Народная рэвалюцыя

15 лютага на рэферэндуме грамадзяне Венесуэлы падтрымалі шэраг паправак у канстытуцыю, што былі вынесены на грамадскае абмеркаванне прэзідэнтам Уга Чавесам. Прапануем агляд вынікаў галасавання на старонках міжнароднай прэсы.

Левая, асабліва посткамуністычная прэса, каментуе вынікі плебісцыту амаль у эйфарыі. «Так — рэвалюцыі!» — пад такім калонтытулам выйшла блізкай да нямецкай Левай партыі выданне «Junge Welt». Перамога Чавеса параўноўваецца з сапраўднай народнай рэвалюцыі.



15 лютага на рэферэндуме грамадзяне Венесуэлы падтрымалі шэраг паправак у канстытуцыю, што былі вынесены на грамадскае абмеркаванне прэзідэнтам Уга Чавесам. Прапануем агляд вынікаў галасавання на старонках міжнароднай прэсы.

Левая, асабліва посткамуністычная прэса, каментуе вынікі плебісцыту амаль у эйфарыі. «Так — рэвалюцыі!» — пад такім калонтытулам выйшла блізкай да нямецкай Левай партыі выданне «Junge Welt». Перамога Чавеса параўноўваецца з сапраўднай народнай рэвалюцыі.

На жаль, па-за ўвагай такіх каментараў застаецца, напрыклад, колькасная розніца паміж тымі, хто галасаваў «Si» (ісп: «за») і тымі, хто сказаў «No». Сапраўды, перамогу Чавеса цяжка назваць усенароднай: 6 мільёнаў падтрымалі Чавеса, прыкладна пяць — адмовілі яму ў жаданні быць пажыццёвым прэзідэнтам.

Правыя і левацэнтрысцкія выданні дружна крытыкуюць Чавеса. На іх думку, венесуэльскі рэферэндум — гэта спроба адаптаваць дзяржаўныя інстытуты да інтарэсаў і патрэбаў адной асобы.

Іспанская «El Pais» піша: «Нельга вітаць канстытуцыйную рэформу, сэнс якой дазволіць канкрэтнаму палітыку як мага больш заставацца ва ўладзе. Нават у дэмакратычных краінах супольнасць часта не мае імунітэту супраць ціску дзяржавы. У Венесуэлы, дзе дзяржаўныя інстытуты фіктыўныя, а ўсе эканамічныя рэсурсы сканцэнтраваны ў руках дзяржавы, гэты феномен куды больш маштабны. Атрымаўшы горкі ўрок год таму, Чавес на гэты раз сканцэнтраваў усе адміністратыўныя рычагі, каб давесці справу да перамогі».

Тая ж газета «El Pais» прызнае некаторыя поспехі апазіцыянераў: «Праціўнікі Чавеса сабралі на мільён галасоў больш, чым у снежні 2008 года, калі ў краіне прайшлі рэгіянальныя выбары. Таксама апазіцыя кажа, што ўпершыню за дзесяць гадоў праўлення Чавеса краіна падзеленая ў прапорцыі 55 працэнтаў насельніцтва за Чавеса і 45 супраць. Раней расклад быў 60 на 40».

Гэтыя лічбы дазволілі іншай іспанскай, блізкай да кансерватараў, газеце «АВС» заявіць: «Пытанне — адзін мільён». На думку выдання, ёсць відавочна пазітыўная тэндэнцыя, і перамога апазіцыі не за гарамі.

Аднак не ўсе такія аптымісты. Тая ж «El Рais» лічыць, што апазіцыя не здолела развіць поспех, калі ў 2007-м перамагла на рэферэндуме. З іншага боку, выданне прызнае патэнцыял студэнцкага апазіцыйнага руху, які «не маючы ніякага вопыту і рэсурсаў, стаў авангардам кампаніі». Газета піша, што зараз шмат што будзе залежаць ад таго, ці здолее моладзь не расчаравацца і застацца ў палітыцы.

Аргенцінская «Nation», у сваю чаргу, звяртае ўвагу на тое, што апазіцыя не здолела разбурыць электаральную базу Чавеса — бедныя раёны, дзе ўрад актыўна будуе інфраструктуру (школы, шпіталі, танныя крамы). Газета піша пра тое, што колькасць тых, хто пачаў хадзіць на выбары, у гэтых раёнах за 10 гадоў вырасла ўдвая. Іх сімпатыі відавочныя.

