Індзейцы супраць індзейцаў

Апошнія праблемы балівійскага прэзідэнта Эва Маралеса прымусілі палітолагаў казаць пра крах ідэі аднаўлення індзейскай дзяржаўнасці.



Апошнія праблемы балівійскага прэзідэнта Эва Маралеса прымусілі палітолагаў казаць пра крах ідэі аднаўлення індзейскай дзяржаўнасці.

«Міф пра Эва Маралеса памёр», « Канец балівійскай утопіі» — такімі загалоўкамі каментуе сусветная прэса апошнія навіны з Балівіі. Там улада, якая дэкларуе сябе выразнікам волі індзейскага народу, падавіла выступы якраз тых самых індзейцаў. Спецназ арганізаваў разгон калоны абарыгенаў, якія ў сталіцы Ла-Пасе патрабавалі згарнуць праект будаўніцтва газаправоду ў амазонскай сельве. Падзея выклікала шок ва ўсім індзейскім свеце. Сам балівійскі гарант ужо асу­дзіў гвалт і паабяцаў правесці рэферэндум наконт газаправоду.

Па словах Маралеса, меў месца трагічны выпадак, пра які можна забыць. Эксперты, наадварот, лічаць, што ў Балівіі адбыўся збой усёй сістэмы. Расколатым аказаўся ўвесь электарат Маралеса. Менавіта індзейцы апошнім часам часцей за ўсё выходзілі на барыкады. Нагадаем, што апошнія пратэсты перахапілі ініцыятыву ў зімовых пратэстаў супраць павышэння цэнаў на паліва.

Адным з наступстваў магчымага заходу зоркі Маралеса можа стаць эрозія індзейскага нацыяналізму — аднаго з важных складнікаў балівійскага рэжыму. Такім чынам можа закончыцца цікавы эпізод у гісторыі кантыненту.

Інтарэс да ідэі аднаўлення індзейскай дзяржаўнасці ўзнік у 1990-х у атмасферы святкавання 500-й гадавіны адкрыцця Амерыкі. На той момант ужо ніхто не аспрэчваў той факт, што еўрапейцы банальна знішчылі індзейскую цывілізацыю. Дзякуючы латэнтнай настальгіі па мінуламу ў грамадскую дыскусію вярнуліся імёны некаторых напалову забытых мысляроў мінулага стагоддзя, якія не толькі казалі пра знішчаныя дзяржавы індзейцаў, аднак і патрабавалі іх рэстаўрацыі.

Так, балівійскі інтэлектуал Факунда Рэйнага ў кнізе «Індзейская рэвалюцыя» сцвярджаў, што індзейцы не здольныя рэалізаваць сябе як асобы ў грамадстве, пабудаваным еўрапейцамі. Тыя грамадствы, быццам, не маюць сакральнага балансу, які характэрны для індзейскай душы. Выйсце Рэйнага бачыў адно: адбудаваць дзяржаву інкаў і ацтэкаў. Непрыняцце еўрапейскай мадэлі, паводле аўтара, у тым ліку ўключала ў сябе патрабаванне адмаўлення ад законаў рынку, быццам навязаных чырванаскурым штучна і гвалтоўна. Крытыка капіталізму аб’яднала індзейскіх нацыяналістаў і мясцовых левых. Тым больш, што сацыяльныя стандарты індзейскага насельніцтва ў Лацінскай Амерыцы вельмі нізкія.

У пачатку ХХ стагоддзя, здавалася, фантастычныя тэорыі адраджэння індзейскай дзяржаўнасці пачалі станавіцца рэальнасцю. Напрыклад, пашыраюцца заклікі да стварэння правобразу індзейскай дзяржавы ў форме малых племянных аўтаноміяў. Найбольш спрыяльная сітуацыя для рэалізацыі такога кшталту заклікаў стварылася ў басейне ракі Амазонка, дзе захаваліся практычна ізаляваныя ад цывілізацыі індзейскія кланы, мала інтэграваныя ў рынкавыя адносіны. Прыход да ўлады левых у Бразіліі дапамог стварэнню юрыдычнай базы для надання індзейцам аўтаномных свабод.

