Нашто Назарбаеву Шакай?

11 верасня ў сталіцы Казахстана адбылася кінапрэм’ера. Гледачы пабачылі стужку «Мустафа Шакай». Карціна стала сапраўднай бомбай. Для гэтага ёсць як мінімум дзве прычыны.



Па-першае, стужка прысвечаная Мустафе Шакаю (Чокаю) — вядомаму казахскаму палітыку, які ў часы Другой сусветнай вайны супрацоўнічаў з Гітлерам. Па-другое, фільм быў зроблены на дзяржаўныя грошы, а сам Мустафа (вядома, не без патрабавання замоўца карціны) выглядае на экране ў дастаткова пазітыўным ракурсе. Дарэчы, гэта ўжо не першая стужка, прысвечаная Мустафе. Раней пабачылі свет карціна «Шляхі Мустафа Чакая» і некалькі дакументальных карцін пра яго лёс.

Аднак спачатку пра фільм. У аснове сюжэта — ланцуг успамінаў Марыны Горынай, жонкі галоўнага героя, якая, дарэчы, збегла да Мустафы ад свайго мужа — расійскага арыстакрата і пракурора Ташкента.

На той час Шакай, якому было ўсяго 26 гадоў, знаходзіўся ў зеніце славы, паколькі ўзначальваў сакратарыят фракцыі мусульман Дзяржаўнай Думы Расійскай Імперыі. Пасля ў яго біяграфіі пачалася чорная паласа. Хаця пасля рэвалюцыі Шакай засвяціўся амаль ва ўсіх антыбальшавіцкіх выступах у Цэнтральнай Азіі, ніводны з іх не закончыўся поспехам. У выніку Мустафа з дапамогай асабістага сябры Аляксандра Керанскага накіраваўся ў эміграцыю ў Парыж, дзе яму з жонкай у матэрыяльным плане, відавочна, было не салодка.

Аднак у 1941 годзе эмігрант зноў стаў запатрабаваны ў вялікіх геапалітычных гульнях. Шакай пагадзіўся стаць адказным за фармаванне прагерманскіх вайсковай адзінкі ў складзе Вермахту, якая мела быць створана на базе савецкіх ваеннапалонных з цюркскіх рэгіёнаў СССР. Новае фармаванне называлася Туркестанцкі легіён. За падтрымку нацысты абяцалі Шакаю стварэнне Туркестанскай дзяржавы пад пратэктаратам Германіі, якая павінна была ўключаць, акрамя Сярэдняй Азіі і Казахстана, яшчэ і Башкірыю, Паволжа, Азербайджан, Паўночны Каўказ і нават кітайскі Сіньцзян.

Падчас працы па стварэнні Туркестанскага легіёну Шакай захварэў і ў снежні 1941-га памёр. Але яго смерць не паўплывала на планы гітлераўцаў. Туркестанцкі легіён быў сфармаваны, хаця і выкарыстоўваўся галоўным чынам як тылавая частка. Нягледзячы на тое, што Шакай памёр да таго, як корпус быў канчаткова сфармаваны, у савецкі час за ім замацавалася мянушка «Казахскі Уласаў».

Рэвізія поглядаў на дзейнасць Шакая пачалася толькі ў незалежным Казахстане. Нацыяналістамі была прапанаваная наступная трактоўка супрацы Шакая з фашыстамі: «Шакай здолеў выратаваць з фашысцкіх канцлагераў дзясяткі тысяч ваеннапалонных, якіх, з улікам таго, што СССР не падпісаў Жэнеўскую канвенцыю аб правах палонных, чакала смерць. Калі ў спісе Шындлера, па розных звестках, было ад 1100 да 1300 выратаваных чалавек, то на рахунку Шакая — 180 тысяч! Амаль усе яны засталіся за мяжой. А калі б яны вярнуліся на радзіму, то іх адразу б расстралялі».

Агучваецца і версія пра тое, што Мустафу атруцілі гестапаўцы. Афіцыйны дыягназ «заражэнне крыві на фоне развіцця эпідэміі сыпнога тыфу, якім ён мог заразіцца пры наведванні канцлагераў, дзе ён сустракаўся з палоннымі». Але такія ж сімптомы, на думку некаторых медыкаў, маглі быць і пры атручванні. Да таго ж у сваіх успамінах жонка ўзгадвае, што Мустафа ўжо перахварэў на тыф у Туркестане, і ў яго павінен быў захавацца імунітэт.

