Нацыяналізм па-пуцінску

Вялікі рэзананс у расійскім палітыкуме і экспертным грамадстве выклікаў артыкул Уладзіміра Пуціна, у якім ён падзяліўся магічнай формулай, як выратаваць Расію ад развалу.

Вялікі рэзананс у расійскім палітыкуме і экспертным грамадстве выклікаў артыкул Уладзіміра Пуціна, у якім ён падзяліўся магічнай формулай, як выратаваць Расію ад развалу.

Матэрыял пад назвай “Расія — нацыянальнае пытанне з’явіўся ў «Независимой газете» 23 студзеня. Тое, што Пуцін закрануў гэтую праблему, цалкам слушна: у краіне пражываюць 165 нацый і існуе 26 нацыянальных аўтаномных адзінак. Тым больш на двары выбарчая кампанія, адна з галоўных тэм якой — праблема інтэграцыі ў соцыум прадстаўнікоў малых, перш за ўсё каўказскіх, народаў і імігрантаў. У дадатак назіраецца рост нацыянальнай свядомасці сярод этнічных рускіх, якія нават не супраць адмовіцца ад каланіяльных захопаў іх прадзедаў — адпусціць некаторыя рэгіёны, напрыклад паўночны Каўказ, на волю.

Увесь гэты клубок пытанняў кандыдат “Адзінай Расіі прапануе вырашыць за кошт новага падыходу да нацыянальнага пытання і шэрагу прапанаваных ім практычных мер. Пуцін абвясціў, што Расія — гэта ўнікальная дзяржава-цывілізацыя (не нацыя!). Яна адрозніваецца і ад Еўропы, са сваёй няўдалай палітыкай мультыкультуралізму і талерантнасці, і ад ЗША, якія знішчылі практычна ўсё сваё карэннае насельніцтва, а пераселеныя этнасы пераплавілі ў “агні плавільнага катла. Ідэнтычнасць народаў, па Пуціну, трэба захаваць. Ён піша: “У адрозненне ад іншых краін, Расія на сваім гістарычным прыкладзе паказала, што яе рускае ядро можа прымаць у сябе іншыя народы і не раствараць, тым больш не знішчаць іх.

За тое, што іх не знішчылі, нацмены павінны паважаць і ведаць так званы “культурны стрыжань — рускую культуру. Галоўны адзінарос кажа пра абавязковае валоданне рускай мовай, веданне яе гісторыі. А каб стымуляваць інтарэс да рускай мовы, Пуціна прапанаваў узмацніць жорсткасць міграцыйнага заканадаўства — прымушаць імігрантаў вывучаць мову Пушкіна і Лермантава. Плюс чакаецца больш суровая адказнасць за парушэнне правіл рэгістрацыі.

Тэзісы публікацыі ў «Независимой газете» трапілі ў яблык. Так мяркуюць сістэмныя палітыкі. Прычым, як ні парадаксальна, яны хваляць Пуцін з самых супрацьлеглых полюсаў.

Напрыклад, “кішэнны рускі патрыёт, лідар Кангрэсу рускіх абшчын Дзмітрый Рагозін заяўляе: “Пуцін вывеў рускае пытанне з падполля. З гэтага часу казаць пра рускія правы і праблемы ўжо не будзе лічыцца чымсьці крамольным і непрыстойным. А яго артыкул — доказ таго, што рускі патрыятычны рух павінен смела інтэгравацца ва ўладу і вучыцца кіраванню такім складаным арганізмам, як расійская дзяржава.

А вось вертыкаль у аўтаномных рэспубліках, наадварот, пабачыла ў артыкуле не “выхад рускага пытання з падполля, а “зялёны свет для пашырэння правоў і захавання самабытнасці малых народаў. “Дагестанская правда (орган адміністрацыі аўтаноміі) адзначае: “Ён (артыкул), грунтуючыся на супольнасці агульназначных каштоўнасцяў, улічвае не толькі інтарэсы ўсёй краіны, але і інтарэсы, запыты, клопаты кожнага этнасу.

Такі дысананс падыходаў тлумачыцца сэнсавымі супярэчнасцямі пуцінскага маніфесту. Калі той жа чачэнец хоча ўсур’ёз пагрузіцца ў рускую культурную матрыцу, ён, відавочна, мусіць добра ведаць праваслаўны канон, весці стандартны рускі лад жыцця, перайсці на новую спажывецкую этыку. Што гэта, як не амерыканскі плавільны кацёл? Аднак пры гэтым ён адначасова павінен захоўваць свае культурныя традыцыі. Іншымі словамі, гаворка пра тую ж ненавісную еўрапейскую мультыкультурнасць.

