Нагорны Карабах: ці чакаць міру на Каўказе?

Ці можна разлічваць на сталы мір на Каўказе? У сітуацыі чытачам «Новага Часу» дапамагаюць разабрацца азербайджанскі грамадскі актывіст Намік Мамедаў і армянскі палітык Арменак Даўлацян.

Нагадаем, армянскі парламент 16 мая адмовіўся разглядаць праект пастановы пра прызнанне Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР). Гэтая пастанова магла сарваць крохкае перамір’е, што ўсталявалася пасля вайсковых сутыкненняў 1–5 красавіка. У ноч на 17 мая ў Вене прэзідэнты Азербайджана Ільхам Аліеў і Арменіі Серж Саргсян дамовіліся пра ўмацаванне рэжыму спынення агню ў зоне Нагорнага Карабаху.



Намік Мамедаў: «Замарозіць канфлікт цалкам будзе цяжка»


— У Азербайджане дэбаты наконт прызнання дзяржаўнасці НКР былі ўспрынятыя як выклік. Першай рэакцыяй у Баку стаў загад пра дадатковую мабілізацыю. Аднак каментатары з самага пачатку казалі, што тут больш піяру, чым рэальнай палітыкі. У выпадку прызнання НКР, армянскімі палітыкамі была б аднабакова разбураная напрацаваная ўсім светам прававая формула, якая стрымлівае канфлікт, — гутарка пра працэс у межах Мінскай групы АБСЕ. Прызнанне НКР стала б дэмаршам супраць міжнароднай супольнасці, якая ва ўсіх ключавых дакументах прызнае Нагорны Карабах тэрыторыямі Азербайджана. Пры гэтым адыграць назад было б цяжка, паколькі рашэнне пра дыпламатычнае прызнанне дзяржавы дэнансаваць немагчыма. З улікам гэтага тое, што ў апошні момант прызнанне НКР «завярнулі», было чаканым.


— Ці намагаўся Ільхам Аліеў за кошт чатырохдзённай вайны вырашаць нейкія ўнутрыпалітычныя задачы? Напрыклад, адцягнуць увагу ад эканамічнага крызісу: як вядома, азербайджанскі манат у мінулым годзе стаў танней на 40 працэнтаў…


— Мяркую, што аліеўская каманда магла знайсці іншыя сродкі нарасціць сабе папулярнасць, чым гуляць у вайну. Пагадзіцеся, вайна ўсё ж утрымлівае пэўныя рызыкі. Апроч таго, унутрыпалітычная сітуацыя не настолькі крытычная. Асноўным вынікам узброенага супрацьстаяння стала, хутчэй, не кансалідацыя рэжыму, а рэабілітацыя ў вачах грамадства азербайджанскай арміі, якая даказала сваю баяздольнасць. Нягледзячы на маштабную мадэрнізацыю войскаў, у нас хапала малавераў. Траўма за паразу ў 90-я гады вельмі балючая. Лічылася, што праціўнік кампенсуе нашу тэхнічную перавагу за кошт больш высокага маральнага духу і наяўнасці баявога вопыту. На думку абсалютнай большасці грамадства, войска з гонарам вытрымала іспыт.


— У заходняй прэсе баяцца, што карабахскі канфлікт можа паступова набыць рэлігійны падтэкст. Баявыя дзеянні, на думку некаторых, паспрыяюць прытоку ў Азербайджан валанцёраў-ісламістаў, што можа стаць гадзіннікавай бомбай пад свецкі характар дзяржавы. Армянская прэса піша, што як мінімум 80 чалавек арабскай знешнасці былі забітыя ў красавіцкіх баях…


— Я думаю, гэта інсінуацыі армянскай дыяспары, якая ў час супрацьстаяння была вельмі актыўная ў інфармацыйным полі. Непасрэдна для фармавання плёткі пра ісламістаў быў выкарыстаны фрагмент заявы Мінабароны, у якой змяшчалася слова «шахід» (той, хто загінуў на вайне). У прэсе гэта атрымала некарэктную інтэрпрэтацыю. Маўляў, Баку запрашае да сябе ледзь не баевікоў «Ісламскай дзяржавы». Маніпулятыўны момант праяўляецца перш за ўсё ў тым, што большасць азербайджанцаў — шыіты. Ядро ж цяперашніх радыкальных ісламістаў складаюць суніты. Увогуле, азербайджанская дзяржава мае выразна свецкі характар. Гэта і савецкая спадчына, і негалосная арыентацыя на турэцкую мадэль развіцця.


