На вуліцы Сезам

На самым высокім урадавым узроўні ў ЗША святкуюць 40-ю гадавіну праграмы “Вуліца Сезам. “Вуліца Сезам — самая славутая дзіцячая праграма ў свеце.



На самым высокім урадавым узроўні ў ЗША святкуюць 40-ю гадавіну праграмы “Вуліца Сезам. “Вуліца Сезам — самая славутая дзіцячая праграма ў свеце.

Аднойчы ў 1967 годзе ў Нью-Йорку сустрэліся псіхолаг, выкладчык універсітэта Ллойт Морысет, і журналістка Джоан Куні. Падчас спаткання яны закранулі тэму ўплыву тэлебачання на дзяцей і пагадзіліся з тым, што на экранах не хапае дзіцячых адукацыйных праграм. Размова стала гістарычнай: была прыдумана канцэпцыя праграмы, сутнасць якой — заахвочванне дзіцячай аўдыторыі да ведаў. Фонд Карнегі пагадзіўся выдаць аўтарам ідэі грант на 8 мільёнаў долараў. І 10 лістапада 1969 года выйшаў першы выпуск праграмы “Вуліца Сезам.

Галоўная мэта праграмы ў тым, каб даць стымул дзіцячаму мозгу да асваення прымітыўных ведаў, якія будуць неабходныя яму пасля ў школе або дапамогуць сацыялізацыі. У наш час тэматыка “Вуліцы Сезам пашырылася: героі перадачы абмяркоўваюць такія складаныя і спецыфічныя нават для дарослых тэмы, як шлюб, нараджэнне, адаптацыя дзяцей у чужых сем’ях, смерць.

Каб зразумець фармат падачы інфармацыі ў праграме, трэба згадаць “АБВГДэйку. Вядомая савецкая дзіцячая праграма — па сутнасці наш адказ амерыканцам. У сярэдзіне 1970-х нейкі бонза з Астанкіна быў у камандзіроўцы за акіянам і там пабачыў “Вуліцу Сезам. Пасля вяртання ён выклікаў да сябе Эдуарда Успенскага і запатрабаваў прыдумаць нешта падобнае. Так нарадзілася “АБВГДэйка, адным з першых удзельнікаў якой быў, дарэчы, Сямён Фарада.


У 1977 годзе праграма не спадабалася камусьці з Палітбюро. Каманду абнавілі. Цяпер яе лідэрам стала клоун Ірыска (Ірына Асмус), якая разбілася на арэне гомельскага цырка ў 1984-м. Пасля праблем 1990-х “АБВГДэйка зноў прысутнічае ў эфіры аднаго з расійскіх каналаў. Аднак папулярнасць цяперашняй і той “АБВГДэйкі папросту непараўнальныя.

Амерыканскай “АБВГДэйцы пашанцавала больш. Ужо ў першым сезоне яе глядзелі прыкладна 67 працэнтаў малых у ЗША. Адзін з персанажаў “Вуліцы Сезам — Вялікая Птушка — нават трапіў на вокладку часопіса “Time. Як аказалася, Вялікая Птушка атрымала за год больш за ўсіх лістоў ад сваіх фанатаў. “Rubber Duckie — песня, якая была выкананая ў праграме, дзевяць тыдняў заставалася лідэрам музыкальных хітоў ЗША. Напрыканцы першага сезону шоу штодня глядзелі 7 мільёнаў дзяцей. У 1979 годзе — 9 мільёнаў. Лічыцца, што чацвёра з пяці дзяцей у ЗША як мінімум раз на тыдзень глядзяць “Вуліцу Сезам. Усяго колькасць прыхільнікаў праграмы толькі ў ЗША прыкладна 77 мільёнаў.

У пачатку 1990 года, пасля з’яўлення дзіцячых каналаў, аўдыторыя “Вуліцы Сезам знізілася. Тым не менш праграма застаецца самай папулярнай у свеце. Інакш бы не існавала 20 нацыянальных шоу, у тым ліку рускамоўнае. Праграма атрымала 118 прэмій Emmy (яе пераможцу вызначае публіка). За сорак гадоў існавання “Вуліцы Сезам былі знятыя некалькі асобных фільмаў пра яе герояў.


Аднак гэта не проста шоу. Ужо падчас першага сезону “Вуліцы Сезам кампанія Educational Testing Service (ETS) праводзіла рэгулярныя апытанні гледачоў. Па выніках — узровень інтэлекту іх рэспандэнтаў вырас за год на 60 працэнтаў. Тагачасны прэзідэнт Рычард Ніксан паслаў аўтарам праграмы спецыяльны ліст з падзякай за адукацыю нацыі. З пачатку 1970-х праграма фінансуецца з федэральнага дзяржаўнага фонду.

Былі ў праграмы і праблемы. У 1970 годзе дзяржаўная камісія штату Місісіпі прагаласавала за забарону трансляцыі “Вуліцы Сезам. Чыноўнікам не спадабалася, што шоу вядуць як белыя, так і чарнаскурыя. Калі ў справу ўмяшаліся людзі з Вашынгтона, камісія заявіла, што прагляд “Вуліцы Сезам выклікае ў дзяцей эпілепсію. У сярэдзіне 1990-х праграму атакавалі феміністкі, якія палічылі, што яна дапамагае кансервацыі стэрэатыпаў пра месца і паводзіны жанчыны ў грамадстве.

Легенда “Вуліцы Сезам працягваецца на нашых вачах. 10 лістапада выпуск праграмы пачаўся як звычайна: лялька-пачвара Елмо і Вялікая Птушка вялі чарговую размову. Тут нечакана ў кадры з’явілася Мішэль Абама. Яна прыйшла з прадуктамі са свайго агароду. Мішэль паказала лялькам памідоры, бульбу і агуркі, якія вырасціла на палянцы перад Белым домам.


“Я люблю агуркі. Цяпер на вуліцы Сезам будзе выключна здаровая ежа, — сказала яна і падаравала гародніну лялькам. На гэта Вялікая Птушка адказала Мішэль: “Я і ты — мы абодва вялікія. Магчыма, мы з адной сям’і. “Натуральна, — адказала першая лэдзі і звярнулася да маленькіх гледачоў з прамоваю пра тое, што выключна чыстыя і свежыя садавіна і гародніна дапамогуць ім вырасці вялікімі.

Мішэль Абама глядзіць “Вуліцу Сезам з пяці гадоў і працягвае глядзець зараз кожны дзень са сваімі дочкамі.

Каментаваць