Нафтавы шок: гісторыя крызісу

Сорак гадоў таму ўвесь Захад быў ахоплены так званым першым энергетычным крызісам. Аналізуючы яго наступствы, эксперты прызнаюць, што менавіта тады былі створаныя контуры цяперашняга свету.

 



Пікнік на аўтастрадзе падчас нафтавага крызісу 1973


Для большасці савецкіх абывацеляў крызіс 1973–1974 гадоў або, як яго называлі ў прэсе, «нафтавы шок», застаўся яшчэ адным доказам структурнай неэфектыўнасці мадэлі сусветнага капіталізму (прынамсі, так сцвярджала савецкая прапаганда). Афіцыёз ахвотна пісаў пра дэфіцыт бензіну, чэргі на запраўках, абмежаванне на набыццё паліва, рост беспрацоўя і г.д. Крызіс займаў важнае месца на старонках савецкіх СМІ таксама з пункту гледжання антыімперыялістычнай салідарнасці.

У кастрычніку 1973 года арабскія краіны — сябры арганізацыі OPEC абвясцілі пра скарачэнне экспарту нафты ў краіны Захаду ў знак пратэсту супраць падтрымкі заходнімі сталіцамі Ізраіля ў вайне Суднага дня. Рашэнне выклікала рост коштаў на паліва, што бліжэй да Каляд скалыхнула ўсю заходнюю эканоміку. Асабліва няўтульна прыйшлося амерыканцам з іх формулай спажывання. Амерыканцы былі спажыўцамі 33 працэнтаў усёй вырабленай на зямлі энергіі.

Цэны на паліва скокнулі спачатку ўдвая, а пасля яшчэ раз паўтарылі такі кульбіт. Аднак нават па такіх завоблачных коштах той бензін трэба было спачатку знайсці. Вельмі часта незадаволеныя аўтааматары, якім надакучыла стаяць у чэргах, блакіравалі нацыянальныя трасы, што выклікала ўражанне поўнага калапсу.

З-за росту сабекошту прадукцыі больш за 10 мільёнаў чалавек апынуліся на вуліцы або былі пераведзены на няпоўны працоўны тыдзень. Гэта значыць, што па некаторых крытэрыях крызіс 1973–1974-га наблізіўся да крызісу 1929–1933 гадоў. Ва ўсіх рэгіёнах краіны паступова пачалося падзенне даходаў насельніцтва.

У выніку федэральны ўрад быў вымушаны ўвесці месячны ліміт на продаж паліва. Вайсковым лётчыкам рэзка знізілі колькасць трэніровачных палётаў. У краіне пачалася незвычайная кампанія за тое, каб менш ездзіць на машынах, а больш хадзіць. «Калі мой сын просіць адвесці яго на баскетбол, я кажу яму — ідзі пешшу», — можна было прачытаць на білбордах і плакатах. Адной з праяў крызісу стаў рост попыту на невялікія і эканамічныя японскія «Хонды» і «Таёты»: пачалася эра амерыканска-японскай аўтамабільнай вайны.

Перабоі са святлом спрыялі росту апакаліпсічных настрояў. «Нас чакае эра цемры», — прагназавалі некаторыя святары самых розных культаў. Такім панічным настроям спрыяў у чымсьці трыумф фільму «Экзарцыст» пра тое, як д’ябал прыйшоў на зямлю.

Гэта, безумоўна, былі кур’ёзы. Сістэмным адказам Захаду на нафтавы шок стала татальная рэвізія канцэпцыі энергетычнай бяспекі (такі тэрмін тады і з’явіўся). Тагачасны прэзідэнт ЗША Рычард Ніксан прапанаваў амбіцыйны план — да 1980 года цалкам ліквідаваць залежнасць ад імпарту паліва. Ужо ў 1974 годзе, нягледзячы на пратэсты эколагаў, пачалі будаваць нафтаправод на Алясцы і качаць нафту з дна Мексіканскага заліва. Кангрэс прыняў экастандарты для аўтабудаўнікоў. Хаця фармальна крызіс цягнуўся 5 месяцаў і закончыўся ў 1974 годзе, у наступным годзе быў створаны Стратэгічны рэзерв паліва. Шэраг краін Захаду пачалі інвеставаць у будаўніцтва АЭС і розныя энергазберагальныя тэхналогіі. У 1977 годзе Джымі Картэр нават устанавіў на даху Белага дому панель сонечнай батарэі.