— Ці не знікла антыаліеўская апазіцыя ў патрыятычным хоры?


— Несістэмная апазіцыя ў Азербайджане дастаткова слабая, як правіла, жыве ў эміграцыі, і яе голас амаль не чуваць. Тым не менш, яна спрабуе знайсці сваю нішу ў новай сітуацыі. Прапануецца разглядаць мужнасць азербайджанскіх жаўнераў на фронце як нейкі пратэст і нават паўстанне супраць Аліева, які, маўляў, наадварот, патрабаваў ад суайчыннікаў прымірыцца з фактам акупацыі Нагорнага Карабаха. Гледзячы на кантэнт апазіцыйных медыя-рэсурсаў, у апазіцыі баяцца, што за кошт вайны Баку будзе больш залежным ад Масквы, якая гнуткай палітыкай замацавала за сабою статус рэгіянальнага арбітра.


— Як будзе развівацца сітуацыя ў бліжэйшай будучыні?


— З улікам пазіцый вялікіх дзяржаў, якія аднагалосна патрабуюць вярнуцца да дакрасавіцкага статус-кво, поўнафарматная вайна будзе працягвацца выключна ў інтэрнэце, дзе яна, дарэчы, ніколі не заканчвалася. Што тычыцца невіртуальнага жыцця, то, хутчэй за ўсё, раз у некалькі месяцаў нас чакаюць узаемныя вайсковыя правакацыі. Замарозіць канфлікт цалкам будзе цяжка перш за ўсё ў сувязі з працэсамі ўнутры Арменіі. Там пры ўладзе так званая «Карабахская партыя» — мясцовы клан і ветэраны вайны 90-х гадоў. Вайна за Карабах — ледзьве не адзінае, што неяк легітымізуе рэжым. У гэтым плане цікава, што будзе цяпер рабіць Масква, якая зрабіла стаўку на клан «карабахцаў» дзеля ўцягнення краіны ў свае рэгіянальныя эканамічныя і палітычныя праекты.


Арменак Даўлацян: «Маральна гатовыя нават да вайны на два фронты»

Арменак Даўлацян

— Таго, што ў апошні момант праект прызнання НКР не быў уключаны ў павестку дня працы парламенту, і трэба было чакаць. Перш за ўсё, існуе шмат гістарычных прававых нюансаў, якія тычацца статусу Карабаху. Перад тым, як выносіць праект на разгляд парламенту, трэба было даць ім ацэнку, што не было зроблена. Напрыклад, яшчэ ў савецкі час Вярхоўны савет Армянскай ССР задаволіў просьбу кіраўніцтва Нагорна-Карабхскай аўтаномнай акругі, што была часткай Азербайджану, пра ўваходжанне дадзенай тэрыторыі ў склад Арменіі. Дасюль ніхто той пастановы фармальна не адмяніў. Відавочна, што прызнанне патрабуе большага часу для падрыхтоўкі рашэння. На маю думку, тэму пра прызнанне мусіравалі наўмысна, як запасны варыянт на выпадак, калі не ўдасца заключыць вельмі важную дамову пра вайскова-палітычнае супрацоўніцтва Арменіі і НКР. Гэтая дамова зараз рыхтуецца.

— Як на Захадзе паставіліся да ідэі прызнання НКР і ўвогуле да так званай «чатырохдзённай вайны»?

— Мяркую, што ў сваёй палітыцы адносна паўднёвага Каўказу Захад сыходзіць з крызіснай сітуацыі на суседнім Блізкім Усходзе. Па чутках, Масква і Вашынгтон вядуць кансультацыі, як вырашаць праблему дзяржаўнасці курдаў, а курды жывуць непадалёк ад мяжы Арменіі. Як следства, эскалацыя карабахскага канфлікту не ўваходзіць у планы вялікіх дзяржаў. Магчыма таму Захад кулуарна негатыўна рэагаваў на ідэю прызнання НКР. Сваю ролю адыгрываюць і выбары ў Злучаных Штатах. Адміністрацыі Барака Абамы напярэдадні старту асноўнага этапу выбарчай кампаніі менш за ўсё патрэбна пашырэнне блізкаўсходняга канфлікту на суседні каўказскі рэгіён.

