Індзейцы яшчэ здольныя на супраціў

40 гадоў таму адбылася апошняя спроба індзейцаў ЗША са зброяй у руках дабіцца прызнання сваіх правоў. Адным з наступстваў радыкалізацыі руху за правы карэнных амерыканцаў стала з’яўленне так званага антыіндзейскага руху.

 



27 лютага 1973 года паселішча Вундэд-Ні (Параненае калена), што знаходзіцца ў рэзервацыі Пайн-Рыж (штат Паўднёвая Дакота) і налічвае 40 жыхароў, было захоплена паслядоўнікамі Руху амерыканскіх індзейцаў (AIM). Месца для вылазкі было абранае невыпадкова. Менавіта тут у 1890 годзе адбылася жудасная бойня індзейцаў племені сіу амерыканскімі войскамі. Жаўнеры калолі дзяцей штыкамі, выразалі ў забітых палавыя органы для тытунёвых кісетаў...

Бунт у Вундэд-Ні ў 1973 годзе закончыўся 8 мая, прычым дастаткова мірна. Пры пасярэдніцтве пратэстанцкай царквы была падпісаная мірная дамова. Белы дом пагадзіўся разгледзець абвінавачванні супраць племяннога савета ў карупцыі, а таксама ўзняць дакументы наконт прыналежнасці індзейцам некаторых зямель.

Амерыка ўздыхнула з палёгкай. Падчас канфлікту прэса ахвотна пісала пра тое, што краіна стаіць на парозе новых індзейскіх войнаў. Яшчэ больш пужала абывацеля перспектыва саюзу паміж індзейцамі і набіраючым моц рухам за правы афраамерыканцаў, радыкальная фракцыя якога не адмаўляла варыянту ўзброенага супраціву.

Аднак самым нечаканым наступствам падзей у Вундэд-Ні стала фармаванне ў ЗША арганізаванага руху супраць індзейцаў. Гэта дастаткова цікавы і малавядомы ў нас феномен. Менавіта ў 1970-я гады аформілася палітычная плынь, якая выступае за канчатковую ліквідацыю індзейскіх аўтаномій у выглядзе рэзервацый і інтэграцыю ўсіх індзейцаў у амерыканскі шматнацыянальны соцыум.

Існаваў цэлы набор аб’ектыўных прычын адраджэння сярод белых амерыканцаў антыіндзейскіх забабонаў. Перш за ўсё, трэба ўгадаць культ амерыканскага ладу жыцця, які панаваў у ЗША ў 1940–1950-я гады. Агрэсіўная філасофія спажывання супярэчыла індзейскаму светапогляду, што знайшло выяўленне ў тагачасных вестэрнах, дзе індзейцы — спрэс негатыўныя персанажы. Тады ж узнік амерыканскі аналаг нашых анекдотаў пра чукчаў, дзе «чукчамі», зразумела, былі рознага кшталту апачы, сіу, каманчы і іншыя.

Паступова сфармаваўся міф пра тое, што цывілізацыя індзейцаў недаразвітая і не здольная наладзіць эфектыўную адміністратыўна-гаспадарчую мадэль. Індзейцаў пачалі выяўляць як сацыяльных паразітаў, якія цягнуць з бюджэту датацыі. Быў ужыты цікавы тэзіс пра тое, што фінансаванне рэзервацый кансервуе расізм, паколькі льготы ў дадзеным выпадку даюцца па прынцыпу колеру скуры.

Таму няма нічога дзіўнага, што антыіндзейскія лозунгі ўзялі на ўзбраенне радыкальныя кансерватары і белыя расісты. У 1970-я гады на Захадзе часта матывацыяй для стварэння атрадаў міліцыі стала віртуальная пагроза п’яных індзейцаў (алкагалізм у рэзервацыях зашкальваў як следства павальнага беспрацоўя). Заклік пра тое, што «хопіць карміць індзейцаў», ахвотна ўжываўся падчас выбарчых кампаній кансерватыўных палітыкаў.

