Нашто казаху Мытны саюз?

Да гэтага часу беларусы не разумеюць, нашто ім спатрэбіўся створаны ў снежні Мытны саюз з Расіяй і Казахстанам. Тое ж пытанне, здаецца, задаюць і казахі. Прапануем агляд казахскай прэсы і інтэрнэт-форумаў на тэму мытнай інтэграцыі.



Да гэтага часу беларусы не разумеюць, нашто ім спатрэбіўся створаны ў снежні Мытны саюз з Расіяй і Казахстанам. Тое ж пытанне, здаецца, задаюць і казахі. Прапануем агляд казахскай прэсы і інтэрнэт-форумаў на тэму мытнай інтэграцыі.

«Краіна займее выгады з павелічэння аб’ёмаў гандлю, атрымае паляпшэнне інвестыцыйнага клімату і іншыя перавагі, якія павінны з’явіцца, па запэўніваннях, у выніку свабоднага руху працоўнай сілы і капіталу ў межах дзяржаў мытнага аб’яднання», — адзначае «Казахстанская праўда», блізкая да адміністрацыі Назарбаева.

Аднак шэраг незалежных аналітыкаў не падзяляюць аптымізму каманды прэзідэнта адносна таго, што Казахстан можа атрымаць эканамічную карысць ад сяброўства ў МС. Іх галоўны тэзіс: ліквідацыя мытных бар’ераў можа прывесці да насычэння мясцовага рынку імпартнымі таварамі і падарваць пазіцыі айчынных вытворцаў. Таксама вынікам гэтага можа стаць узмацненне інфляцыі.

Аналітык Дасым Сатпаеў у газеце «Казахстан сегодня» адзначае: «Вялікія прыродныя рэсурсы Расіі і яе параўнальна добра развітая прамысловасць і канкурэнтаздольныя прадукты, верагодна, атрымаюць перавагу на рынку Казахстана за наступныя тры ці чатыры гады».

Ён таксама заўважае, што казахскія прадукты сельскай гаспадаркі і малочныя вырабы адстаюць па якасці, дызайну і маркетынгавых параметрах ад аналагічных прадуктаў вытворцаў з Расіі і Беларусі.

Папулярная ідэя пра тое, што Мытны саюз стаў своеасаблівым выратавальным кругам для крызіснай казахскай эканомікі: «Думаю, што МС патрэбны Казахстану, паколькі за гэтыя 20 гадоў Казахстан моцна сеў на «сыравінную іголку» як у прамысловых, так і ў сельскагаспадарчых адносінах. Летась у сваім пасланні Назарбаеў казаў, што звыш 50–60 працэнтаў усіх харчовых і іншых тавараў завозіцца з-за мяжы. Таму выгодней у эканамічным, коштавым плане вялікую частку гэтых тавараў закупляць у Расіі і ў Беларусі, чым везці з іншых краін і кантынентаў», — піша на інтэрнэт-форуме zona-kz нехта Сербандзінаў.

Аднак такія сербандзінавы ў відавочнай меншасці. Паколькі Казахстан не гатовы да роўнай эканамічнай інтэграцыі, аналітыкі схіляюцца да думкі, што рашэнне пра ўступленне ў МС было палітычным актам. Аднак з якой мэтай? На гэта пытанне ёсць шмат адказаў.

Па словах эксперта Эдуарда Палетаева, «частка яго (Назарбаева) стратэгіі заключалася ў гарантаванні таго, каб шматлікая этнічная супольнасць рускіх, якія кампактна пражываюць на поўначы краіны, адчувала, што ў іх ёсць будучыня ў незалежнай дзяржаве Казахстан». Палетаеў блізкі да думкі тых, хто лічыць, што Назарбаеву патрэбны МС, каб вырашыць інжынерны голад.

«…Казахі паспяхова сталі нацыяй гандляроў — за гэтыя суверэнныя гады тое ведае кожны. З іншага боку, жадаем мы гэтага ці не жадаем, падабаецца нам ці не, трэба прызнаць, што ў савецкія гады ўсе заводы, фабрыкі і іншыя прадпрыемствы, якія былі ў Казахскай ССР, працавалі за кошт высокакваліфікаваных кадраў з Расіі, Украіны. Ніколі казахі не складалі большасці ў гэтай катэгорыі. І нават тады, галоўным чынам, казахі імкнуліся атрымліваць не тэхнічную адукацыю і спецыяльнасці. А з 1991 года ў большасці сваёй нашы студэнты набываюць эканамічную і юрыдычную адукацыю. Спытай кожнага — ва ўсіх адна мара: стаць кіраўніком» (Асад).

