Навальны — англійскі шпіён, сцвярджае новы фільм на «Расіі-1»

Аляксей Навальны назваў анансаваны фільм пра яго "новай вяршыняй". Навальны, паводле аўтараў фільма, завербаваны англійскай разведкай, каб падрываць канстытуцыйны лад Расіі.
Аляксей Навальны. Фота RIA Novosti

Аляксей Навальны. Фота RIA Novosti



Апазіцыянер Аляксей Навальны спадзяецца, што па фільме "Расіі 1" распачнуць крымінальную справу.

Навальны заявіў, што быў бы рады, калі б супраць яго распачалі крымінальную справу на падставе фільма тэлеканала "Расія 1", дзе яго называюць платным агентам заснавальніка фонду "Hermitage Capital" Уільяма Браўдэра, паведамляе ВВС.

"Я з задавальненнем паўдзельнічаю ў працэсе, дзе доказамі з'яўляюцца "дакументы ЦРУ" з памылкамі ў англійскай мове, здымкі офіса ФБК з подпісам "Кіеў, Украіна" і размова нейкіх людзей, дзе "голас Навальнага" нават і не імкнецца быць падобным на мой", — сказаў палітык агенцтву РБК.

Ён таксама адзначыў, што да аўтараў фільма яны пададуць іск аб абароне гонару і годнасці. 

Фільм, прысвечаны Навальнаму, быў анансаваны ў перадачы "Весці тыдня", якая выйшла ў эфір вечарам 10 красавіка. Там жа быў паказаны яго фрагмент, у якім сцвярджалася, што Навальны за грошы працаваў на заснавальніка фонду "Hermitage Capital" Уільяма Браўдэра.

У фрагменце фільма гаварылася, што Браўдэр нібыта звязаны з брытанскімі спецслужбамі, і што ён завербаваў Навальнага ў рамках аперацыі па падрыву канстытуцыйнага ладу Расіі. Гэтая аперацыя, як сцвярджае тэлеканал, была спланаваная ЦРУ яшчэ ў 1986 годзе.

У фільме сцвярджаецца, што менавіта Браўдэр параіў Навальнаму пачаць звяртацца ў суды на правах мінарытарнага акцыянера з патрабаваннем раскрыць пратаколы пасяджэнняў буйных дзяржаўных кампаній, што і прынесла яму вядомасць.

У якасці доказаў у фільме былі прадстаўлены дакументы, што нібыта належаць ЦРУ, а таксама скайп-перапіска двух чалавек пад псеўданімамі, адзін з якіх, як сцвярджаюць аўтары, быў Навальны, а другі — Браўдэр.

Сам Навальны, каментуючы фільм, заявіў, што ўсе дыялогі выдуманыя стваральнікамі фільма. Акрамя таго, карыстальнікі інтэрнэту звярнулі ўвагу на шматлікія граматычныя памылкі ў дакументах, якія прыпісваюцца ЦРУ.


Каментаваць