Навошта Францыі Малі?

У той час як французскія вайскоўцы змагаюцца ў Малі з ісламістамі, у тыле назіраецца поўны хаос. Французскі палітыкум і грамадства не маюць кансэнсуса ў пытанні — ці трэба было Францыі дасылаць войскі ў Афрыку?



Стабільнасць рэгіёну пад пагрозай

Рашэнне Франсуа Аланда адправіць 11 студзеня экспедыцыйны корпус на дапамогу прэзідэнту Малі, які быў напужаны вайсковымі поспехамі ісламістаў, было нечаканым для усіх. Аланд нават не параіўся з урадам і парламентам. Елісейскі палац вырашыў абмежавацца шэрагам аргументаў «Атака групы тэрарыстаў, якія захапілі частку краіны, справакавала дэстабілізацыю дзяржавы Малі і падарвала яе суверэнітэт, а таксама дзейнасць яе законаў на тэрыторыі памерам у 2500 квадратных кіламетраў. Стабільнасць рэгіёну пад пагрозай, што пагражае таксама Францыі і Еўропе. Францыя павінна дзейнічаць, каб мабілізаваць міжнародную супольнасць і мы верым, што нашая ініцыятыва будзе мець пазітыўныя вынікі», — піша сайт французскіх сацыялістаў.


Довады добрыя, аднак... Хаця кепскія навіны з Малі прыходзілі даўно, тэма сітуацыі ў гэтай краіне не была ў палітычнай павестцы дня. Інакш бы цяперашнія ацэнкі інтэрвенцыі ў Малі ад розных партый былі больш кансалідаваныя. Пакуль што ніводная з галоўных партый не мае канчатковай пазіцыі па гэтым пытанні. Таму дастаткова папулярная думка пра тое, што сапраўдныя прычыны аперацыі звязаныя з унутранай палітыкай. Французскае грамадства хутка палярызуецца і, адпаведна, усё большай папулярнасцю карыстаецца апазіцыя. У гэтых умовах «цэнтрысцкі» ўрад сацыялістаў паспрабаваў «перафарбавацца» — пазбавіцца ад іміджу «мяккіх і нерашучых».

Прыйшла пара вызначыцца

Вызначацца ў пытанні Малі неяк трэба. Найбольш цяжкая задача стаіць перад правай апазіцыяй. З аднаго боку, яе лідары традыцыйна абараняюць ідэю пратэктарату над былымі французскімі калоніямі. З іншага, блакавацца з сацыялістамі няма вялікага жадання. Як вырашыць гэтую дылему правыя, відавочна, не ведаюць.


Так, унутры Саюзу за народны рух (UMP) узнікла група, што праводзіць паралель паміж Малі 2013-га і Іракам 2003-га (10 гадоў таму Жак Шырак рашуча адмовіўся ад прапановы Буша-малодшага паслаць французаў у Багдад). Найбольш яскравы праваднік гэтай лініі Дамінік дэ Вільпэн, прэм’ер-міністр Французскай рэспублікі ў 2005–2007 гадах. Ён апублікаваў у «Journal du dimanche» артыкул пад красамоўнай назвай: «Не, вайна — гэта не Францыя».


На ягоную думку ў Малі няма ніякіх прыкметаў нацыянальнага адзінства і французскаму дэсанту, па сутнасці, няма на каго абапірацца. «Мы усляпую будзем ваяваць, не маючы нават канкрэтнай вайсковай мэты…Прыпыніць наступ ісламістаў на поўдзень, заваяваць поўнач краіны і знішчыць базы Аль-Каіды ў Магрыбе — гэта тры розныя задачы, для выканання якіх патрэбныя мінімум тры вайны», — адзначае Дамінік дэ Вільпэн. Яго таксама турбуе адсутнасць рэгіянальнай салідарнасці: дасюль не выказаўся па праблеме Афрыканскі саюз і рэгіянальная арганізацыя краін заходняй Афрыкі.


Ален Жупэ, які ў часы Сарказі адказваў за МЗС, лічыць аперацыю ў Малі надзвычайна рызыкоўнай, асабліва што тычыцца правядзення наземных аперацый. «Я баюся, што мы патрапім у спіраль, над якой не маем кантролю. Трэба ясна зразумець мэты і задачы французскай інтэрвенцыі», — кажа ён.


А вось былы міністр абароны Жэрар Ланге, які праславіўся сваімі скандальнымі заявамі наконт таго, што французскі каланіялізм меў пазітыўны баланс для тубыльцаў, ахвотна раіць Мінабароны як дзейнічаць у цяперашняй сітуацыі, што і як бамбіць і г.д.


