Назарбаеў, Нурсултан, Елбасы, Астана-Елбасы…

Напярэдадні Дня першага прэзідэнта, які адзначаецца 1 снежня, парламент краіны прапанаваў перайменаваць сталіцу Казахстана ў гонар кіраўніка краіны Нурсултана Назарбаева. Навошта?

Калі пасля правалу жнівеньскага путчу ў 1991 годзе на прасторах СССР распачаўся парад суверэнітэтаў, казахская эліта практычна да апошняга цягнула з абвяшчэннем незалежнасці. Адпаведная заява, паводле якой Казахская ССР набывала атрыбуты незалежнай дзяржавы, была апублікаваная толькі 23 лістапада. І, натуральна, праз 25 гадоў прайсці міма гэтай даты было проста немагчыма. У Астане адбылося ўрачыстае пасяджэнне казахскага парламента, які павінен быў прыняць адпаведны дакумент з нагоды падзей 25-гадовай даўніны.

Хаця фармальна пасяджэнне дэпутатаў было прысвечанае юбілею незалежнасці, асноўнае месца ў выступах дэпутатаў нечакана заняла фігура Назарбаева. Практычна кожны, хто выходзіў на трыбуну, акцэнтаваў увагу на ролі Елбасы ў будаўніцтве незалежнага Казахстана. Вось адна з тыповых прамоваў: «Дэкларацыя да 25-годдзя незалежнасці Казахстана — гэта дакумент, які звернуты не толькі да сучаснікаў, але і да будучых пакаленняў. Яны павінны ведаць, адкуль і як пачынаўся шлях нашых поспехаў, у чым складаецца неацэнная заслуга лідара нацыі Нурсултана Назарбаева перад сваёй краінай і перад сваім народам».

Панегірыкі дзяжурна заканчваліся заклікамі адзначыць ролю Назарбева ў тэксце дзеючай Канстытуцыі. Такое адзінства думак дае падставу падазраваць, што тэма акцэнтавання ролі Елбасы ў асноўным законе была ўзгодненая загадзя. Аднак падчас імпрэзы ў сваім парыве засведчыць любоў да Елбасы дэпутаты нечакана выйшлі з-пад кантролю.

Зламаў зацверджаны алгарытм нехта Султанаў, які, выступаючы перад калегамі, раптам вырашыў, што згадкі пра Нурсултана Абішавіча ў тэксце Канстытуцыі замала. «Я лічу, што горад Астана заслугоўвае, каб насіць імя першага прэзідэнта Рэспублікі Казахстан — стваральніка, заснавальніка горада. Ёсць у свеце такія прыклады, і я думаю, што наш народ гэтага заслугоўвае», — падзяліўся думкамі парламентарый.

Сваімі словамі Султанаў, па-сутнасці, адкрыў скрыню Пандоры. Кожны з дэпутатаў, хто пасля  дарываўся да мікрафона, вітаў ідэю перайменавання Астаны. Паралельна ўзніклі новыя аргументы за тапанімічную рэформу. На думку дэпутатаў, новая назва сталіцы дапаможа фармаванню нацыянальнай свядомасці, росту аўтарытэту дзяржаўнасці, інтарэсу суайчыннікаў да гісторыі і гэтак далей. Пасля заканчэння пасяджэння кулуарна былі агучаны канкрэтныя прапановы новай назвы сталіцы: Назарбаеў, Нурсултан, Елбасы, Астана-Елбасы і нават Нурсултан-сіці.

Называюцца і канкрэтныя тэрміны, калі Астана атрымае новую назву. Гэта можа адбыцца да канца года. Паводле казахскіх законаў, перайменаванню павінна папярэднічаць рэзалюцыя ніжняй палаты, якую пасля зацвярджае Сенат. Пасля законапраект трапляе на стол гаранта, які можа альбо падпісаць дакумент, альбо даслаць яго на дапрацоўку ў парламент, альбо, нарэшце, накласці на закон вета. Праўда, апошні варыянт падаецца маларэальным.

У выпадку рэалізацыі праекту горад, у якім сёння знаходзіцца казахская дзяржаўная адміністрацыя, паставіць рэкорд па колькасці назваў. Гэта будзе ўжо пятая. Назву Астана сталіца Казахстана атрымала ў 1998 годзе. Раней гэты горад называлі Акмала, Цалінаград і Акмалінск.

Тое, што праект віталі некаторыя міністры, а афіцыёз ахвотна дае эфір прыхільнікам новай назвы Астаны, сведчыць, што перайменаванне — справа амаль вырашаная. Тым больш, што прапанова цалкам кладзецца ў логіку стварэння культу Назарбаева. У краіне хапае аб’ектаў і рэчаў, якія называюцца ў гонар Нурсултана — ад універсітэтаў да асаблівага гатунку кветак. Прыкладна за тыдзень да згаданага пасяджэння дэпутатаў адбылася прэзентацыя новай купюры наміналам у 10 тысяч тэнге, на якой выяўлены першы кіраўнік дзяржавы.

Агульная згода наконт перайменавання горада ў калідорах улады моцна кантрастуе з настроямі ў сацыяльных сетках. У фейсбуку ідэя новай назвы шмат каму падаецца неадэкватнай — на фоне цяперашняй рэцэсіі. Калі ўжо ў бюджэце і з’явіліся нейкія сродкі, дык, як пішуць на форумах, лепш накіраваць іх на дадатковую сацыяльную падтрымку дзяцей ці пенсіянераў.

Казахская апазіцыя, натуральна, асудзіла ідэю, зрабіўшы праекцыю на гісторыю Туркменістана. Там адным з этапаў фармаваня культу Ніязава таксама было перайменаванне гарадоў.

А вось расійскія дзяржаўнікі віталі ідэю новай назвы для Астаны, быццам намякаючы, што такой пашаны заслугоўвае і Пуцін. Хутчэй за ўсё, тапанімічныя працэсы ў Казахстане не застануцца без увагі ў суседніх краінах. Прынамсі ў Таджыкістане, дзе таксама тэрмінова ствараецца культ прэзідэнта.

Цікава, што ў казахскім сегменце інтэрнэту, які традыцыйна скептычна ўспрымае ініцыятывы з блоку ўлады, з’явілася і група аматараў перайменавання. Гэта жыхары іншых гарадоў, як правіла — абласных цэнтраў. Іх, што характэрна для правінцыялаў у кожнай краіне, раздражняюць памеры інвестыцый, якія Назарбаеў кідаў у Астану. Жыхары правінцыі з вялікім задавальненнем абмяркоўваюць, як цяпер будуць называць жыхароў сталіцы: назарбаеўцы і назарбайкі (у выпадку перайменавання гораду ў Назарбаеў) або нурсултаны і нурсултанкі (калі сталіцу пераймянуюць у Нурсултан).

Але жарты правінцыялаў з жыхароў сталіцы могуць быць заўчаснымі. У казахскіх сацсетках можна знайсці і думку пра тое, што перайменаваннем сталіцы ўзвялічванне Назарбаева не скончыцца. Справа ў тым, што казахі — цюркская нацыя, а ў гісторыі вядомы факт, калі продкаў цяперашніх туркаў называлі асманамі — у гонар кіраўніка дзяржавы, султана Асмана Газі. Як бачым, аналогіі напрошваюцца самі сабой.



Каментаваць