Нашчадкі Залатой Арды

Краіны Cярэдняй Азіі перасварыліся за права лічыцца нашчадкамі Залатой Арды і, адпаведна, валодаць ўсёй тэрыторыяй былой мангольскай дзяржавы. Вінаватая публікацыя на 12news.uz артыкула акадэміка Рустамжана Абдулаева. 



На перакананне Абдулаева, Узбекістан, зыходзячы са сваёй шматвяковай гісторыі, «мае права быць правапераемнікам не толькі СССР (!), але і дзяржавы, якую расійскія гісторыкі памылкова называюць Залатой Ардой, але якая на самай справе насіла назву Узбекістан«.

Як вынік, Узбекістан абавязаны ўключыць у свае межы тэрыторыю Кыргызстана, Таджыкістана, Туркменіі і часткова Казахстана (землі былой Залатой Арды). Аўтар заяўляе прэтэнзіі нават на Крым як на былы ўлус усё той жа ардынскай дзяржавы. Нечакана ў спіс тэрыторый, якія павінны стаць часткай Узбекістана, трапіла і Арменія.

На думку Рустамжона, Арменіі варта прад'явіць прэтэнзіі за ўдзел дашнакоў (прадстаўнікоў радыкальнага армянскага руху «Дашнакцуцюн») у разгроме Туркестанскай аўтаноміі ў 1918 годзе (дашнакі ў той час дапамагалі атрадам чырвонаармейцаў).

Вар'яцтва — скажа нехта. На карысць такога дыягназу ўскосна сведчаць іншыя публікацыі акадэміка Абдулаева. Напрыклад, ён выводзіць усю расійскую эліту, уключна з дынастыяй Раманавых, ад узбекскага прозвішча. На гэтай падставе Пуціну прапануецца назваць будучы Еўразійскі Саюз — Узбекістан. З такім падыходам згодныя далёка не ўсе калегі Абдулаева. «Я добра ведаю працы Рустамжона Абдулаева. На жаль, яго цяжка назваць сапраўдным навукоўцам, у яго рэпутацыя гарадскога вар'ята«, — заявіў агенцтву «Росбалт» доктар гістарычных навук, спецыяліст па Сярэдняй Азіі Сяргей Абашын.

Між тым, шэраг палітолагаў убачылі тут не менш як контуры новай знешнепалітычнай дактрыны Ташкенту. Яны звяртаюць увагу, што сайт 12news. uz — афіцыйнае выданне, а курыруе яго былы кіраўнік савета бяспекі, а цяпер афіцыйны дарадчык Карымава — Дзільшод Нурулаеў. Выпадковасці тут быць таксама не магло, паколькі ва Узбекістане пануе татальная цэнзура, якая не прапусціць такі выбуховы матэрыял без санкцыі з самага верху.

Да таго ж артыкул Рустамжона Абдулаева фрагментарна дубліруе афіцыйную знешнепалітычную дактрыну Іслама Карымава. Згодна з новай узбекскай гістарыяграфіяй, заснавальнікам узбекскай дзяржаўнасці з'яўляецца Цімур (Тамерлан), якога тут называюць не інакш як уладаром трох частак свету — Еўропы, Азіі і Афрыкі. Лічыцца, што ў зону ўплыву Цімура ўваходзіла і сярэднявечная Русь.

Варта адзначыць, што ўзбекская апазіцыя цалкам пагадзілася з высновай аб заказным характары артыкула. Паэт і лідар апазіцыйнага Народнага Дэмакратычнага Руху Узбекістана Мухамад Саліх кажа: «Гэты артыкул зроблены па ўказцы ўзбекскага прэзідэнта. Калі б Абдулаеў напісаў такое без санкцыі, яго б папросту забілі«.

Усур'ёз успрынялі разважанні Рустамжона ў суседнім Казахстане — канкурэнце Узбекістана ў барацьбе за статус рэгіянальнага лідара. Апаніраваць Абдулаеву вырашыў палітолаг Даніяр Ашымбаеў. Тэзісы яго матэрыялу не менш экстравагантныя. Паводле яго слоў, «у Кіргізіі і Узбекістане склалася няпростая палітычная сітуацыя«.

У гэтых умовах, лічыць палітолаг, «было б мэтазгодна разгледзець пытанне пра патэнцыйнае ўключэнне Узбекістана і Кыргызстана ў склад Казахстана на правах аўтаноміі. Гаворка можа ісці як пра анексію, так і пра мірнае аб'яднанне Цэнтральнай Азіі пад крылом найбольш стабільнай і развітой дзяржавы».

Даніяр таксама мяркуе, што казахстанскае дамінаванне ў рэгіёне апраўдана гістарычна. «Протаказахскія і казахскія плямёны дамінавалі ў рэгіёне (Хунны, Цюркскі каганат, Мангольская імперыя і яе спадчыннiкi). Урэшце, сам Ташкент быў сталіцай Казахскага ханства«.