— Праект рэзалюцыі пра прызнанне Арменіяй дзяржаўнасці НКР нарадзіўся не ўчора. Яго вельмі даўно прапануе шэраг апазіцыйных дэпутатаў. Пры гэтым усе папярэднія спробы яго прасунуць былі праігнараваныя кіраўніцтвам парламенту, дзе ўрадавая партыя мае большасць. На гэты раз праўладныя парламентарыі нечакана ініцыятыву апанентаў падтрымалі. Ці значыць гэта, што апазіцыя і ўлада на нейкі час зарываюць сякеру вайны дзеля абароны айчыны?

— Я б не сказаў, што апошнія падзеі знялі з павесткі дня тэму супрацьстаяння ўлады і апазіцыі, хаця некаторыя апазіцыянеры сапраўды выступаюць за часовае перамір’е. Наадварот, узнікла яшчэ больш дадатковых тэмаў для крытыкі ўлады. Пачаць можна з таго, што ўрад не змог належны чынам забяспечыць пастаўкі фронту. Шмат каму не падабаецца і тое, што некаторыя дзеці прадстаўнікоў эліты «адмазаліся» ад вайсковай службы. Большасць армян лічаць, што ў Мінабароны дапусцілі памылку, не аддаўшы загад наступаць пасля таго, як былі адбытыя першыя атакі праціўніка.

Увогуле, грамадства прадэманстравала, што часам здольнае працаваць эфектыўней за дзяржаўныя органы. Ужо пасля першых паведамленняў пра пачатак вайсковых дзеянняў ветэраны карабахскіх канфлікту арганізавана высунуліся на перадавую. Без усялякіх ваенкаматаў паўстала сеціва запісу ў добраахвотнікі, узнікла сістэма здачы крыві для шпіталяў і гэтак далей.

— Ці не будзе намагацца адміністрацыя прэзідэнта Сержа Саргсяна абмежаваць грамадзянскія свабоды пад соусам таго, што айчыне пагражае знешні вораг?

— Нейкія спробы, натуральна, будуць, тым больш, што зараз рыхтуецца новы выбарчы кодэкс пад выбары 2017 года. Вакол яго шмат спрэчак. Праўладныя медыя заклікаюць прадстаўнікоў апазіцыі зразумець ступень уласнай адказнасці перад радзімай, калі яны падчас вайны крытыкуюць праект кодэкса. Аднак у цяперашняй атмасферы агульнанацыянальнага ўздыму закручваць гайкі будзе вельмі цяжка. Той факт, што Арменія, у адрозненне ад аўтакратычнага Азербайджана, пры ўсіх праблемах верная прынцыпам дэмакратыі — адзін з важных мабілізацыйных фактараў грамадскасці.

— Вядома, што Арменія — краіна-сябра вайскова-палітычнага саюзу АДКБ (Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бяспецы). Статус АДКБ прадугледжвае, што ў выпадку агрэсіі супраць аднаго з сяброў аб’яднання, іншыя краіны прыходзяць яму на дапамогу. Аднак удзельнікі саюзу ў выніку адмовіліся дапамагаць Арменіі. Ці паўплывала гэта на стаўленне да АДКБ, і ў тым ліку да Расіі, якая з’яўляецца куратарам арганізацыі?

— Безумоўна. Зараз у Расіі вельмі кепская рэпутацыя ў Арменіі, пра што, як не смешна, сведчаць вынікі галасавання на «Еўрабачанні». Армянскія гледачы — адзіныя сярод краін СНД, якія не далі балаў расійскаму выканаўцу. Украінцы на глядацкім галасаванні далі Лазараву два балы. Арменія — адзін. Нават Украіну пераплюнулі! Недавер да Масквы вельмі моцна б’е рыкашэтам па Саргсяну.

— Традыцыйнае для падобных інтэрв’ю фінальнае пытанне: ваш прагноз на будучыню?

— Пакуль нішто не сведчыць пра тое, што напружанасць у Карабаху будзе спадаць, хаця маштабных сутычак у бліжэйшы час, напэўна, не будзе. Затое існуе небяспека, што зона канфлікту паступова будзе пашырацца: напрыклад, уключыць Нахічаваньскі рэгіён, які традыцыйна быў далёка ад эпіцэнтру асноўных вайсковых дзеянняў. З іншага боку, пасля мінулага красавіка армяне маральна гатовыя нават да вайны на два фронты.



Абмеркаванне:

  • папагена
  • 2016-05-24 15:49:13
Рэдакцыя, з артыкулам "штосьці не так") Замест розных - два разы паўторана першая частка інтэрв'ю.

Каментаваць