Народнае шчасце


3 лістапада споўнілася сто гадоў з дня нараджэння парагвайскага прэзідэнта Альфрэда Стрэснера — аднаго з самых адыёзных дыктатараў ХХ стагоддзя.



Стрэснер за 35 гадоў свайго кіравання Парагваем (паводле афіцыёзу, гэта эпоха называлася «народнае шчасце») нарабіў столькі, што трапіў у аналы гісторыі.


Цікава параўнаць ацэнку эпохі Стрэснера яго прыхільнікамі і апанентамі. Сімпатызанты Стрэснера ўзгадваюць перш за ўсё эпоху «народнага шчасця» як перыяд стабільнасці і нават трыумфу гуманізму. Калі ў маі 1954 года Стрэснер, камандуючы ўзброенымі сіламі Парагвая, арганізаваў вайсковы пераварот, загінуў толькі адзін чалавек. Але, нягледзячы на перамогу путчыстаў, сам Стрэснер не захацеў абвяшчаць сябе кіраўніком дзяржавы. Ён стаў ім толькі пасля выбараў. Тое, што кандыдатура Стрэснера была на тых выбарах адзінай, а сам ён атрымаў 90 працэнтаў галасоў, фанаты генерала намагаюцца не заўважаюць. Пасля ён такім жа чынам пераабраўся чатыры разы.


Палітычная сістэма пры Стрэснеры была, на думку яго прыхільнікаў, амаль ідэальнай. «Перш за ўсё, ён (Стрэснер) замкнуў на сабе ўсё кіраванне краінай. Ніводнае прызначэнне ў войсках ці ў апараце чыноўнікаў не магло адбыцца без яго згоды. Працоўны дзень генерала пачынаўся ў 4.30 і працягваўся да вечара. Дыктатар асабіста вырашаў любыя спрэчкі і нават побытавыя праблемы. Нядзіўна, што ў праўладную партыю «Каларада» запісалася аж 35 працэнтаў парагвайцаў. А маглі ж пайсці і ў апазіцыю — у краіне акрамя «Каларада» легальна дзейнічалі апазіцыйныя партыі, якім дырэктыўна на кожных выбарах адпісвалася каля 10% галасоў.


У адрозненне ад іншых дыктатараў, генерал не хаваўся за спінамі целаахоўнікаў. Наадварот, амаль кожны вечар у адзіночку катаўся па парагвайскай сталіцы на аўтамабілі. Па вечарах Стрэснер любіў наведвацца ў шахматны клуб, дзе з задавальненнем гуляў з усімі ахвочымі, а па выходных часта аблятаў сваю краіну на самалёце, якім сам жа і кіраваў. Як прыгожую казку ўзгадваюць аматары дыктатара адзін выпадак. Паставы паліцыі адкрыў агонь па машыне дыктатара за тое, што той паехаў на чырвонае святло. Дык вось, таму паліцэйскаму нічога за гэта не было.


Што на гэта кажуць праціўнікі дыктатуры? Тое, што выбары ў Парагваі былі сфальсіфікаваныя. Чыноўнікі вынайшлі такі метад фальсіфікацыі, як «мёртвыя душы» — падчас падліку галасоў улічваліся таксама галасы памерлых выбарцаў, якія, зразумела, галасавалі за кандыдатуру генерала. Што тычыцца фенаменальнай масавасці партыі «Каларада», то сакрэт тут просты. Генерал прымусова загнаў у партыю ўсіх занятых у дзяржаўным сектары, а потым і ўладальнікаў кампаній разам з працоўнымі. Хутка нават труну па льготных коштах можна было набыць выключна пры наяўнасці партбілета. Ну а для «сярэдняга класа» сяброўства ў партыі азначала доступ да сацыяльнага ліфту. Нарэшце, падчас эпохі «народнага шчасця» ў турмах пабывала каля 10% насельніцтва. Яшчэ траціна падалася ў эміграцыю. Колькасць ахвяр, якую прыпісваюць Стрэснеру, складае 50 тысяч чалавек.


