Нашто Польшчы кароль?

Епіскапат Польшчы вырашыў, што краіне патрэбны кароль, якім можа стаць толькі Ісус Хрыстос. Таму 19 лістапада 2016 года ў сілезскім горадзе Лагевнікі (Łagiewniki) адбудзецца акт «intronizacjа» — уваходжанне на трон. Іншыя дэталі імпрэзы зараз абмяркоўваюцца сярод кіраўніцтва кліру і каталіцкай грамадскасці. 



Фота ursa-tm.ru


Каб зразумець, у чым сэнс незвычайнай ініцыятывы, патрэбны экскурс у гісторыю пытання. І перш за ўсё трэба нагадаць, што Польшча прыняла хрысціянства ў 966 годзе. Таму на ўсе юбілеі, нават не круглыя, актывізуецца клерыкальная частка палякаў. Так было і ў 2006 годзе, калі адзін з дэпутатаў ад кансерватыўнай партыі «Права і Справядлівасць» (PiS) прапанаваў Сейму абвясціць Ісуса каралём Польшчы. Матываваў ён гэта тым, што «тысячагадовая гісторыя польскага народа пачынаецца хрышчэннем Польшчы ў 966, дзякуючы чаму наша радзіма сфармавалася як дзяржава». Таксама палітык акцэнтаваў увагу на тым, што «ідэнтычнасць польскага народа неаддзельная ад каталіцкай веры».

Прапанова падалася тады шмат каму дзіўнай. Незвычайны законапраект пра караля Ісуса падтрымалі толькі 46 дэпутатаў. Нават сярод сябраў фракцыі PiS адзінай думкі наконт ідэі не было. Напэўна, гэта было таксама звязана з асцярожнай пазіцыяй царквы, якая на той час не мела кансалідаванай думкі на гэты конт. Напрыклад, адзін з біскупаў пабачыў тут спробу ўмяшання дзяржавы ў справы Касцёлу.

Хапала і тэалагічных нестасовак. Напрыклад, не зразумела, нашто абвяшчаць Хрыста каралём, калі ён па біблейскай аксіёме і так сын Божы. «Замест гэтага (абвяшчэння Ісусам каралём) мы павінны прызнаць і прыняць яго царства, падпарадкавацца яго ўладзе, моц якой даруе нам магчымасць пачаць жыць новым жыццём, з перспектывай жыць вечна», — гаварылася ў адным з царкоўных дакументаў 2012 года.

Блытаніну ў мазгах выклікаў і той факт, што ў свой час польскі Касцёл надаў Дзеве Марыі тытул каралевы Польшчы. Фармальна, гэтаму папярэднічала гісторыя аднаго езуіта, якому двойчы ў трансе прыходзіла Дзева Марыя, патрабуючы, каб яе называлі каралевай Польшчы. Аднак, хутчэй за ўсё, гэта стала наступствам каласальнай папулярнасці асобы Божай Маці ў Польшчы і ў ВКЛ, дзе віленскі Вострабрамскі абраз у 1620 годзе стаў першым прызнаным аб’ектам гэтага культу.

Паспяховая абарона Яснагорскага манастыра ад шведаў у 1655 годзе — ключавы эпізод у эпапеі вызвалення Рэчы Паспалітай — успрынялі як цуд Божай Маці, якую 1 красавіка 1656 года ў Львове кароль Ян II Казімір Ваза абвясціў каралевай. З улікам апісанай вышэй ідэі прызначыць Ісуса каралём, усё выглядала як нейкі пераварот супраць Дзевы Марыі, паколькі ў адным каралеўстве не могуць быць адначасова два роўных у правах манарха. Гэтая супярэчнасць таксама тармазіла рэалізацыю праекта.