Увогуле, артыкул Рустамжона выклікаў выбух фантазіі нацыяналістаў усіх краін, якіх аўтар лічыць часткай Узбекістану. Так, на армянскіх інтэрнэт-форумах заклікаюць патрабаваць ад Узбекістана перайсці пад пратэктарат Ерэвана, паколькі з ідэяй дзяржаўнасці народы Каўказу і Сярэдняй Азіі, быццам, пазнаёмілі армяне. А ў Кіргізіі, аналізуючы старажытны эпас «Манас», прыйшлі да высновы, што калісьці тут існаваў Кіргізскі каганат, які ўключаў, адпаведна, і Казахстан, і Узбекістан.

Дыскусія вакол артыкулу Абдулаева дасягнула кульмінацыі пасля перастрэлкі 26 ліпеня на ўзбекска-кіргізскай мяжы. Хутка знайшоўся шэраг экспертаў, якія правялі сувязь паміж згаданай публікацыяй і інцыдэнтам. «Стральбу на мяжы можна было б спісаць на хуліганства не надта дысцыплінаваных вайскоўцаў, калі б яна дзіўным чынам не супала з цэлым шэрагам палітычных заяваў, што прагучалі з Ташкента. …Перастрэлка паміж кіргізскімі і ўзбекскімі памежнікамі, падчас якой загінулі двое вайскоўцаў, цалкам можа стаць фрагментам прэлюдыі да вялікай сярэднеазіяцкай вайны. Уцягнутыя ў яе будуць, як мінімум, пяць былых савецкіх рэспублік, у тым ліку і Расія«.

Такія жудасныя сцэнары, натуральна, не спраўдзіліся, хаця напружанасць на мяжы Кіргізіі і Узбекістана захоўваецца. На цяперашні момант мяжа зачыненая.

Між тым артыкул, вакол якога разгарэлася такая эмацыйная дыскусія, нечакана знік з сайта 12news. uz. Зараз гэта гісторыя выглядае кур'ёзам. Можна меркаваць, што інтарэс да артыкулу Рустамжона цалкам штучны. Проста на двары час адпачынкаў, калі на інфармацыйным рынку штыль. Дзякуючы дэфіцыту навін правакацыйныя ідэі ўзбекскага акадэміка нечакана апынуліся ў цэнтры ўвагі СМІ.

Аднак справа на гэтым не скончылася. Узнікла версія, што Рустамжона нехта выкарыстаў. Так, амерыканскі cаветолаг Пол Гобл лічыць што артыкул меў выразна функцыянальную задачу. «Гэты артыкул, магчыма, з'яўляецца «пробным шарам» для праверкі рэакцыі міжнароднай супольнасці. Але можна разгледзець і іншую версію. Яна магла быць ініцыяваная якраз тымі сіламі, якія не хочуць, каб Ташкент ўступіў у NАТО«.

З гэтым згодныя расійскія чырвона-карычневыя СМІ. «Каб абгрунтаваць і апраўдаць намер трапіць у амерыканскі ваенны блок, Узбекістан у асобе Р. Абдулаева (будзем называць аўтара так), вылучыў шэраг пунктаў і падпунктаў, якія вызначаюць «навіслыя над Узбекістанам ваенныя пагрозы, пагрозы прыродна-тэхнагеннага характару, пагрозы, звязаныя з міжнацыянальнымі канфліктамі і лішкам працоўных рэсурсаў«, прадухіліць якія, «магчыма толькі адным спосабам — шляхам уступлення Узбекістана ў NАТО«, піша адзін з журналістаў.

Іншыя выдзяляюць у тэксце акадэміка блок, які прысвечаны Таджыкістану.

На адрас Таджыкістана аўтар выказаў асаблівыя тэрытарыяльныя прэтэнзіі. Прычым не толькі зямельныя, але і водныя.

Гаворка пра незадаволенасць Ташкента праектам Рагунскай ГЭС, якую Душанбэ будуе разам з Расіяй. Па тэксту атрымліваецца, што ўваход Узбекістана ў NАТО будзе азначаць канфлікт Таджыкістана з усім Паўночным альянсам.

Ёсць версія, што замовіў скандальную публікацыю сам Карымаў. «Тое, што 75-гадовы Іслам Карымаў усё больш аддаляецца ад рэальнасці, ужо не сакрэт. Сваімі імправізаванымі выступамі перад публікай ён усё часцей ставіць сябе ў смешнае і вартае жалю становішча. Таму ён і вырашыў празандзіраваць глебу з дапамогай прафесарскага трызнення«, — піша адзін з узбекскіх апазіцыянераў.

Якая б версія ў выніку не аказалася слушнай, зразумела адно: стабільнасць у Сярэдняй Азіі вельмі няўстойлівая. Інакш бы мясцовая супольнасць так эмацыйна не рэагавала на відавочную медыйную правакацыю. Таксама нельга не заўважыць важную ролю прымітыўных гістарыяграфічных канцэпцый, на аснове якіх часта будуецца афіцыйная ідэалогія постсавецкіх дзяржаў гэтага рэгіёну. Тыя канцэпцыі яўна супярэчаць адна адной, што ў будучыні пагражае новымі рэгіянальнымі канфліктамі.

Каментаваць