Аднак, як не дзіўна, піянерамі антыіндзейскага руху былі аматары прыроды. У 1960-я гады ў штаце Вашынгтон прыхільнікі спартыўнай лоўлі фарэлі стварылі грамадзянскую ініцыятыву супраць практыкі лоўлі рыбы з дапамогай сетак, як гэта, адпаведна старадаўняй традыцыі, рабілі мясцовыя індзейцы. Так узнікла Асацыяцыя абароны фарэлі, сябры якой пачалі атакаваць індзейцаў-рыбакоў. Такія групы сталі вельмі папулярныя ў 1980-я гады. Цікава, што часта індзейцаў і эколагаў мірыла з’яўленне ў акрузе нейкага прамысловага гіганта, чыя прысутнасць пагражала той жа фарэлі ў значна большым маштабе.

Натуральна, вялікую ролю ў канфлікце адыграла зямельнае пытанне. Буйныя карпарацыі шукалі шляхі эксплуатацыі рэсурсаў на тэрыторыі рэзервацый. У юрыдычным плане гэта была вельмі складаная рэч, паколькі зямельныя адносіны з індзейцамі павінны былі рэгулявацца на аснове закона аб рэарганізацыі індзейцаў, які быў прыняты ў 1934 годзе і забараняў савету племені заключаць зямельныя кантракты без згоды большасці сяброў клану. Адсюль з’явіліся заклікі прызнаць несапраўднымі ўсе дамовы, якія амерыканскі ўрад заключаў з індзейцамі падчас каланізацыі Захаду, а іх землі зрабіць звычайным аб’ектам куплі-продажу.

Увогуле, сама сістэма асобнай юрысдыкцыі на індзейскіх тэрыторыях выклікала крытыку з боку часткі юрыстаў правых поглядаў. Паводле згаданага вышэй Закону аб рэарганізацыі, хаця індзейскія арэалы знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, грамадзяне ЗША (калі яны не індзейцы), прыжываючы тут, не маюць права абіраць мясцовыя судовыя і адміністратыўныя органы.

Так узнік тэрмін «чырвоны апартэід». У 1970-я гады быў заснаваны «Альянс за роўныя правы грамадзян» (CERA), які паслядоўна патрабуе ліквідацыі індзейскай прававой аўтаноміі. Гэта дастаткова актыўная групоўка, ідэолагі якой сцвярджаюць, што адзіным выхадам індзейцаў з беднасці можа быць ліберальная эканамічная трансфармацыя ў рэзервацыях, якая немагчымая без ліквідацыя такога анахранізму, як прававая аўтаномія.

Апошнія часы не паменшылі лагер ненавіснікаў індзейцаў. Узніклі новыя экзатычныя фракцыі. Напрыклад, моцна ненавідзіць індзейцаў рух супраць азартных гульняў (з 1988 года індзейцы маюць эксклюзіўнае права арганізоўваць на сваіх землях казіно).

Прыходзяць звесткі пра разборкі паміж індзейцамі і аматарамі неапаганскіх культаў New Age, якія выкарыстоўваюць сакральныя для індзейцаў месцы для сваіх рытуалаў. Не падабаюцца індзейцам і вылазкі на іх землі турыстаў, што таксама прыводзіць да канфліктаў з турыстычным фірмамі.

Нягледзячы на дастатковую актыўнасць антыіндзейскага руху, нейкіх глабальных змен у статусе рэзервацый пакуль няма. Магчыма, улады проста баяцца чапаць гісторыю і некаторыя прававыя аспекты статусу індзейцаў ЗША. Нават паводле амерыканскага заканадаўства, індзейцы прызнаюцца «залежнымі нацыямі», а нацыям, адпаведна міжнароднаму праву, даюцца дастаткова шырокія правы. Напрыклад, права патрабаваць кампенсацыі за генацыд.

У дадатак рэформа рэзервацый патрабуе адмены закона 1934 года, які надае ўсю ўладу савету старэйшын. Апошнія добра ўпісаныя ў карупцыйныя схемы з тымі ж казіно і вельмі лаяльныя да ўраду. Калі ў 2008 годзе індзейскія актывісты абвясцілі пра стварэнне віртуальнай індзейскай рэспублікі Лакота, правадыры плямён заявілі, што асуджаюць гэты накіраваны супраць ураду ЗША крок.

Іншымі словамі, скарачэнне правоў рэзервацый прывядзе да актывізацыі індзейскай грамадзянскай супольнасці, што Вашынгтону абсалютна не патрэбна. Ну і, нарэшце, ёсць урок Вундэд-Ні, які засведчыў, што індзейцы дасюль здольныя на супраціў.

Каментаваць