Напад у Ніцы. Загінулі 84 чалавекі

Колькасць ахвяр нападу ў Ніцы вырасла да 84 чалавек, яшчэ 18 знаходзяцца ў крытычным стане. Пра гэта заявіў прадстаўнік міністэрства ўнутраных спраў Францыі П'ер-Анры Брандэ.

Фота AFP

Фота AFP



Напад адбыўся ў чацвер вечарам на Англійскай набярэжнай, калі дзясяткі тысяч людзей глядзелі святочны салют. Грузавік на вялікай хуткасці праехаў 2 кіламетры скрозь шчыльны натоўп. Кіроўца быў застрэлены паліцыяй, пазней у грузавіку былі знойдзены гранаты і зброя. На фотаздымках з месца здарэння відаць, што лабавое шкло грузавіка паўсюль прабітае кулямі.

У машыне былі знойдзены дакументы 31-гадовага жыхара Ніцы туніскага паходжання, паведамляе ВВС.

У Ніцы адмененыя ўсе публічныя мерапрыемствы і зачыненыя ўсе пляжы.

Паведамляецца, што каля 500 паліцэйскіх былі тэрмінова мабілізаваныя — для патрулявання вуліц і для ўдзелу ў расследаванні.

Фота ЕРА

Фота ЕРА


Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд назваў тое, што адбылося, тэрактам.

"Нельга адмаўляць, што напад ў Ніцы звязана з тэрарызмам", — заявіў Аланд у адмысловым тэлезвароце, з якім ён выступіў у ноч на пятніцу, пасля таго як тэрмінова вярнуўся ў Парыж з Авіньёна.

"Над усёй Францыяй навісла пагроза ісламскага тэрарызму. У гэтых абставінах мы павінны дэманстраваць абсалютную пільнасць і неаслабную рашучасць", — падкрэсліў французскі прэзідэнт.


Фота ЕРА

Фота ЕРА


Аланд абвясціў, што ўведзены пасля лістападаўскіх тэрактаў рэжым надзвычайнага становішча, які французскія ўлады збіраліся адмяніць да канца ліпеня, будзе працягнуты яшчэ на тры месяцы.


Фота AFP

Фота AFP


Французскі журналіст Дам'ен Альман знаходзіўся на Англійскай набярэжнай падчас нападу. Ён так апісвае падзеі: "Атмасфера была добрай, былі прыгожыя феерверкі, дзеці кідалі каменьчыкі ў ваду. Праз момант велізарны белы грузавік на шалёнай хуткасці паварочвае, каб збіць як мага больш людзей... Я чуў шум, крыкі, якія я ніколі не забуду. Я быў паралізаваны. Я нікуды не рухаўся", — напісаў ён.

 

Шматлікія сведкі тэракту на набярэжнай у Ніцы, фактычна першымі распавялі пра тое, што адбываецца, праз сацыяльныя сеткі, адзначае euronews.com. Сведкі падзеяў кажуць пра паніку ў натоўпе: "Калі на набярэжнай з'явіўся гэты грузавік, ён паехаў наўпрост на натоўп, супрацоўнікі бяспекі і ратавальнікі прыбылі на месца падзей — толькі хвілін праз 25, паўгадзіны, можа... І вось — гэты грузавік, а потым яны яго зрашэцілі кулямі..." — распавёў адзін са сведкаў.

 

"Натоўп кінуўся ўрассыпную, пачалася цісканіна сярод тых, хто ўцякаў з месца здарэння, — кажа іншы мінак. — Паніка. Мы не ведалі, куды бегчы, не зразумела было, што адбываецца. Многія крычалі і плакалі".


Мэр Ніцы Крысціян Эстразі назваў тое, што адбылося, найгоршай трагедыяй за ўсю гісторыю горада. "Грузавік з кіроўцам, які, мяркуючы па ўсім, кіраваў машынай абсалютна мэтанакіравана і прадумана, і гэта дазваляе нам рабіць першыя высновы. Як высветлілася, ён страляў праз акно машыны, і вось пры гэтых абставінах ён быў забіты". Крысціян Эстразі паведаміў, што ў пятніцу сцягі ў горадзе будуць прыспушчаны. Адменены канцэрт спявачкі Рыяны і джазавы фестываль.



Каментаваць