Навошта армянам Мытны саюз?

Намер ураду Арменіі далучыцца да Мытнага саюзу (МС), які выказаў 3 верасня прэзідэнт Серж Саргсян, прымусіў экспертную супольнасць СНД пачухаць палітыцу. Прапануем агляд аналітыкі на гэту тэму.



Прыкладна год таму армянскі прэм’ер Тыгран Саркісян сказаў: «У сусветнай практыцы няма такога прыкладу, каб краіна, не маючы [агульнай з іншымі краінамі-удзельніцамі] мяжы, станавілася членам Мытнага саюза. Гэта б не мела сэнсу. Сэнс Мытнага саюза заключаецца ў тым, што абмен таварамі ажыццяўляецца без мытнага дагляду. У нашым выпадку гэта немагчыма, таму што мы павінны праходзіць праз тэрыторыю суседняй дзяржавы і двойчы пераадольваць растаможку».

Не прайшло і года, як 3 верасня ў Маскве на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Расіі і Арменіі прэзідэнт Серж Саргсян заявіў пра намер Арменіі ўдзельнічаць у праекце Мытнага саюза. Галоўны рэзон такой інтэграцыі — «армянскія тавары змогуць пастаўляцца на рынкі Расіі і краін МС вольна без пагрозы санкцый з боку Анішчанкі».

Відавочны кантраст заяў армянскіх лідараў на працягу апошняга года прымушае асцярожна ставіцца да афіцыйных камюніке і самім шукаць адказ на пытанне, навошта ж армянам Мытны саюз.

Хаця, на думку большасці аналітыкаў, пытанне павінна гучаць інакш: «Нашто Расіі было так моцна ціснуць на Арменію, каб яна так хутка ўвайшла ў МС?»

Пра тое, што армяне нечакана аказаліся пад прэсам Крамля, сведчыць аналіз падзей. Да паездкі Саргсяна ў Маскву палітыка афіцыйнага Ерэвана была іншай і арыентавалася на падпісанне на Вільнюскім саміце дамовы аб вольным гандлі з ЕС». Плюс ёсць інсайдэрская інфармацыя. «Wall Street Journal» цытуе аднаго з заходніх дыпламатаў, які кажа: «Арменія вяла цалкам добрасумленныя перамовы з Еўрасаюзам, аднак армяне самі не чакалі, што Расія будзе так на іх ціснуць».

Дарэчы, тое, што Арменія аказалася без пяці хвілін сябрам вольнай гандлёвай зоны з ЕС, спарадзіла версію пра тое, што Смаленская плошча праспала працэс перамоваў Ерэвана і Брусэля. Быццам, толькі напярэдадні Вільнюса ў Маскве зразумелі крытычнасць сітуацыі. Таму прыйшлося без асаблівых цырымоній цягнуць краіну ў склад МС.

Ёсць некалькі версій, з дапамогай чаго Арменію «добраахвотна інтэгравалі». Так, на думку Давіда Петрасяна, на перамовах у Маскве былі ўзняты пытанні бяспекі краіны, у якіх Ерэван цалкам залежыць ад Масквы. «Для Арменіі, якая з боку Сцепанакерта ўцягнутая ўжо больш чым у 25-гадовы канфлікт Нагорнага Карабаху і Азербайджана, пытанне бяспекі застаецца ключавым», — піша эксперт.

У тым жа ракурсе разглядае сітуацыю Аляксандр Караваеў: «Галоўным матывам рашэння Саргсяна, мабыць, сталі асцярогі магчымай змены курсу Масквы на карысць Баку, якія ўзмацніліся пасля Бакінскага азербайджана-расійскага саміту. Акрамя таго, Саргсян знаходзіцца пад уплывам армянскіх і расійскіх ваенных лабістаў. Натуральна, што звязка Еўразійскі саюз — АДКБ пусціла трывалыя карані ў свядомасці сілавікоў з кіруючага клана».

