Найвялікшая мадэль у гісторыі

60 гадоў таму нарадзілася дзяўчынка, якая зрабіла рэвалюцыю ў мадэльным бізнесе. На гэта ёй спатрэбілася ўсяго 4 гады.

Леслі Хорнбі было ўсяго 16 гадоў, калі яна, звычайная школьніца, падпісала кантракт на працу ў якасці мадэлі. Калі ў 20 гадоў яна сыходзіла з мадэльнага бізнесу, яе называлі тварам эпохі і першай у гісторыі мадэллю для тынейджэраў.



60 гадоў таму нарадзілася дзяўчынка, якая зрабіла рэвалюцыю ў мадэльным бізнесе. На гэта ёй спатрэбілася ўсяго 4 гады.

Леслі Хорнбі было ўсяго 16 гадоў, калі яна, звычайная школьніца, падпісала кантракт на працу ў якасці мадэлі. Калі ў 20 гадоў яна сыходзіла з мадэльнага бізнесу, яе называлі тварам эпохі і першай у гісторыі мадэллю для тынейджэраў.

Яе завуць Леслі Хорнбі, аднак увесь свет ведае яе па мянушцы Твігі. Леслі нарадзілася 19 верасня 1949 года. Дачка цесляра, яна вырасла ў прыгарадзе Лондана. Сям’я была небагатай, і ўжо дзяўчынкай Леслі павінна была працаваць. Яе першым працоўным месцам стала цырульня. Паралельна Леслі наведвала мясцовую школу.

Кажуць, у 1966 годзе яе бойфрэнд Нігел Дэвіс прапанаваў ёй паспрабаваць сябе як мадэль. Аднак ёсць і іншыя версіі. Уладальнік касметычнага салону, куды яна нібыта аднойчы зайшла зрабіць стрыжку, параіў Леслі стаць мадэллю. Яшчэ адна версія — Леслі сама вырашыла паспрабаваць сябе ў гэтай сферы. На гэты час ёй было 16 гадоў. Яна важыла 41 кілаграм, мела 169 сантыметраў росту і прапорцыі 80 на 55 на 80. Бары Латэган, фатограф, які рабіў яе здымкі, зацікавіўся, якую мянушку мае Леслі ў школе. “Трысцінка, — адказала тая (на англійскай мове “Трысцінка гучыць як “Твігі — агл.: Twiggy). Бары настаяў, каб маладая мадэль з’явілася на мадэльным рынку менавіта як Твігі.

Так нарадзіўся брэнд. Асноўныя складовыя вобразу Твігі: твар анёла, фігурка эльфа, стрыжка пад хлопчыка, доўгія густыя вейкі, кароткая спадніца, абыякавы халодны позірк.

У тым жа 1966 годзе яна па версіі газеты “Daily Express стала “Тварам года. Пры гэтым Твігі ні разу не выйшла на подыум. Яе папросту здымалі фатографы для розных часопісаў. Леслі нават адкрыла сваю лінію моладзевай моды Twiggy Dresses. Пазней яна стала ўладальніцай уласнага буціка ў цэнтры брытанскай сталіцы. У тым жа 1966 годзе на рынку з’явілася цацка Твігі — аналаг славутай цацкі Барбі.

Але і гэтага маладой мадэлі аказалася мала. У 1967 годзе яна адправілася заваёўваць Амерыку. Куміру брытанскіх тынейджэраў прагназавалі за акіянам правал, аднак ужо праз год яе твар прызналі тварам планеты. Яе выяву змясцілі ў капсулу і адправілі ў космас. На гэты час марка “Твігі ўжо складала канкурэнцыю іншым вядомым брэндам.

Кар’ера Лэслі не была бясхмарнай. Хутка Твігі трапіла ў фокус крытыкі педагогаў. З-за яе папулярнасці абсалютным шыкам сярод моладзі стала хударлявае цела. Настаўнікі канстатавалі сотні выпадкаў, калі дзяўчынкі, якія хацелі быць падобнымі да Твігі, гублялі прытомнасць на занятках. Такія выпадкі называлі “сіндром Твігі. Мадэль адразу абвінавацілі ў папулярызацыі нездаровага ладу жыцця. Былі спробы падаць на яе ў суд.

Між тым, у пачатку 1970-х Твігі заявіла, што пакідае мадэльны бізнес. Яна стала актрысай кіно і адначасова спрабавала спяваць. Мюзікл “The Boy Friend прынёс ёй дзве ўзнагароды ў намінацыі “Залаты глобус. У 1976-м яна запісала свой дыск “Twiggy and Please Get My Name Right, які ўвайшоў у спіс лепшых у Вялікабрытаніі. У 1977 годзе Лэслі выйшла замуж за акцёра Макла Уітні. Пасля смерці мужа ад сардэчнага прыступу ў 1983-м яна зноў выйшла замуж за іншага акцёра Лі Лоўсана. У яе нарадзіўся сын.

Цяпер Твігі жыве ў Лондане. Часам з’яўляецца на тэлебачанні, выдае свае старыя запісы, удзельнічае ў дабрачынных праграмах супраць раку. Акрамя таго, вядзе шоу “Twiggy’s people. Увасабляе твар кампаніі “Marks&Spencer. Заснавала сваю лінію касметыкі.

Не вельмі цікавыя апошнія гады жыцця Твігі кампенсуюцца актыўнай палемікай гісторыкаў моды наконт сакрэту яе поспеху і папулярнасці. Чаму яна так пасавала запытам публікі? Наколькі яе з’яўленне змяніла трэнды ў модзе і масавай культуры?

Твігі сапраўды ёсць іконай стылю. Ёй прысвяцілі песні “Spice Girls, Мэрлін Мэнсан, Дэвід Боуі (ён, дарэчы, папрасіў яе зняцца з ім для вокладкі альбому “Pin Ups).

Культуролагі дружна прызнаюць, што па вялікаму рахунку стыль Твігі быў пратэстам супраць тагачасных канонаў вобразу жанчыны ў мадэльным бізнесе. Жанчына на подыуме ў той час паказвала, як павінна выглядаць хатняя гаспадыня — такая была асноўная роля жанчын у грамадстве.

Стыль Твігі ламаў традыцыі. Яна яўна не была падобная на ахоўніцу сямейнага ачага. Гэта адпавядала пратэстнаму духу 1960-х. Не дзіўна, што Твігі лічыцца адным з сімвалаў культурнай з’явы Swinging London — моладзевай культурнай рэвалюцыі ў Вялікабрытаніі 1960-х гадоў.

Высоўваюцца і наогул шакуючыя версіі. Звычайна Твігі на здымках не пасміхаецца, як традыцыйна робяць мадэлі. Яна абыякава, нават пагардліва, гля­дзіць навокал. Яна ці то хлопчык, ці то дзяўчынка. Рэтраграды палічылі гэта замахам на жаноцкасць. Быццам погляд Твігі і фігура хлопчыка — не што іншае, як выява андрагіна (нешта сярэдняе паміж М і Ж). Гэта, на іх думку, ёсць латэнтная прапаганда нетрадыцыйных сексуальных паводзін.

Іншыя кажуць, што знікненне нават знешніх адрозненняў паміж паламі — будучае чалавечай антрапалогіі. Няўжо ўсе людзі праз нейкі час будуць выглядаць як Твігі?

У любым выпадку, здымкі Твігі да гэтага часу выклікаюць эмацыйную рэакцыю. А гэта значыць, што мы і зараз жывем у эстэтычных катэгорыях моладзевай рэвалюцыі 1960-х.

Каментаваць