ужо было адзначана, абраза", — лічаць арганізатары акцыі.

Такая рэакцыя казахаў на сентэнцыю Пуціна выклікала шок у Расіі. Нейкі час выбух русафобіі сярод казахаў спісвалі на дзейнасць украінскіх СМІ, якія, быццам, наўмысна падрываюць адзінства ў лагеры Мытнага саюза. Трошкі пазней Масква змяніла тактыку. Шэраг маскоўскіх палітолагаў прызналі, што Пуцін у чымсьці памыліўся.

Напрыклад, маскоўскі палітолаг Андрэй Куртаў прызнае, што расійскі прэзідэнт дапусціў шэраг недакладнасцяў: «Пуцін усё ж — не доктар гістарычных навук. Усё ж няправільна адмаўляць дзяржаўнасць Казахстана ў савецкім перыядзе — гэта была дзяржава ў складзе СССР. Было б правільней, калі б Пуцін ужыў тэрмін "сучасная дзяржава"».

Па слядах такога кшталту каментараў былі зробленыя афіцыйныя крокі. Лаўроў заявіў, што яго боса недакладна зразумелі. Пасля гэтага градус напружанасці ў адносінах паміж Астаной і Масквой імкліва знізіўся. Старшыня Камітэта па міжнародных справах, абароне і бяспецы ніжняй палаты парламента Казахстана Маўлен Ашымбаеў паведаміў, што фразу Назарбаева пра выхад з Мытнага саюза таксама «няправільна зразумелі».

Фармальна, канфлікт на гэтым можна лічыць вычарпаным. Аднак, як прызнае прэса, хутчэй за ўсё, падобныя інцыдэнты будуць мець месца і далей.

Перш за ўсё, расійская грамадства, захопленае шавіністычнымі настроямі, працягвае вітаць ідэю ліквідацыі казахскай дзяржаўнасці. Вось як, напрыклад, адзін са славянафілаў каментуе ў сеціве згаданы флэшмоб "Дашлі падручнік Пуціну": "Што панапісалі ў сваіх падручніках гісторыі нашы суседзі, мы выдатна ведаем на прыкладзе прыбалтаў, грузінаў, і асабліва ўкраінцаў. Падобна на тое, і казахі цішком складалі сваю версію сусветнай гісторыі. Цяпер хутка высветліцца, што Чынгісхан быў родам з Алма-Аты, а Чэрчыль з'яўляецца дзядулем Назарбаева. Не хацелася б так думаць, але, здаецца, параноікаў на мяжы з Расіяй стала больш".

У сваю чаргу, казахская эліта стала больш асцярожнай адносна інтэграцыйных праектаў з Расіяй. "Нашы ўлады толькі-толькі пачалі разумець той праўдзівы сэнс, які Расія ўкладвае ў слова "саюз". Мы з самага пачатку казалі пра тое, што ўсе тры краіны пераследуюць розныя мэты, якія не артыкулююць. Для Казахстана і Беларусі МС і ЕАЭС першапачаткова былі пытаннямі манеўру і пошуку эканамічных магчымасцяў. Расія ж першапачаткова мела палітычныя мэты і была гатовая за іх плаціць вялікую цану. Падзеі ва Украіне знішчылі любы расійскі софт-паўэр", — піша апазіцыйны сайт zona.kz.

Аднак пры гэтым трэба ўлічваць два моманты. Па-першае, аўтарытарызм Назарбаева плюс антысацыяльны курс яго рэжыму дасталі добрую частку насельніцтва краіны. Калі меркаваць па казахскіх форумах, вялікі сегмент казахаў абыякава ставіцца да ўсялякіх ініцыятыў з боку дзяржавы, падазраючы, што ўсё гэта — брудныя піяр-схемы, якія павінны захаваць у краіне статус-кво. "Спектакль усё гэта, прычым словы ўсе распісаныя і ролі раздадзеныя. Каб казахі не вякалі супраць так званага Еўразійскага эканамічнага саюзу, а ў будучыні яшчэ ўбачыце, што ад імя народа наша ўлада напіша прашэнне аб далучэнні Казахстана да РФ у якасці суб'екта федэрацыі з асаблівым статусам. Справа да таго ідзе", — піша блогер на сайце казахскай секцыі «Радыё Свабода».

Акрамя таго, казахская незалежная прэса мяркуе, што Назабаева ў фразе Пуціна пакрыўдзіла не супярэчлівая трактоўка гісторыі Казахстана, а латэнтная пагроза на свой адрас, на права прызначаць пераемніка. "Толькі абсалютна дурны і недалёкі чалавек можа назваць нядаўнія словы Уладзіміра Пуціна на адрас прэзідэнта Нурсултана Назарбаева «кампліментам». У прыватнасці, яго словы пра тое, што Назарбаеў пакуль «яшчэ жывы-здаровы», усё гэта і выглядае выклікам, пагрозай асабіста прэзідэнту Казахстана", — піша адзін з апазіцыйных сайтаў. Сапраўды, пару гадоў таму на зборах нейкіх адміністратараў Назарбаеў казаў тое ж самае, за што цяпер яго агітпроп так моцна крытыкуе Маскву. «Ніколі казахскай дзяржавы не было, бо яна не мела межаў», — сказаў тады казахскі гарант. 

Каментаваць