Мяркуючы па ўсім, на сёння згаданыя тэалагічныя праблемы вырашаныя. Яшчэ ў мінулым годзе ў тэзісах да святкавання 1050-й гадавіны хрышчэння Польшчы кіраўніцтва царквы ўзгадала ідэю прызначэння каралём Ісуса. Цяпер дзяржаўная адміністрацыя, якая цалкам кантралюецца прадстаўнікамі партыі «Права і Справядлівасць», напэўна, таксама не будзе супраць.

У прынцыпе, гісторыя з каралевай Марыяй дае падставы казаць, што запланаваная «intronizacjа» — гэта ўнутраная справа царквы і яе вернікаў. Абвяшчэнне Ісуса каралём Польшчы не будзе мець нейкіх прававых наступстваў. Прынамсі, каралеўскі тытул Дзевы Марыі ніяк не ўплывае на польскі палітычны працэс.

Фота obrazmojegoserca2.blog.onet.pl

Аднак шмат палякаў так не думае. Ідэя пра караля Ісуса была агучаная ў вельмі напружанай грамадска-палітычнай атмасферы, калі шмат каму паўсюль бачацца нейкія інтрыгі апанентаў. Кансерватыўныя рэформы ўраду PiS ужо вывелі на вуліцы ліберальную частку грамадства, з якой салідарныя ў Брусэлі, дзе кажуць пра пагрозу пуцінізацыі краіны. Праз прызму наступу на грамадзянскія свабоды шмат хто разглядае і тэму пра каралеўскі тытул для Ісуса. Напрыклад, ліберальнымі экспертамі прапануецца версія пра тое, што кансерватары намагаюцца папулярызаваць у народзе тэрмін «манархія», «кароль», што паслабляе крытыку на адрас аўтарытарнага курсу PiS.

Пра канспіратыўную прыроду праекту караля Ісуса, маўляў, таксама сведчыць і гісторыя ідэі, якую раскапалі антыклерыкалы. Па іх словах, у Касцёле не могуць не ведаць, што раней — у 1920-м, 1951-м і 1969-м — Ісуса ўжо абвяшчалі польскім каралём. У першым выпадку цырымонія праходзіла ў прысутнасці ўсяго епіскапату. Апошні два выпадкі мелі месца ў сацыялістычнай Польшчы і былі хутчэй акцыямі пратэсту каталікоў супраць дыктатуры камуністаў. Пытанне — нашто зноў рабіць тое, што ўжо мела месца?

Праект з каралём таксама разглядаюць як першы крок наступу царквы на свецкі характар Трэцяй Рэчы Паспалітай. Некаторыя ліберальныя калумністы прагназуюць, што Польшча ў выніку маштабных святаў з нагоды каранацыі можа ператварыцца ў краіну накшталт Турцыі, дзе рэлігія вельмі моцна ўплывае на профіль уладных інстытутаў. Грамадства пужаюць тым, што кансерватыўная палітычная эліта дзеля рэйтынгаў не спыніцца перад тым, каб сапраўды абвясціць Польшчу каралеўствам.

Цікава, што сярод ліберальных крытыкаў праекту хапае тых, хто ўскладае апошнюю надзею на Ватыкан. «Вы хочаце, каб ваш фанатызм прывёў да таго, што сам Папа Рымскі будзе вымушаны ўмяшацца, каб спыніць гэтыя блюзнерскія планы? Нельга ўявіць, што Ісус марыў апранацца ў футра з гарнастаю або насіць залатую карону. Няўжо Рымскі Папа адказны за ўсе каталіцкія народы, дазволіць, каб толькі адзін з гэтых народаў называўся «падданыя Хрыста». Няўжо тое, што вы робіце, можа быць сумяшчальна з дактрынай руху, які называе сябе каталіцкі Касцёл?» — абураецца ліберальны часопіс «Polityka».

Пакуль у Ватыкане не пракаментавалі цяперашнія дэбаты ў Польшчы, аднак з улікам імкліва нарастаючых эмоцый, думаецца, нейкую рэакцыю можа чакаць.

Каментаваць