А вось эксперт Міхаіл Цішчанка пачуў тут пах газпрамаўскай прадукцыі: «Пару месяцаў таму стала вядома, што цана на газ для Ерэвана павялічыцца са 180 да 270 долараў за тысячу кубаметраў. Для насельніцтва Арменіі былі зацверджаны новыя тарыфы — вышэй за ранейшыя на 18 адсоткаў. У канцы жніўня з’явілася інфармацыя аб тым, што паміж Расіяй і Арменіяй прайшлі перамовы з нагоды «субсідавання новых тарыфаў». У Маскву вылецеў міністр энергетыкі рэспублікі Армен Мавсісян, які ахарактарызаваў гэтыя перамовы як паспяховыя. Цалкам можна выказаць здагадку, што пытанне аб уступленні Арменіі ў МС тады і было ўжо вырашана».

Згадаем і азербайджанскія версіі. Як вядома, у Баку крытычна ставяцца да ўсяго, што адбываецца ў Ерэване. Нядзіўна, што пакт 3 верасня тут трактавалі як праяву сістэмнага крызісу армянскай дзяржаўнасці, яе капітуляцыю. З гэтым, дарэчы, згодныя і некаторыя армянскія палітолагі. Армэн Харазян піша: «Арменія добраахвотна ператвараецца ў дзяржаву, якая паразітуе, у грамадства, якое не ў стане развівацца самастойна, якое можа існаваць, толькі стаўшы прыдаткам яшчэ большай сістэмы. Арменія ідзе ў МС не зыходзячы з прагматычных разлікаў, што сяброўства ў гэтай структуры будзе ёй выгадна».

Аднак самае цікавае не тое, чым армян прыпіралі да сценкі, а навошта. Ёсць думка, што Арменія спатрэбілася для прапагандысцкіх мэтаў.

Самая галоўная версія звязаная з правалам глабальных інтэграцыйных планаў Пуціна ў СНД. Маскве трэба было фарсіраваць інтэграцыйны працэс, каб кампенсаваць няўдачы на іншых напрамках.

Як выказаўся палітолаг Сяргей Мінасян, «тут адыграла ролю нейкая псіхалагічная фрустрацыя крамлёўскага кіраўніцтва, звязаная з праблемамі з Украінай і збольшага Беларуссю ў сувязі з МС. Верагодна, Маскве важна было прадэманстраваць поспех еўразійскага інтэграцыйнага праекта — хай нават і сімвалічны».

А вось армянскі журналіст Мак Грыгаран лічыць, што аперацыя па далучэнні Арменіі для МС звязаная з нейкімі праблемамі Пуціна. На яго думку, пра гэта сведчыць дэманстратыўная нахабнасць, з якой інтэгравалі армян. «Я не знаходжу іншага тлумачэння, акрамя як жаданне Пуціна паказаць, хто ў доме гаспадар». Зневажаючы, ён як бы дэманстраваў сілу, «біў сваіх, каб чужыя баяліся».

У гэтую логіку кладзецца версія Юры Баранчыка з сайта «Імперыя». Ён лічыць, што прыём Арменіі ў МС — гэта сігнал Беларусі: «Такім чынам далі Мінску зразумець, што «перавод канфлікту [выкліканага затрыманнем кіраўніка «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера] у плоскасць шантажу з нагоды магчымага выхаду з Мытнага саюза нічога не дасць».

Вось такія версіі. Што да Арменіі, то краіна рыхтуецца да грандыёзных прарываў у рамках МС. Урадам Расіі і Арменіі ўжо даручана распрацаваць механізмы інтэграцыйнага працэсу з улікам асаблівасцяў Арменіі, у прыватнасці, адсутнасці межаў. Плануюцца расійскія інвестыцыі аж на 15 мільярдаў долараў, якія ўключаюць новыя сумесныя праекты ў галіне транспарту, атамнай энергетыкі, хіміі, чыгункі. Армянскія чыноўнікі, каментуючы планы, абавязкова адзначаюць: наўрад ці ЕС сапраўды мог выдзеліць столькі грошай, як Масква.

Аднак як бы бадзёра ні гучалі фанфары наконт перспектыў Арменіі ў складзе МС, усё разбіваецца аб непрыемную гісторыю пра тое, як яе лідарам выкручвалі рукі напярэдадні 3 верасня. А таксама ў агучаную адным палітыкам фразу: «У сусветнай практыцы няма такога прыкладу…»

Каментаваць