Недавер да тэзісаў артыкулу яшчэ больш узмацняецца тым фактам, што “маніфест з’явіўся фактычна на 12-годзе знаходжання ва ўладзе “пуцінскага клану. Чаму б ні рэалізаваць такі геніяльны план раней? На гэта звяртаюць увагу рускія нацыяналістычныя цэнтры, якія ў дадатак лічаць, што Расія павінна цалкам адмовіцца ад федэратыўнага прынцыпу дзяржаўнага ладу.

“Лічыць, што Пуцін выканаў патрабаванні рускіх нацыяналістаў, на словах прызнаўшы рускі народ дзяржаўнай асновай, не магчыма. Па-першае, у адрозненне ад артыкула Сталіна, артыкул Пуціна — гэта не палітычная ўстаноўка. Гэта проста словы палітыка, каштоўнасць якіх за апошнія дзесяцігоддзі ляснулася ніжэй нуля. Тэза пра тое, што дзяржаўнай місія рускага народа палягала быццам у тым, каб адмовіцца ад сваёй нацыянальнай дзяржавы і будаваць шматнацыянальную, для рускіх нацыяналістаў непрымальная (АПН).

Дадатковы момант сумнявацца ў тым, што Пуцін сур’ёзна вырашае нешта рэфармаваць, — ідэя стварэння “калегіяльнага органа, які будзе курыраваць міжнацыянальныя праблемы пры прэзідэнце. Справа ў тым, што падобны дэпартамент — Міністэрства нацыянальнасцяў — ужо існаваў у 1990-я і быў ліквідаваны за неэфектыўнасць.

“Можна задацца пытаннем, па якому прынцыпу фармаваць гэты “калегіяльны орган. “Калі ў яго сабраць нават па адным прадстаўніку ад кожнай з 165 нацыянальнасцяў Расіі, то атрымаецца, што інтарэсы 80-мільённага рускага народа ў нацыянальнай палітыцы будзе выяўляць 1 чалавек, таксама як і інтарэсы 482 расійскіх алеутаў. Такая ўраўнілаўка не зможа гарантаваць эфектыўнасць нацыянальнай палітыкі, — піша агенцтва “Регнум.

Нарэшце, пуцінская ідэя азначае рэвізію старой схемы супрацоўніцтва рэгіёнаў і цэнтру па нацыянальна-культурных пытаннях, што тэхнічна складана. Так, казанскі грамадзянскі цэнтр, які змагаецца супраць пашырэння выкладання татарскай мовы ў школах Татарстана, сцвярджае: “Федэральны цэнтр адмаўляецца ўмешвацца ў спрэчныя культурныя пытанні, якія ўзнікаюць у нацыянальных рэспубліках, вяртаючы іх на разгляд у рэгіёны.

У выніку заяўленая Уладзімірам Пуціным ініцыятыва па фармаванні новай нацыянальнай палітыкі не знайшла агульнай падтрымкі і нават супольнага меркавання пра яе. Асцярожнаму стаўленню да пуцінскага плана спрыяла дадатковая акалічнасць. Як высветлілі журналісты, трэцяя частка артыкула Пуціна з’яўляецца папросту даслоўным пераказам так званага “Праекта развіцця полікультурнай адукацыі ў РФ — манаграфіі трох маскоўскіх навукоўцаў, напісанай у пазамінулым годзе. Адтуль і ўзяты ўвесь гэты “культуралагічны слоўнік пра “стрыжні і “плавільныя катлы. Калі “гістарычны маніфест з’яўляецца плагіятам, на хуткую руку перапісаным спічрайтарамі, сур’ёзна абмяркоўваць яго не даводзіцца.

Аднак нельга казаць, што артыкул не меў канкрэтных практычных наступстваў. Адразу пасля яго публікацыі з’явілася ініцыятыва кіраўніка федэратыўнай міграцыйнай службы аб абвяшчэнні людзей у крымінальны вышук за працяглае пражыванне не па месцы прапіскі. І гэта яшчэ не фінал.

Намеснік старшыні Дзярждумы, кіраўнік Вышэйшага Савету ЛДПР Ігар Лебедзеў заклікаў да стварэння спецыяльных адаптацыйных школ для вучняў — прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў, дзе яны будуць вучыцца, як быць рускімі.
 

Каментаваць