Нашчадкі Аляксандра Македонскага

Балканы зноў нагадваюць парахавую бочку Еўропы. Адным з фактараў нестабільнасці з’яўляецца пытанне — як называць былую югаслаўскую рэспубліку Македонія?
Падлетак трымае сцяг з старажытнагрэцкім сімвалам (16-прамянёвая солнце) на мітынгу ў Афінах супраць назвы «Македонія» ў суседняй краіны. Photo: REUTERS / Costas Baltas

Падлетак трымае сцяг з старажытнагрэцкім сімвалам (16-прамянёвая солнце) на мітынгу ў Афінах супраць назвы «Македонія» ў суседняй краіны. Photo: REUTERS / Costas Baltas

Журналісты жартуюць, што ў крызіснай Грэцыі нарэшце з’явіліся прыкметы эканамічнага адраджэння. Хуткімі тэмпамі ў краіне павялічваецца выраб дзяржаўных бела-сініх сцяжкоў. Яны, як гарачыя піражкі, разлятаюцца па два еўра падчас мітынгаў супраць таго, каб былая югаслаўская рэспубліка Македонія называлася «Новая Македонія». Такую назву прапануе цяперашні ўрад у Скоп’е. Грэкі настойваюць на тым, што згаданая краіна не звязаная з гістарычнай Македоніяй і ў любым варыянце называцца так не мае права.

Крызіс вакол назвы «Македонія» цягнецца ўжо амаль 25 гадоў. Адсутнасць кампрамісу шмат у чым звязана з асаблівасцямі будаўніцтва нацыянальнай македонскай ідэнтычнасці. Калі ў верасні 1991-га пачалася дэфрагментацыя сацыялістычнай Югаславіі, на Македонію нечакана звалілася незалежнасць. Перад яе кіраўніцтвам паўстала праблема пошуку ідэалагічнага кантэнту?

Прычым, праблема павінна была вырашацца хутка з улікам таго, што ў суседніх краінах — Балгарыі, Сербіі і Грэцыі — шматлікія палітычныя сілы адмаўлялі існаванне македонскай нацыі. Не кажучы ўжо пра тое, што ў новай краіне пражывала албанская меншасць, якая патрабавала прызнаць іх таксама тытульнай нацыяй. Нават сярод саміх македонцаў была папулярная думка, што македонцаў як асаблівай нацыі не існуе.
Македонскі праект, маўляў, прыдумаў Ціта, які хацеў выкарыстаць гэтую тэму для аднаго геапалітычнага праекта — будаўніцтва пад сваім кантролем Балканскай федэрацыі.

Нацыянальную ідэнтычнасць было вырашана шукаць у падручніках па антычнай гісторыі. У аснову новай дзяржаўнай ідэалогіі быў пакладзены догмат пра тое, што сучасныя македонцы не маюць нічога агульнага са славянамі. Сцвярджалася, што яны з’яўляюцца спадкаемцамі тых самых антычных македонцаў, якія пад кіраўніцтвам Аляксандра Вялікага пабудавалі імперыю ад Грэцыі да Афганістана. Пры гэтым антычных македонцаў лічылі асобнай ад грэкаў нацыяй.

Зверху сцяг грэцкай правінцыі Македонія, знізу сцяг Скоп

Зверху сцяг грэцкай правінцыі Македонія, знізу сцяг Скоп'е (БЮРМ), rua.gr

Канцэпцыя «антычных македонцаў» або, як яе яшчэ называюць «антыквізацыя», не ўзнікла на голым месцы. Першымі гэта запусцілі ў ХІХ стагоддзі мясцовыя сацыялісты, якія хваляваліся, што край трапіць пад уплыў культурна і рэлігійна блізкай Балгарыі. Эстафету перахапілі прапагандысты акупацыйнай адміністрацыі ў часы Другой сусветнай. Пасля вайны тэма была папулярная сярод часткі македонскай эміграцыі.

Фарсіравана праводзіць у жыццё канцэпцыю «антычных македонцаў» пачалі ў 2006-м, пасля прыходу да ўлады партыі VMRO-DPMN. На справе гэта азначала будаўніцтва помнікаў Аляксандру Македонскаму і яго бацьку Філіпу Македонскаму ва ўсіх больш-менш значных гарадах краіны. Апафеозам стаў 22-метровы манумент, адкрыты ў сталіцы ў 2011-м. Пасля помнікаў прыйшла чарга аб’ектаў інфраструктуры. Аэрапорт, вуліцы, стадыёны былі перайменаваныя ў гонар герояў старажытных часоў. Перайменаванні стала выклікалі істэрыку ў Афінах, дзе не паспявалі пісаць ноты пратэсту.


Новай фазай «антыквізацыі» стаў пошук нашчадкаў тых македонцаў, якія выправіліся з Аляксандрам Македонскім будаваць яго імперыю. І такія, у выніку, знайшліся. Імі апынуліся бурышы (другая назва — хунза) — насельніцтва высакагорных раёнаў пакістанскага Кашміра. Хоць бурышы вераць у Алаха, а іх ДНК бліжэй да народаў Ірана, горцаў усё ж запісалі ў македонцы. Князя бурышаў нават запрасілі ў Скоп’е, дзе яго на афіцыйным узроўні сустракалі ўсе першыя асобы дзяржавы.

Але гэта яшчэ кветачкі. Тэзіс пра тое, што македонцы — не славяне і не нашчадкі грэкаў, выклікае заканамернае пытанне: да якой групы народаў іх адносіць? Адказ прапанавала ў 2009 годзе македонскае тэлебачанне, дзе сцвярджалі, што македонцы з'яўляюцца нашчадкамі самага старажытнага ў свеце белага народа, які гістарычна супрацьстаіць мангалоідам і негроідам. Пасля гэтага не дзіўна, што прэм’ер Нікола Груеўскі назваў Македонію фундаментам еўрапейскай цывілізацыі.

Падобны навуковы валюнтарызм выклікаў крытыку нават у асяроддзі македонскіх гісторыкаў. Яны неаднаразова звярталі ўвагу на тое, што ніякіх археалагічных доказаў існавання асаблівай адрознай ад элінаў нацыі «антычных македонцаў» няма. Артэфакты паказваюць, што старажытная Македонія была часткай элінскага свету, — праўда, знаходзілася на яго перыферыі.

Зрэшты, куды больш небяспечнай для прыхільнікаў канцэпцыі «антычных македонцаў» аказалася карупцыя. Прэса высветліла жудасныя факты: стварэнне кожнага помніка Аляксандру Македонскаму абыходзілася бюджэту ад 80 да 200 мільёнаў еўра. Нарэшце, катэгарычна адмовіліся лічыць сябе «этнічнымі македонцамі» мясцовыя албанцы. Апошнія разглядаюць культ Аляксандра як намер маргіналізаваць іх этнас.

Эрозія дзяржаўнай ідэалогіі ў тым ліку спрыяла змене ўрада ў мінулым годзе. Новы кабінет гатовы на радыкальныя саступкі грэкам: напрыклад перайменаваць той жа аэрапорт Аляксандра Македонскага. Праўда, грэкі патрабуюць большага: Скоп’е ўвогуле павінна адмовіцца ад назвы «Македонія».

Як будзе выглядаць кампраміс, пакуль незразумела. Таксама незразумела, на якіх забабонах у будучым збіраюцца будаваць македонскую ідэнтычнасць?

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • фцф
  • 2018-02-21 20:55:34
Ёсьць варыянты новай назвы:
Мак і Донія,
Скоп'едонія,
Вялікая Александронія,
новая Грэкаславія,
Нягрэцкая Македонья.

Каментаваць