Нашто фашыстам было забіваць Мустафу? Аказвацца, ён не праяўляў патрэбнай лаяльнасці на адрас гаспадароў. Калі верыць некаторым гісторыкам, палітык патрабаваў ад немцаў, каб Туркестанскі легіён змагаўся толькі на этапе падыходу Вермахту да межаў Туркестана. Пры гэтым Мустафа сыходзіў з прынцыпу нацыянальна-вызвольнага руху, паводле якога любы рух з’яўляецца нацыянальна-вызваленчым толькі тады, калі ён падтрыманы народам. Некаторыя ў атручванні Шакая падазраюць яго паплечніка, узбека Валі Каюма, які пасля смерці Мустафы і ўзначаліў той самы Туркестанскі легіён.

Спробы рэабілітацыі Шакая з самага пачатку не падабаліся рускамоўнай грамадзе Казахстану. Нехта Віталь Хлюпін разважае: «Ён (Мустафа Шакай) быў мабілізаваны, выязджаў па заданні германскага камандавання ў лагеры ваеннапалонных, дзе складаў спісы патэнцыйных здраднікаў. Больш за тое — распрацаваў аналітычнае абгрунтаванне — праект фармавання вызваленчай арміі. З адным толькі нюансам — «выкарыстоўванне» Туркестанскай часткі Вермахта на фронце павінна мець месца толькі пры набліжэнні да межаў Туркестана! І што тут яшчэ і каму даказваць? Калі гэта не супрацоўніцтва, то што? Якімі яшчэ словамі, юрыдычнымі тэрмінамі можна выказаць дадзеныя факты?»

У мінулым годзе слухалася справа супраць адной з газет Усць-Каменагорску, якая назвала Шакая «памагатым фашыстаў». У выніку рэдакцыя справу прайграла. Суддзя аргументаваў канчатковы вердыкт спасылкай на даведку з рэспубліканскай Генпракуратуры. Гэтай установай справа аб супрацоўніцтве Шакая з фашыстамі не ўзбуджалася. Фармальна, калабарантам Мустафа не быў. У выніку журналістаў засудзілі на 700 долараў.

Апошнім часам афіцыйная Астана шмат працуе над стварэннем нацыянальнай гістарыяграфіі, галоўная мэта якой — цэльнасць гісторыі Казахстану, адмова ад полюсных ацэнак той ці іншай падзеі або асобы. Тое ж тычыцца і постаці Шакая. У чэрвені на зборах выкладчыкаў гісторыі казахскі дзяржсакратар Марат Тажын патрабаваў адмовіцца ад савецкіх трактовак дзейнасці і спадчыны Мустафы.

Актыўна ідзе і партбудаўніцтва нацыяналістычнай арганізацыі «Улы дала», якую патрануе дзяржава. Апошнім часам чыноўнікі заняліся структураваннем новага аб’яднання. На думку некаторых экспертаў, фактычна, мы маем справу з грамадскай арганізацыяй, якая стане выкарыстоўваць партыйныя механізмы кіравання і сваёй структурай таксама будзе нагадваць палітычную партыю. «Улы дала» аб’ядноўвае частку інтэлігенцыі, якая мае індульгенцыю на тое, каб у дазволеных рамках абараняць мову і культурныя традыцыі казахаў.

Палітолагі лічаць, што інтарэс да нацыяналістычнай тэматыкі з’явіўся ў Назарбаева невыпадкова. Не толькі сярод простых людзей, аднак нават сярод чыноўнікаў папулярная думка, што Мытны саюз пагражае суверэнітэту Казахстану. Таксама запатрабаваная ў грамадстве антыкітайская рыторыка. Не дарма адной з самай гучных акцый праўладных нацыяналістаў стала кампанія супраць кітайскага журналіста Хунь Бао, які на адным з сайтаў КНР распаўсюдзіў інфармацыю аб тым, што казахі настолькі гасцінныя, што гатовыя аддаць госцю на ноч уласную дачку, а права першай шлюбнай ночы з нявестай належыць бацьку жаніха. У выніку шэрагу пікетаў і петыцый скандальны артыкул з сайта прыбралі.

Брэнд Мустафы Шакая, сапраўды, патрэбны казахскай уладзе для кантролю над нацыяналістычным дыскурсам. Іншая справа — наколькі погляды самога Шакая пасуюць учынкам Назарбаева. Нягледзячы на кантакты з нацыстамі ў абсалютнай большасці сваіх публіцыстычных прац Шакай выступаў за дэмакратычны выбар для народаў Сярэдняй Азіі, што, відавочна, супярэчыць цяперашнім аўтарытарным казахскім рэаліям. 

Каментаваць