Назіральнікі InformNapalm наведалі базу захоўвання танкаў Т-64, Т-72 і Т-72С1 пад Луганскам

На фоне ўзмацнення абстрэлаў пазіцыяй украінскіх вайскоўцаў з боку расійска-тэрарыстычных сілаў так званых “ДНР” і “ЛНР”, валанцёры міжнароднай супольнасьці InformNapalm выявілі чарговае масавае скопішча танкаў і мінамётных боепрыпасаў на адной з базаў захоўвання пад Луганскам. Расійская Федэрацыя працягвае пастаўкі і назапашванне вайсковай тэхнікі і боепрыпасаў на акупаваную тэрыторыю, што можа сведчыць пра планы эскалацыі наступальных аперацыяй.



Уводная: ідэнтыфікацыя злачынцаў.

Ідэнтыфікаваць сілы супраціўніка дапамаглі дадзеныя з асабістых старонак у сацсеціве двух баявікоў.

Першы — гэта калабарант, выхадзень з Луганскай вобласці, Багдан Севасьцянаў (профіль: http://archive.is/cTh5t, кантакты: http://archive.is/3cBUS, альбом: http://archive.is/g3V8f). Ён з’яўляецца чальцом банды ГБР “ЛНР” (“Бэтмэн”), рэшткі якой пасля перафармавання ўліліся ў так званую “4-ю асобную мотастралковую брыгаду ЛНР”. Пра гэта сведчаць шаўроны Севасьцянава, а таксама тэхніка з маркаваньнем “4 у квадраце” і кола ягоных сувязяў, прааналізаваных падчас выведкі сацыяльнага профілю.

Старыя дадзеныя Севасьцянава ёсьць у базах “Міратворца”, з дапамогаю якіх атрымалася выкрыць асобу злачынца. Тым ня менш, гэты тэрарыст рэгулярна мяняе свае дадзеныя і абнаўляе інфармацыю, новая адрэса ягонай старонкі раней не была выяўленая.

Другі баявік  — гэта сябар Севасьцянава, нехта “Нікан Харашылаў” з Масквы. (профіль: http://archive.is/KRUAn, кантакты: http://archive.is/ZLTOr, альбом 1: http://archive.is/Q7SEx, альбом 2: http://archive.is/ItRuD).

Мінамётныя боепрыпасы.

14-15 лютага 2016 г. вышэйзгаданыя тэрарысты выклалі цэлы шэраг здымкаў з базы захоўвання. Перадусім, гэта фота, у якім Севасьцянаў пазуе з мінаю ОФ36 у рукох да 120-мм мінамёту на тле будынку прамысловага комплексу.

Дарэчы, гэты калібар паводле Мінскіх пагадненняў забаронены.

Падобны фатаздымак зафіксаваны і ў профілі Харашылава.

Звярніце ўвагу, што на фатаздымках абодвух бандытаў супадаюць дата, ракурс здымкаў і краявід мясцовасці. Магчыма, яны былі задзейнічаныя ў пагрузачна-разгрузачных працах.

Танкавы парк

Таксама валанцёры InformNapalm ідэнтыфікавалі масавае скопішча танкаў розных мадыфікацыяў тыпаў Т-64 і Т-72 з колькасцю не менш за 9-10 адз., якія знаходзяцца ва ўнутраным перымэтры заводу. У прыватнасці, Севасьцянаў выклаў шэраг фатаздымкаў з баявымі машынамі, напрыклад:

Гэтая ж тэхніка на ідэнтычнай прамысловай пляцоўцы таксама зафіксаваная ў фатаздымках Харашылава.

Дата і мейсца зноў супадаюць. Падчас аналізу танкаў, зафіксаваных на фатаздымках, трэба зазначыць наступнае.

Па-першае, тэхніка адносна новая, у баёх яшчэ не ўдзельнічала. На некаторых танках на бартох можна пабачыць заўважныя “мазкі” характэрнай яскрава-зялёнай фарбы.

Звычайна расійцы зафарбоўваюйць ёй старыя нумары падчас незаконнага перасячэння мяжы або падчас перакідвання тэхнікі ва Украіну чыгункай. Мабыць, у гэтым выпадку акупанты яшчэ не паспелі дамаляваць новыя “мясцовыя” нумары або тактычныя знакі.