На жаль, сваю пазіцыю дасюль не выказаў Нікаля Сарказі, які паводле апытанняў лічыцца галоўнай альтэрнатывай Франсуа Аланду. Нікаля маўчыць, аднак магчыма ягоную думку часткова перадае адзін з журналістаў, якога лічаць галоўным спіч-райтарам былога прэзідэнта. Ён кажа: «Калі Францыя знаходзіцца ў стане вайны (гутарка пра вайну, а не пра паліцэйскую аперацыю), мы павінны быць разам з нашымі салдатамі, якія рызыкуюць сваім жыццём».


Хітрую пазіцыю заняў Нацыянальны фронт Марын Ле Пэн, які прапануе Аланду быць паслядоўным і «ганяць» ісламістаў не толькі ў Малі, аднак і ў Францыі. На думку ультраправых гэта патрабуе скарачэння іміграцыі з ісламскіх краін. Франтавікі таксама звяртаюць увагу на тое, што ў апошнім сацыялістычным бюджэце выдаткі на абарону скарочаныя і прапануюць іх павялічыць, каб Францыю баяліся хаця б у яе былых калоніях.

Цэнтрысты — пацыфісты

Французы цэнтрысцкіх поглядаў, здаецца, таксама прытрымліваюцца пацыфісцкіх поглядаў. Былы ліберальны прэзідэнт Францыі Валеры Жыскар д’Эстэн выступіў супраць інтэрвенцыі, назваўшы яе акцыяй «неакаланіяльнага тыпу». «Я не разумею як неакаланіяльны вірус змог падпарадкаваць сабе ўсе розумы. Аднадушнасць ваякаў, відавочная паспешнасць, паўтор аргументаў з часоў «вайны супраць тэрарызму» мяне турбуюць», — кажа былы прэзідэнт. На ягоную думку, ахвярамі аперацыі стануць мірныя туарэгі, якія не маюць дачынення да ісламістаў, што ў сваю чаргу можа стварыць ў Малі сапраўдны фронт. Варта адзначыць, што Валеры Жыскар д’Эстэн у бытнасць прэзідэнтам быў з візітам у Цімбукту — горадзе, што сёння знаходзіцца ў франтавой зоне. Дарэчы, у той час палітыка Францыі ў рэгіёне была вельмі рашучай.


Самыя незвычайныя наступствы мела інтэрвенцыя для Зялёных, якія ўваходзяць у склад сацыялістычнага кабінета. Наэль Мам’ер, зялёны дэпутат, запатрабаваў не толькі вывесці войскі з Малі, а ўвогуле канцэптуальна перагледзець французскую афрыканскую палітыку. Эколаг мяркуе: «Урады і прэзідэнты як правых, так і левых партый рабілі толькі тое, што дапамагалі дыктатарам і карупцыянерам. І цяпер пасылкай нашых салдат мы проста плацім па рахунках за тую палітыку».
Такія выказванні Наэля падаліся незразумелымі шмат каму з зялёных. Адзін з іх так адказаў Мам’еру: «Пазіцыя зялёных вельмі ясная: мы падтрымліваем інтэрвенцыю».

Па ягоных словах, у адваротным выпадку зялёныя мусяць пакінуць урад сацыялістаў, аднак паколькі яны ў складзе ураду, «дык маюць дзейнічаць як урадавая партыя». Яшчэ далей пайшоў Даніэль Кон-Бендыт, зялёны еўрапарламентарый. Пасля таго як на пасяджэнні Еўрапарламента падтрымалі акцыю французаў, ён патрабаваў ад краін ЕС канкрэтнай вайсковай падтрымкі французскага корпуса ў Малі.


Засталіся камуністы. Як не парадаксальна Фронт левых крытыкуе Аланда дастаткова мякка. Жан-Люк Меленшон лічыць, што мэты вайсковай аперацыі на поўначы Малі спрэчныя і патрабуюць парламенцкіх дэбатаў, і ўвогуле «трэба асудзіць практыку прыняцця падобных рашэнняў без кансультацый з урадам і парламентам».


А вось левая прэса вінаваціць Аланда ў намеры адрадзіць французскі імперыялізм. Увогуле, на думку аднаго з публіцыстаў, ісламісты ніякія не ісламісты, а байцы нацыянальна-вызвольнага руху туарэгаў або простыя людзі, якім патрэбны грамадскі парадак, што ўрад няздольны забяспечыць.
Такім чынам, аперацыя ў Малі пакуль не мае шырокай падтрымкі ў Францыі і любы буйны правал можа дорага каштаваць адміністрацыі Франсуа Аланда.

Каментаваць