Нашто Чавесу Балівар

У Венесуэле ўскрылі магілу Сімона Балівара — героя вайны за незалежнасць Лацінскай Амерыкі. Чавес абяцае вялікую сенсацыю.



У Венесуэле ўскрылі магілу Сімона Балівара — героя вайны за незалежнасць Лацінскай Амерыкі. Чавес абяцае вялікую сенсацыю.

Упершыню пра эксгумацыю Балівара свет даведаўся не з афіцыйных крыніц, а з персанальнага твітэра Уга Чавеса. У паведамленні было сказана: “Вітаю, сябры! Гэтай ноччу я перажыў адзін з самых эмацыйных момантаў свайго жыцця. Мы пабачылі рэшткі вялікага Балівара, — пісаў Чавес. “Вялікі шкілет павінен належаць Балівару, паколькі адчуваецца нейкі дух. Балівар жыве! — распавёў таксама ў сваім твітэры венесуэльскі чыноўнік, сведка падзеі. Пазней у адміністрацыі Чавеса прызналі факт ускрыцця магілы Балівара, якая знаходзіцца ў будынку нацыянальнага пантэона ў Каракасе.

Цяпер усё, што было знойдзена ў труне, уважліва даследуюць навукоўцы. Іх асноўная задача — высветліць сапраўдныя прычыны смерці Сімона Балівара. Славуты дзеяч памёр у далёкім 1830 годзе. Паводле цяперашняй асноўнай версіі, прычынай смерці Вызваліцеля (прозвішча Балівара) быў туберкулёз. Аднак Чавес — правадыр абвешчанай ім самім баліварскай рэвалюцыі — упарта сцвярджае, што Балівара забілі, як мінімум атруцілі. Пры гэтым ён спасылаецца на нейкія мемуары сучасніка Балівара, хаця прозвішча аўтара не згадвае. Ён таксама кажа пра маральны абавязак венесуэльцаў высветліць прычыны смерці рэвалюцыянера, паколькі ягоныя рэшткі ў любы час могуць… знікнуць.

Увогуле, спекуляцыі на папулярнай у народзе асобе Балівара — стары папулісцкі трук у Венесуэле. Чавес у гэтай галіне не адкрыў Амерыкі. Аднак пры Чавесе постаць Балівара стала цэнтральным элементам палітычнай ідэнтыфікацыі. Культ Балівара з’яўляецца часткай афіцыйнай ідэалогіі цяперашняй Венесуэлы. Можна згадаць, што пасля прыходу да ўлады Чавес змяніў назву краіны. Былая Рэспубліка Венесуэла стала Баліварскай Рэспублікай Венесуэла.

Шануецца ўсё, што звязана з імем Вызваліцеля. Так, увесну з паўночнага Перу перанеслі ў Каракас парэшткі каханкі Балівара. У дзіцячых кніжках шмат месца прысвечана Навара — любімаму сабаку Балівара.

Больш таго, Уга кажа, што ён — сын Балівара, хаця і ў духоўным сэнсе. “Я сын Балівара, а Альвара Урыбе (прэзідэнт Калумбіі, палітычны праціўнік Уга) — сын здрадніка Сантандэра, — падкрэслівае венесуэльскі прэзідэнт. Францыска Сантандэр — паплечнік Балівара, які быў у свой час асуджаны за спробу забіць Вызваліцеля.

Чавес і яго паслядоўнікі сцвярджаюць, што іх палітыка грунтуецца на ідэйнай спадчыне Балівара. Мелі і маюць месца спробы стварыць з твораў Вызваліцеля больш-менш стройную арыгінальную дактрыну. Галоўны пункт канцэпцыі — пачатая Баліварам вайна за незалежнасць працягваецца і зараз, з той толькі розніцай, што галоўны вораг народаў Лацінскай Амерыкі зараз не Іспанія, а Злучаныя Штаты.

Такога кшталту інтэлектуальныя прарывы іранічна ўспрымаюцца сярод апанентаў рэжыму. Гэта тое ж самае, што аб’яднаць вужа і вожыка, кажуць яны. Па іх словах, Балівар быў сынам свайго часу, калі грамадства было падзеленае на прыхільнікаў і праціўнікаў лозунгаў Французскай рэвалюцыі. Адпаведна, сам Балівар належаў да лагеру якабінскай рэспубліканскай буржуазіі. Чавес, які называе сябе пераемнікам Балівара, ідэалізуе кубінскі досвед і спрабуе будаваць сацыялізм у ХХІ стагоддзі.

Не спадабалася апазіцыі і ідэя эксгумацыі Балівара. Па словах яе лідэраў, асноўным матывам для Чавеса капацца ў магілах з’яўляецца неабходнасць стварэння медыйнай падзеі, якая б магла адцягнуць увагу грамадства ад мінорнага стану рэчаў у эканоміцы. Толькі ў чэрвені інфляцыя склала 31 працэнт — самы высокі паказнік ва ўсёй Лацінскай Амерыцы. Апублікаваная на днях статыстыка эканамічных індэксаў за першы трыместр сведчыць пра рэцэсію венесуэльскай гаспадаркі.

Трэба таксама ўлічыць асаблівасці мясцовага палітычнага календара. На носе выбары. 26 верасня грамадзяне краіны павінны абраць новы склад парламенту. Апазіцыя, якая байкатавала папярэднія выбары, марыць узяць рэванш.

Важна ўлічыць таксама тое, што дзяржаўныя СМІ ўвесь час кажуць пра намеры ворагаў баліварскай рэвалюцыі забіць яе лідэра. Іншымі словамі, калі навукоўцы давядуць, што Балівара сапраўды тайна забілі, узнікае асацыяцыя паміж ім і Чавесам. Гэты момант, безумоўна, будзе выкарыстаны афіцыйнымі прапагандыстамі.

На карысць трактоўкі апазіцыі працуе таксама пазіцыя гісторыкаў. Навуковы свет вельмі скептычна ставяцца да тэзісу Чавеса пра тое, што Балівара маглі забіць. Іспанскае выданне “El Pais дае слова дырэктару Нацыянальная акадэміі гісторыі. Навуковец адзначае: “Не існуе ніякіх падстаў казаць пра тое, што Балівара маглі забіць. За ўвесь час з 1830 года ніводны гісторык нават не прапаноўваў такую версію.

З іншага боку, даследаванне рэшткаў Балівара будзе праводзіць вядомы іспанскі эксперт. Калі б мела месца палітычная замова, то, думаецца, улады знайшлі б якога-небудзь больш лаяльнага навукоўца. Увогуле, у даследаванні рэшткаў Балівара прымуць удзел 50 навукоўцаў.

Аднак прысмак таго, што ва ўсім гэтым замешана палітычная кан’юнктура, усё ж застаецца. Не верыцца, што такая вялікая медыйная кампанія вакол эксгумацыі Вызваліцеля застанецца без сенсацыі. Грамадства заінтрыгавалі і настроілі на сюрпрыз.

Прынамсі ВВС цытуе аднаго з прадстаўнікоў адміністрацыі, які кажа, што навукоўцы ўжо накапалі ў магіле Балівара нешта вельмі цікавае і хутка пазнаёмяць грамадства са сваім адкрыццём.

Каментаваць