Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Назарбаева пстрыкнулі па носе

Усе даўно прызвычаіліся, што высокія фразы пра братэрства не перашкаджаюць краінам СНД весці ўзаемныя гандлёвыя і інфармацыйныя войны. Аднак тое, што адбылося ў кастрычніку ў адносінах паміж Казахстана і Кыргызстанам, выходзіць за межы звыклага.

 Фота www.ria.ru

Не так даўно ў сеціве, прычым на афіцыйным сайце, з’явілася мапа Казахстану з тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі да суседзяў. Прынамсі, у склад казахскіх земляў картографы ўключылі расійскія Арэнбург і Омск, частку КНР і нават узбекскую сталіцу — Ташкент. Аднак апошнія па­дзеі прымушаюць сумнявацца ў патэнцыяле Казахстана выступаць рэгіянальным гегемонам. Нечакана для ўсіх значна больш сціплы суседні Кыргызстан годна адстаяў свой суверэнітэт у канфлікце з Астаной.

Пачалося з таго, што Елбасы без комплексаў пачаў лезці ва ўнутраныя справы Кыргызстана, хіба што не адкрыта сімпатызуючы аднаму з кандыдатаў на выбарах прэзідэнта, якія адбыліся 10 кастрычніка. У адказ прэзідэнт Кыргызстана Алмазбек Атамбаеў адкрытым тэкстам абвінаваціў Астану ў спробе ўмяшання ва ўнутраныя справы суседняй дзяржавы і ў «навязванні» краіне «свайго» чалавека, якога ў дадатак назваў «шасцёркай». Тады ж ён упікнуў і асабіста Назарбаева, нагадаўшы пра салідны ўзрост казахскага гаранта. «У нас самы старэйшы кандыдат у прэзідэнты на 20 гадоў маладзейшы за Назарбаева. А я — на 16 гадоў. Дык каму патрэбны малады прэзідэнт: нам ці Казахстану?» — заявіў Атамбаеў.

Эмацыйныя і недыпламатычныя эскапады Атамбаева накаўтавалі Назарбаеўскую эліту, якая даўно забылася, што такое крытыка. Незадаволенасць на адрас Назарбаева, калі і гучыць, дык выключна ў сацыяльных сетках і з боку Захаду, што нікога асабліва не хвалюе. І раптам у казахскае інфармацыйнае балота ўварваўся Атамбаеў, ад якога проста так не адмахнешся і не пасадзіш, як звычайнага апазіцыянера, на 15 сутак за хуліганства.

Акрамя таго, рэактыўна падтрымала Кыргызстан і мясцовая апазіцыя. «Нязменны прэзідэнт Казахстана выдатна разумее, што ад маленькага Кыргызстана, у якім адбылася першая мірная змена кіраўніка на канкурэнтных выбарах, зыходзіць небяспека для яго ўласнага трону», — пісала блізкае да казахскіх незалежных прафсаюзаў выданне «Социалистическое сопротивление».

Астана адрэагавала на тролінг з Бішкеку. Перш за ўсё, абмежавала рух на мяжы з Кыргызстанам. Унутры Казахстана пачалося цкаванне кыргызаў: за парушэнне «пашпартнага рэжыму» з краіны дэпартавалі ажно 16 тысяч чалавек! Урад Казахстана забараніў пяці заводам Кыргызстана пастаўляць у краіну сваю прадукцыю.

Ва ўнісон шалёную прапагандысцкую кампанію распачаў афіцыёз. Лейтматывам яе стала тэма барацьбы з няякаснай садавінай, якая быццам бы ідзе з Кыргызстану. Усіх пераплюнула газета «Қазақ үні», якая абвінаваціла кыргызаў у тым, што яны ў ХІХ стагоддзі забілі аднаго з казахскіх ханаў. «Хан Кенесары свяшчэнны для кожнага казаха. Апошні хан казахаў, не шкадуючы жывата свайго, змагаўся за незалежнасць Вялікага казахскага стэпу, крывёй і потам адстойваючы свабоду. Як вядома з гісторыі, Кенесары загінуў у бітве ад рук кыргызскіх манапаў, якія затым па-здрадніцку паднеслі галаву хана ў падарунак расійскаму цару», — натхнёна апісваў па­дзеі аўтар тэксту.

Дасталася і першым асобам Кыргызстана. Іншая афіцыйная газета, «Егемен Казахстан», абурылася тым, што «Алмазбек Атамбаеў абвінаваціў самую блізкую, самаю клапатлівую ў адносінах да кіргізаў дзяржаву». Паводле афіцыёзу, кыргызы абавязаныя Назарбаеву тым, што апошні выратаваў іх ад грама­дзянскай вайны. Менавіта пасля перамоў з Назарбаевым у 2010-м зрынуты Бакіеў пагадзіўся выправіцца ў Мінск, замест таго, каб працягваць змагацца за ўладу. Як адзначала «Егемен Казахстан», «толькі за гэта прагрэсіўна думаючыя людзі свету і адкрытыя душой кыргызы павінны дзякаваць Назарбаеву».

Не дзіўна, што некаторыя выданні нават дапускалі магчымасць вайсковых інцыдэнтаў.

Аднак у выніку канфлікт скончыўся гэтак жа хутка, як і пачаўся. На гэтым тыдні мяжу пачалі паступова адкрываць. Верагодна, прымірэнню спрыяў шэраг фактараў. У якасці міратворца магла выступіць Масква, якая заклапочаная перспектывамі агульнай Еўразійскай гандлёвай прасторы. Не выключана, што Атамбаеў сам спалохаўся сваёй смеласці. Напэўна, у экс-прэзідэнта хапае сваіх шкілетаў у шафе, якія, дзякуючы Назарбаеўскім медыя, могуць стаць публічнымі. Нарэшце, выбары, на якіх перамог пратэжэ Атамбаева, прайшлі, а махаць кулакамі пасля бойкі, як вядома, сэнсу няма.

Аднак без наступстваў уся гэтая гісторыя не застанецца. Прынамсі, так мяркуе казахскі праваабаронца Андрэй Грышын. «Гісторыя засведчыла каласальную ментальную дыстанцыю простых казахаў і адміністрацыі Назарбаева. Падавалася, вульгарны нацыяналізм — вельмі зручны інструмент, каб аб’яднаць грамадства вакол рэжыму. Тым больш, што праблемы з імпартам садавіны з Кыргызстана быццам бы на руку мясцовым бізнесменам. Аднак па факце казахі не падтрымалі антыкыргызскую тэму. Калі ў побыце нехта і казаў пра канфлікт, то выключна ў рэчышчы спачування ахвярам новых правілаў памежнага руху. Таксама кепскі знак для Елбасы — пазіцыя нацыяналістычнай інтэлігенцыі, якая засталася ўбаку ад антыкыргызскай кампаніі. Нават абяцанне Назарбаева ўвесці лацінку не прымусіла нацыяналістаў стаць ручнымі», — адзначае Грышын.

«Агулам можна казаць пра тое, што Назарбаева моцна пстрыкнулі па носе. Застаецца чакаць, як адрэагуе на гэта алігархічнае атачэнне прэзідэнта? Ці расцэніць яно ўсё, што адбылося, як нейкую выпадковасць, або зробіць выснову: «Акела прамахнуўся», таму Казахстану трэба новы кіраўнік?» — кажа эксперт.


Каментаваць