Напад на пакістанскі ўніверсітэт у Чарсадзе: 21 загінулы

21 чалавек загінуў у выніку нападу на ўніверсітэт Бача Хан на паўночным захадзе Пакістана, паведаміў кіраўнік мясцовай паліцыі.



Фота Reuters


Паліцыянт удакладніў, што аперацыя па ліквідацыі тэрарыстаў завершаная. Большасць ахвяр — студэнты, якія знаходзіліся ў момант нападу ў мужчынскім інтэрнаце, паведамляе euronews.com.

"Паднялася такая паніка, — распавядае відавочца нападу, — што мой сябар у страху выскачыў з акна галоўнага будынка. А акно вельмі высока, але яго гэта не спыніла. Мы бачылі, што тыя, хто нападаў, стралялі па ўсіх і выкрыквалі "Алах Акбар!"

Раненні атрымалі да 50 чалавек, некаторыя знаходзяцца ў крытычным стане. Усе чацвёра нападнікаў былі забітыя.

У момант нападу на тэрыторыі навучальнай установы знаходзілася каля 3 тысяч студэнтаў.

З'явілася інфармацыя, што адказнасць за тэракт узяла на сябе групоўка "Тэхрык-е Талібан Пакістан". Нібыта напад чатырох баевікоў — адказ на антытэрарыстычную аперацыю ў зоне плямёнаў на мяжы з Афганістанам, якую праводзіць пакістанская ўлада.

Аднак афіцыйны прадстаўнік руху "Талібан" у Пакістане Мухамад Хурасані адмаўляе, што талібы стаяць за нападам на ўніверсітэт. Хурасані ў інтэрв'ю ВВС назваў напад на навучальную ўстанову ўчынкам, што супярэчыць ісламу і паабяцаў, што "Талібан" высветліць, хто распаўсюдзіў інфармацыю аб тым, што за атакай стаяць баевікі руху.

Раней Умар Мансур, адзін з камандзіраў "Тэхрык-е Талібан Пакістан", паведаміў агенцтву "Франс Прэс", што напад на ўніверсітэт здзейснілі чацвёра смяротнікаў-талібаў. З яго слоў, напад на навучальную ўстанову быў адказам на нядаўні наступ пакістанскіх вайскоўцаў на пазіцыі талібаў. 

Універсітэт названы імем Бача Хана — духоўнага лідара пуштунаў, паслядоўніка Махатмы Гандзі, які заклікаў да негвалтоўнага супраціву брытанскім каланізатарам. 

Каментаваць