У рамках закладзенай тады канцэпцыі Злучаныя Штаты ператварыліся ў вядучага ў свеце вытворцу газу і нафты. У мінулым годзе яны абагналі Расію, і лічыцца, што ў наступным па колькасці здабытай нафты дагоняць Саудаўскую Аравію. Аднак галоўная мэта ўжо перагледжаная. Прынятая канцэпцыя Reinventing Fire прадугледжвае, што ў 2050 годзе вядучыя кампаніі цалкам адмовяцца ад традыцыйных крыніцаў энергіі, уключаючы нафту.

Цікавыя і палітычныя наступствы крызісу 40-гадовай даўніны. Вашынгтон зразумеў, што трэба пераглядаць сваю палітыку на Блізкім Усходзе і пачаў фарсіраваць дамовы ў Кэмп-Дэвідзе. Ужо ў студзені 1974 года ён дабіўся, каб Ізраіль вызваліў акупаваны раней Сінайскі паўвостраў. У сакавіку арабы пагадзіліся цалкам зняць эмбарга на пастаўку нафты, пасля таго, як Ізраіль пагадзіўся часткова пакінуць Галанскія вышыні. Паразуменне з мусульманскім светам пазней дазволіла Злучаным Штатам хутка мабілізаваць афганцаў на барацьбу з СССР, што стала адным з вырашальных фактараў развалу «Імперыі зла». Цікава, што на піку сяброўства з арабамі Рональд Рэйган нават прыбраў згаданую вышэй сонечную батарэю з даху Белага дома як знак таго, што часы эмбарга назаўсёды прайшлі.

У знешнепалітычнай канцэпцыі ЗША з’явілася ідэя кантролю над багатымі на нафту тэрыторыямі. Прынамсі шмат аналітыкаў лічаць, што сапраўдным матывам другой іракскай вайны быў намер накласці лапу на мясцовыя залежы чорнага золата.

А вось для гістарычнага лёсу СССР, здавалася, далёкі крызіс меў самыя негатыўныя вынікі. Яшчэ ў 1960-х гадах міжнародны рынак сыравіны мала цікавіў савецкі ўрад. Аднак нафтавы шок прыцягнуў інтарэс еўрапейцаў, і перш за ўсё ФРГ, да прадукцыі толькі што адкрытых буйных радовішчаў нафты ў Заходняй Сібіры. З часам пачаўся яе экспарт на Захад, што прынесла Маскве каласальныя гешэфты. Усяго да развалу СССР паспелі прадаць нафты на 200 мільярдаў долараў ЗША. Аднак шалёныя нафтадолары ў выніку замарозілі ўсе дэбаты наконт сістэмных рэформаў эканомікі, а савецкая навука праспала пачатак новага этапу тэхналагічнай рэвалюцыі. Нарэшце, калі ў 1980-х гадах кошт на нафту на сусветным рынку пачаў падаць, савецкая эканамічная мадэль аказалася ў стане агоніі.

І яшчэ адна дэталь. Падводзячы ўрокі таго крызісу, эксперты адзначаюць цікавую дэталь. Нафтавы шок выклікаў сапраўдную рэвалюцыю ў свядомасці жыхароў Захаду. Яны на працягу некалькіх лічаных месяцаў зразумелі важнасць такой рэчы, як энергетычная эфектыўнасць. Экскурс у гісторыю энергетычнага крызісу дае падставу спадзявацца, што чалавецтва будзе ў стане супрацьстаяць рознага кшталту энергетычным выклікам і перш за ўсё, безумоўна, працэсу змены клімату.

Каментаваць