Адначасова пашырылі актыўнасць арганізацыі накшталт інтэрнацыяналаў, якія спрабуюць каардынаваць барацьбу абарыгенаў. Такіх, напрыклад, як Індзейскі савет Лацінскай Амерыкі. Становіцца распаўсюджанай практыка ўступлення розных індзейскіх этнасаў у Арганізацыю непрадстаўленых нацый і народаў, якая дзейнічае ў рамках міжнародных структур. Важным прарывам на гэтым накірунку стала рэзалюцыя ААН пра правы карэнных народаў, якую прынялі насуперак жаданню шэрагу амерыканскіх урадаў.

Там, дзе дабівацца аўтаноміі цяжка, індзейцы вядуць культурную вайну — патрабуюць афіцыйнага статуса для сваіх моваў, выкладання іх у школах, легалізацыі кокі (кока сярод індзейскіх нацыяналістаў лічыцца часткай народнай культуры). Зноў абвастрылася дыскусія наконт таго, як карэнным жыхарам Амерыкі называць саміх сябе. Слова «індзеец», якое прыдумалі Калумб і яго сябры, шматлікія тутэйшыя лічаць абразлівым.

На хвалі ўзрастання індзейскай свядомасці “чырванаскурыя палітыкі прарваліся ў парламенты Эквадора, Перу, Венесуэлы і іншых краін. Найбольш далёка індзейцы зайшлі ў Балівіі, дзе ў 2005 годзе прэзідэнтам упершыню ў гісторыі Лацінскай Амерыкі быў абраны індзеец (ёсць тэорыя, што ўсё ж першым быў мексіканскі прэзідэнт Суарэс, які стаў прэзідэнтам у сярэдзіне ХІХ стагоддзя).

Індзейская тэма ў афіцыйнай палітыцы Балівіі адразу выйшла на першае месца. Адміністрацыя Маралеса нават зрабіла заяву пра тое, што ўпершыню з часоў прыходу канкістадораў індзейцы зноў пачынаюць кіраваць самі сабою.

Маралес, сапраўды, паспрабаваў стварыць базу для рэнесансу індзейскай дзяржаўнасці. Малыя індзейскія мовы атрымалі статус афіцыйных. Адміністратыўная і зямельныя рэформы па сутнасці стварылі дзяржаву ў дзяржаве — індзейскія грамады атрымалі права аўтаноміі. Быў нават зменены сцяг і іншыя нацыянальныя сімвалы.

Аднак апошнія падзеі выклікаюць вялікі сумнеў, што індзейскі рух у Балівіі застанецца адзіным і кансалідаваным, як раней. Гэта можа пакласці канец эксперыменту з індыянізацыяй краіны.

Цяпер шмат будзе залежыць ад таго, ці зможа Маралес як мага хутчэй зноў аб’яднаць вакол сябе індзейцаў. Левая прэса выказвае надзею, што працяг прагрэсіўных сацыяльных рэформ, кшталту ўвядзення бясплатнай адукацыі, зноў верне яму сімпатыі братоў па крыві. У такім выпадку ёсць шанец на працяг трансфармацыі Балівіі ў дзяржаву, дзе тытульнай нацыяй сапраўды будуць індзейцы.

Правая прэса ўжо хавае індзейскі нацыяналізм. У Балівіі шмат эканамічных праблем, якія немагчыма вырашыць без непапулярных мер, якія дэзынтыгруюць індзейцаў. Аднак, на думку правых, памірае індзейскі нацыяналізм левага гатунку. Як піша адна з газет гэтага лагеру, «індзейскі нацыяналізм — адна з нешматлікіх ідэалогій, якая можа трансфармавацца ў дзяржаўную палітыку. Аднак яна не здольная раскрыць сябе, пакуль застаецца пад кантролем старых і новых левых, прафсаюзаў, якія эксплуатуюць індзейцаў».
 

Каментаваць