Другая катэгорыя экспертаў і каментатараў лічыць, што Назарбаеў заключыўшы Мытны саюз, хацеў падтрымаць свой імідж інтэгратара СНД (менавіта так яго называе казахскі афіцыёз).

«Назарбаеў лічыць сябе бацькам інтэграцыйных працэсаў у межах СНД, і ён разглядае Мытны саюз вынікам уласных высілкаў, як сваё стварэнне», — падкрэслівае казахская служба «Радыё Свабода».

Нарэшце, існуе і трэцяя думка: Назарбаеў прадаўся Маскве. «Эйша таймс анлайн» у рэдакцыйным артыкуле адзначае: «У Масквы цалкам можа быць геапалітычная цікавасць у больш цесным уключэнні ў арбіту ўласнага ўплыву і дамінаванні найбольш багатай і самай паспяховай эканомікі Цэнтральнай Азіі — іншымі словамі, Казахстана».

На форумах можна сустрэць меркаванне, што для Масквы ідэя прывязкі Казахстана стаіць на другім месцы. Зараз галоўнае для расіян — не пусціць у рэгіён Кітай.

«Мытны саюз Расіі не выгадны, бо, напрыклад, НДС там 18% супраць 12% у Казахстане. Гэта азначае, што пры аднолькавым сабекошце тавар з Казахстана будзе танней. Ёсць і шэраг іншых фактараў, з-за якіх кіраўніцтва мытнай службы РФ прагназуе страту прыбыткаў бюджэту 378 мільярдаў рублёў штогод. Хоць яны, магчыма, плануюць пакрыць гэтыя выдаткі за кошт продажу сваіх аўтамабіляў. Тым не менш, стварэнне МС — гэта хутчэй палітычнае рашэнне, чым эканамічнае. Як наш адказ кітайскай экспансіі» (Хамза).

Цікава, што шматлікія наведвальнікі інтэрнэт-форумаў крытыкуюць Назарбаева за тое, што ён аддаў перавагу Маскве, а не Пекіну.

«Ідэя МС можа быць перспектыўнай, калі ў яго ўключыць, напрыклад, такога рэгіянальнага гіганта, як Кітай. Кітай лепш за любую іншую краіну можа праводзіць мудрую палітыку і ісці на кампрамісныя ўмовы. Трэба ўмець з ім супрацоўнічаць», — дзеліцца рэцэптам нехта Аліеў.

На форумах хапае версій наконт таго, што Назарбаеў заключыў гэты саюз, паколькі ён марыянетка Крамля. Вось іхні аналіз: «Я думаю, наш паважаны прэзідэнт настальгуе па СССР. Ён з пакалення СССР. І вось савецкі вектар, але трэба мець на ўвазе: у Расіі ёсць так званыя ва ўсім свеце «імперскія амбіцыі»! Не дай Алах нам зноў стаць калоніяй Расіі!»

У казахаў з радыкальнымі нацыяналістычнымі поглядамі свая альтэрнатыва Мытнаму саюзу: «Трэба аб’яднацца ў «Цюркскі саюз»! Вось перспектыва для Казахстана! А Расія ёсць Расія, пакуль рускія не перастануць лічыць сябе «дзяржавай» ці «вышэйшай расай» з імі ніхто не будзе весці канструктыўны дыялог!»

Як бачым, казахскае грамадства таксама не вельмі разумее сутнасць Мытнага саюза і хутчэй не давярае праекту, разглядаючы яго як змову палітычных элітаў Масквы і Астаны, прычым з карыснымі мэтамі.

Застаецца дадаць наконт іміджу Беларусі ў казахскай дыскусіі наконт МС. Як правіла, казахі думаюць, што наша сяброўства — гэта нейкі хітры выбрык Лукашэнкі. «Бацька — прамы чалавек, калі яго краіне ад МС стане горш, то ён проста плюне на такі саюз», — кажа адзін з казахскіх юзераў.

Каментаваць