Па-другое, звярніце ўвагу на мадыфікацыю танку, зафіксаванага на пярэднім плане, (архіў http://archive.is/M5Ipo), гэта Т-72Б1 (аб’ект 184-1; 1985) з “ваенторгу”, з УДА “Кантакт-1”, начным прыцэлам наводніка ТПН-3-49 і асвятляльнікам Л-4. Але за начным прыцэлам можна пабачыць стойку для датчыка ветру ДВЕ-БС (сам датчык зняты). То бок, перад намі, меркавана, мадыфікацыя Т-72С1 — экспартны варыянт Т-72Б1, які пастаўляўся ў Іран, таксама вельмі актыўна ў Венесуэлу ў 2011-2012 гадох.

Вельмі часта Т-72С1 блытаюць з Т-72БА1 (мадыфікацыя танку Т-72Б1 для ЗС РФ), але яны маюць адную вонкавую адметную асаблівасць. У Т-72БА1 усталяваны начны прыцэл 1K13 замест старога ТПН-3-49. Для адрознення прыцэлаў і мадыфікацыяў танкаў падаем фатаздымкі:

А таксама фатаздымкі іранскіх Т-72С/Т-72С1 з знятай ДА “Кантакт-1”, але з усталяваным датчыкам ветру “ДВЕ-БС”:

З вялікай доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што гэта чарговая фіксацыя факту пастаўкі тэхнікі з Расеі мясцовай “гібрыднай” арміі. Інакш, як экспартная расійская мадыфікацыя для Ірана/Вэнэсуэлы магла патрапіць на ўсход Украіны?

Ідэнтыфікацыя базы.

Нягледзячы на ​​адсутнасць геалакацыйных дадзеных, праз характэрную агароджаную пляцоўку і асаблівасці прамысловага будынку валанцёры міжнароднай супольнасці InformNapalm вызначылі дакладнае мейсца захоўвання тэхнікі й боепрыпасаў. Гэта тэрыторыя заводу фарбаў “Вясёлка” (ТАА Белаўскі завод “Вясёлка”), які знаходзіцца ў пас. Белае Лутугінскага раёну Луганскай вобласці. На мапе — між Алчэўскам і Луганскам.

Нагадаем, што пра гэты завод выведнікі InformNapalm ужо паведамлялі ў лістападзе 2015 г. у артыкуле “Танкі для размалёўкі на заводзе “Вясёлка”. Тады, станам на канец восені мінулага году, на гэтай базе знаходзіліся як мінімум 24 танкі.

Варта зазначыць, што сам пасёлак Белае месціцца на важнай аўтамагістралі M04 і ўсяго за 3 км на захад ад чыгуначнай станцыі Зборная.

Высновы.

На падставе пададзенага вышэй матэр’ялу можна канстатаваць наступнае:

– Расія не толькі не збіраецца адводзіць тэхніку з забароненым калібрам, але й працягвае пастаўляць яе сваім “гібрыдным” войскам. Расія — спонсар тэрарызму;

– мадыфікацыя танку Т-72С1, зафіксаваная на базе, ніколі не знаходзілася і не знаходзіцца ва ўзбраенні УСУ;

– на тэрыторыі завода “Вясёлка” у пасёлку Белае захоўваюцца і танкі, і боепрыпасы: як мінімум, мінамётныя міны забароненага калібру 120-мм, таксама, лагічна, 125-мм снарады да танкаў;

– база тэхнікі ў пас. Белае з’яўляецца адным з ключавых пунктаў лагістыкі “гібрыднай” вайны Расіі супроць Украіны — менавіта адсюль “перафарбаваныя” баявыя машыны і боепрыпасы трапляюць на пярэдні край вайны.

Мы звяртаемся да місіі АБСЕ з прапановай больш пільна вывучыць раён пас. Белае, у прыватнасці, тэрыторыю завода “Вясёлка”, таксама прылеглыя транспартныя артэрыі.

Паводле: InformNapalm

Пераклад Дзяніса Івашына

Каментаваць