Па поглядах на эканамічную сітуацыю пры Стрэснеры ў яго фанатаў і праціўнікаў таксама разыходжанні. Адзін з антыкамуністычных сайтаў піша: «У спадчыну ад папярэднікаў Стрэснеру дасталася спустошаная краіна. Прамысловасць знаходзілася ў зачаткавым стане, інфляцыя была некіраванай, а казна пустая. Першай сваёй задачай ён паставіў барацьбу з інфляцыяй. Для гэтага Стрэснер адмяніў падаткі на экспарт, зменшыў мытныя тарыфы, забараніў крэдыт і правёў дэвальвацыю нацыянальнай валюты. Інфляцыя была пераможаная, і ў краіне пачаўся эканамічны рост. Менавіта Стрэснер навучыў парагвайцаў займацца сояй, пра якую яны раней нічога не чулі. Да 1987 года ўраджай гэтай культуры пераваліў за 1 мільён тон, яе апрацоўка прыносіла каля 150 мільёнаў долараў штогод. Сярэдні ВУП пры дыктатары складаў 4 працэнты.


Аргументацыя праціўнікаў дыктатуры наступная: эканоміка пры Стрэснеры была аддадзеная на водкуп ваеннай эліце ў асобе 35 генералаў, а таксама босам партыі «Каларада». Увесь эканамічны цуд тлумачыцца кантрабандай. Парагвай стаў кантрабанднай сталіцай кантынента, дзе куплялі і прадавалі ўсё і ўся. Так, Парагвай — краіна, якая не вырабляла каву, — пры Стрэснеры быў адным з самых буйных сусветных экспарцёраў гэтага прадукту.


Пры Стрэснеры карупцыя ператварылася ў сродак кіравання дзяржавай. Што тычыцца беспрацоўя, то яго ў Парагваі сапраўды не было. Аднак такі прарыў быў дасягнуты вельмі проста: Стрэснер забараніў згадваць пра беспрацоўных як пра з’яву. Такім чынам, афіцыйна яны перасталі існаваць.


Застаецца апошні прадмет гарачых спрэчак — знешняя палітыка. Прыхільнікі Стрэснера называюць яго геніем дыпламатыі. Не маючы вялікіх рэсурсаў, Стрэснер за кошт таго, што лічыўся галоўным саюзнікам Злучаных Штатаў, дабіўся выгадных дамоў з суседзямі. Самым вялікім поспехам Стрэснера стала дамова з Бразіліяй пра будаўніцтва гіганцкай гідраэлектрастанцыі «Ітаіпу», якая дагэтуль застаецца самай вялікай ГЭС у свеце. Станцыя пакрывае 78% энергетычных патрэбаў Парагвая.


Аднак тут відавочныя супярэчнасці. Адназначная стаўка на тое, што Вашынгтон заўсёды будзе патранаваць Асунсьён (40 працэнтаў бюджэту Парагваю складалася з амерыканскіх датацый), працавала толькі ў 1960–1970-я гады — часы актывізацыі ў Лацінскай Амерыцы левых антыамерыканскіх рухаў. Як толькі прамая пагроза знікла, ЗША вырашылі самі пазбавіцца ад свайго «сукінага сына». Рональд Рэйган першым назваў Стрэснера дыктатарам і скасаваў фінансавую дапамогу для Парагваю. Гэта дабіла мясцовую эканоміку, якую і так ліхарадзіла з-за міжнародных санкцый. Акрамя таго, Стрэснеру на гэты час было за 80 гадоў. Ён мала цікавіўся тым, што адбываецца. Між тым, адпаведна прыдуманым ім правілам, нават атрымаць пагоны сяржанта было нельга без згоды генерала.


У выніку дзяржаўны апарат пачаў мізарнець. Эліце гэта не спадабалася, і пераварот, які арганізаваў адзін з родных Стрэснера, не прымусіў сябе доўга чакаць. Праўда, генералу дазволілі пакінуць краіну. Ён памёр у Бразіліі ў 2006 годзе.


Вось такія дэбаты паміж тымі, хто за і хто супраць Стрэснера. Самае цікавае, што парагвайцы ў іх мала ўдзельнічаюць. Тут, здаецца, даўно існуе кансэнсус наконт таго, што прынесла людзям эра «народнага шчасця». Соты юбілей дыктатара прайшоў вельмі ціха. Адзіныя, хто скандаліў, — дзеці Альфрэда, якія патрабуюць вяртання парэшткаў Стрэснера. Аднак яны ў яўнай меншасці. На 100-ы дзень нараджэння дыктатара на яго могілкі ў Бразіліі была пакладзена толькі адна кветка.

Каментаваць