Настальгія па кепцы

Не паспелі «карупцыянера» Лужкова адправіць у адстаўку, як у расійскім грамадстве пачалася палеміка наконт спадчыны былога мэра. Парадокс, аднак цяпер шмат хто ўжо сумуе па мужу Алены Батурынай. Прапануем агляд расійскіх інтэрнэт-форумаў на гэту тэму.



Не паспелі «карупцыянера» Лужкова адправіць у адстаўку, як у расійскім грамадстве пачалася палеміка наконт спадчыны былога мэра. Парадокс, аднак цяпер шмат хто ўжо сумуе па мужу Алены Батурынай. Прапануем агляд расійскіх інтэрнэт-форумаў на гэту тэму.

Рост сімпатый да Лужкова шмат у чым звязаны з тым, што як асоба ён больш цікавы і заўважны, чым новы мэр. Гэта цалкам лагічна, паколькі Лужкоў сам прабіўся ва ўладу праз сіта свабодных выбараў. Сабянін — прызначэнец, гайка сістэмы, ад яго патрабуюць быць добрым функцыянерам, аднак не яркім палітыкам. Маскоўская публіка ад яго, здаецца, не ў захапленні.

Блогер Рэндольф адзначае ў сваім ЖЖ: «Увесь тыдзень пустога і бясколернага Сабяніна агітпроп спрабаваў прадставіць эфектыўным менеджэрам. Новы мэр рабіў разумны твар, але нічога канкрэтнага сказаць так і не здолеў. Ён за ўсё добрае і супраць усяго дрэннага. Хто б сумняваўся. Але, на жаль, ніякай прапагандысцкай фінціфлюшкі пад Сабяніна так і не здолелі прыдумаць. Канкрэтных ідэй тут нуль».

Набыла папулярнасць ідэя пра тое, што Лужковых было два. Лужкоў ранні і добры і Лужкоў позні і кепскі.

Так, Вячаслаў Глазычаў, сябра Грамадскай палаты, высока ацэньвае першыя 3 гады знаходжання Лужкова ва ўладзе (1992–1995 гады). За гэты час Лужкоў, па словах эксперта, «прывёў горад у парадак у становішчы поўнага развалу канца 1980-х гадоў».

«Пачынаючы з сярэдзіны 1990-х гадоў тэхналогія кіравання буйным мегаполісам не адрознівалася ад кіравання асабістым маёнткам. Ціск на сістэму мясцовага самакіравання, ператварэнне ўсіх двароў у паркоўкі — гэта ўсё ўжо выйшла з-пад кантролю», — адзначыў Глазычаў.

А вось Аляксандр Лебедзеў, стары апанент Лужкова, лічыць, што ранейшы мэр быў нядрэнным сіці-менеджэрам да 2003 года. А затым пачалося нешта жудаснае. «Па-першае, архітэктурнае варварства, па-другое, будаўніцтва розных шопінг-цэнтраў наўпрост на пляцах Садовага кольца. Пасля — «Масква-Сіці», куды накіроўваліся ўсе фінансы горада. Навошта нам гэты праект? Як толькі туды пераедуць усе гэтыя заможныя кліенты і будуць сядзець там без парковак, з’явіцца яшчэ адзін тромб. Цешыцца тут няма чым. А апошнія тры гады ён з жонкай сядзеў на розных грашовых будаўнічых плынях», — сказаў Лебедзеў у інтэрв’ю «Камсамольскай праўдзе».

Трэба прызнаць, што спробы неяк рэабілітаваць Лужкова пакуль не падабаюцца большасці грамадства. Блогер Artem у рамках палемікі з фанатамі Міхаіла Юр’евіча згадвае самыя валюнтарысцкія праекты былога гарадскога галавы.

«У пачатку зімы 2001 года Лужкоў заявіў, што ў хуткай будучыні лёд з дахаў маскоўскіх будынкаў будуць збіваць лазерамі. На праект выдаткавана каля паўмільёна долараў. У выніку лазер зразаў адну ільдзінку цэлую гадзіну. Праект замарозілі. Міліцэйскае патруляванне Масквы на дырыжаблях павінна было пачацца ў 2002 годзе. Два дырыжабля і тры аэрастата агульным коштам 2,5 мільёна долараў былі пабудаваны і перададзены міліцыі Масквы. Аднак спецтранспарт падняўся ў паветра толькі на адзін метр. Узляцець вышэй дырыжабль не змог. У 2006 годзе мэрыя прапанавала падводныя гаражы. Напачатку 2002 года мэр Масквы звярнуўся да Уладзіміра Пуціна з прапановай рэанімаваць адпрэчаны за 15 гадоў да гэтага праект накіраваць раку Об у басейн Аральскага мора. Нарэшце, у 2004 годзе Лужкоў заявіў пра неабходнасць паглядзець, ці ёсць умовы, каб «парушыць» кукурузу і сою на поўнач — у Падмаскоўе і падобныя ім па кліматычных умовах рэгіёны. Але соя і кукуруза ў Падмаскоўі так і не выраслі».

Самай эфектыўнай зброяй крытыкаў Лужкова застаецца ягоная палітыка ў галіне архітэктуры і манументальнага мастацтва. Як вядома, Лужкоў за 18 гадоў перабудаваў Маскву. Фішкамі лужкоўскага стылю сталі помнікі Цэрэтэлі, вежы на будынках, якія нагадвалі гіганцкія алоўкі, шкло і метал, якія сталі галоўнымі ўпрыгожваннямі фасадаў дамоў. Нарэшце, хаатычны характар забудовы. Лушковафобы робяць катэгарычнае рэзюме:

«Ігнараванне сапраўднасці — вось што характэрна для Масквы апошніх 20 гадоў, — кажа каардынатар руху «Архнадзор» пісьменнік Кастусь Міхайлаў. — Для сталічных уладаў стала нормай знесці штосьці старадаўняе, замяніць копіяй і павесіць на яе мемарыяльную дошку. Прычым Юры Міхайлавіч не саромеўся прапагандаваць ідэю, што копія можа быць не горшай за арыгінал. Але гэта супярэчыць сэнсу закона пра ахову помнікаў!»

У любым выпадку, у Лужкова патэнцыял вельмі добры. Цяпер усе кепскае ў грамадстве ўспрымаецца праз праекцыю на часы Лужкова. Вось добры прыклад такой тэндэнцыі.

«З моманту адстаўкі Лужкова ў Маскве з’явіліся, як апенькі на гнілым дрэве, ігральныя ўстановы. Канешне, там не напісана «ігральны клуб» ці «ігральныя аўтаматы», але сцены ўстаноў у зорках пазнае любы, нават хто ніколі не гуляў. Улічваючы дыяпазон гэтых устаноў тэрытарыяльна (любая акруга ўключаючы цэнтральны — на Кітай Горадзе) можна зрабіць выснову, што дазвол атрыманы зверху, гэта значыць, ад мэрыі. Час узнікнення гэтых устаноў сведчыць пра наяўнасць сувязі са зменай мэра», — піша нехта tver13_ru.

Падводзячы першыя вынікі аналізу феномена настальгіі па Лужкову, можна прызнаць, што ён застаўся так ці інакш суб’ектам палітыкі. Намер Мя­дзведзева пазбавіцца да кагорты палітыкаў-аксакалаў кшталту Лужкова або Шайміева, не спрацаваў. У выпадку дэстабілізацыі сітуацыі, яны маюць шанец імкліва зноў стаць моцнымі палітычнымі гульцамі.
 

Каментаваць