Нямецкая «Tageszeitung» пагаджаецца з гэтай думкай. «Мільёны венесуэльцаў апошнім часам адчулі пазітыўныя змены ў сваім жыцці. Больш-менш нармальна сталі працаваць медыцынскія ўстановы, чысцей стала вада для піцця, з’явіліся рэальныя шансы атрымаць адукацыю. Для шматлікіх венесуэльцаў гэта сапраўдная рэвалюцыя. Жудасны разрыў паміж багатымі і беднымі скарачаецца хутчэй, чым у суседніх краінах, і гэта, безумоўна, заслуга Чавеса».

Мексіканская «Jornada» цытуе аднаго з лідэраў апазіцыі Тодара Петкава: «Апазіцыі трэба выйсці за межы антаганістычнай устаноўкі — за або супраць Чавеса. Такі падыход не працуе ў бедных раёнах. Нам трэба формула: «Мы за апазіцыю, аднак не супраць рэформ Чавеса». Стаўка, на думку Петкава, мае быць зроблена на відавочную супярэчнасць дзяржаўнай прапаганды. З аднаго боку, рэжым на словах бачыць асновай свайго рэжыму базавыя дэмакратычныя інстытуты, з іншага — квітнее культ асобы Чавеса. Дзяржава мае страх перад ініцыятывай знізу. За час праўлення Чавеса колькасць дзяржаўных чыноўнікаў вырасла ўдвая.

Аднак нават тыя журналісты заходняй прэсы, якія прызнаюць лагічнасць перамогі Чавеса, кажуць, што будучыня яго рэжыму вельмі туманная.

Тая ж «Tageszeitung» сцвярджае: «Чавесу пашчасціла: ён паспеў правесці рэферэндум да глабальнага эканамічнага крызісу і падзення коштаў на нафту. Усе поспехі сацыяльнай палітыкі Чавеса прыйшліся на часы, калі экспарт нафты прыносіў каласальныя даходы. У 2007 годзе краіна вырабляла штодня 2,6 мільёна барэлей нафты і прадавала іх па 140 долараў за барэль, што прыносіла 77 мільярдаў долараў штогод. Нядзіўна, што палова бюджэту фінансуецца за кошт экспарту нафты. З тых часоў, як кошты на нафту пачалі падаць, у бюджэце з’явіліся першыя дзіркі. Увосень Чавес спрабаваў заспакоіць суайчыннікаў. «Пакуль барэль каштуе больш за 55 долараў, Венесуэле нічога не пагражае, — аптымістычна заявіў ён. Аднак цяпер барэль каштуе 37 долараў. Акрамя таго, краіна залежыць ад імпарту прадуктаў, на якія штогод ідзе 5 мільярдаў долараў».

Рэзюме артыкула — пытанне: «Ці хопіць 80 мільярдаў дзяржаўнага рэзерву, каб працягваць сацыяльныя праграмы да 1012 года, калі адбудуцца наступныя выбары прэзідэнта?» У любым выпадку, рост эканамічнай вытворчасці ўжо скарачаецца. У мінулым годзе рост венесуэльскай гаспадаркі ўпаў з 8 працэнтаў да 4,8 працэнта.



Даведка:

У 1999 годзе з ініцыятывы Уга Чавеса ў краіне была прынятае так званая Баліварская канстытуцыя. Яна перадала ў рукі прэзідэнта больш паўнамоцтваў. Дзяржава атрымала магчымасць у большай ступені кантраляваць эканоміку. Аднак прэзідэнцкі тэрмін у канстытуцыі быў абмежаваны дзвюма кадэнцыямі. У 2007 годзе Чавес упершыню паспрабаваў змяніць гэты параграф, але беспаспяхова: 51 працэнт выбаршчыкаў галасаваў супраць пакету прапанаваных прэзідэнтам паправак. Праз год Чавес абвясціў новы рэферэндум. На гэты раз прапанова была падтрыманая 54 працэнтамі выбаршчыкаў. У ноч на панядзелак шчаслівы Чавес абвясціў пра новы этап баліварскай рэвалюцыі.

Каментаваць