«Ён перадзёрнуў затвор і прыставіў аўтамат мне да галавы»

27-гадовы Аляксандр Храбет жыў і вучыўся ў Данецку, быў актывістам скаўцкай арганізацыі «Пласт» і аб’яднання «Свабода», трымаў свой бар. Вайна ўсё змяніла…


Зараз Сашко жыве ў Львове, перацягнуў сюды сям’ю і некаторых сяброў. Мае свой бізнес — «Піяна-бар», дзе грае жывая музыка і працуюць землякі. Пра жыццё «да» і «пасля», стаўленне да ўсходнікаў на Галічыне, данецкі Майдан і рэаліі акупацыі Аляксандр пагадзіўся распавесці чытачам НЧ.

 

«Ты ж наеўся гэтых апельсінкаў наколатых!..»

 

— Што значыць быць свядомым украінцам у Данецку?

— Ведаеш, я добра памятаю Памаранчавы Майдан 2004 года, калі 16-гадовым школьнікам я прыйшоў да помніка Шаўчэнку ў Данецку, дзе ўсё і адбывалася. Паразмаўляў з людзьмі, набраў сабе налепак, стужак. Сышоў адтуль ды пайшоў на плошчу Леніна, дзе быў мітынг за Януковіча. Там сустрэў сваю бабулю, якая працавала ў дзяржсектары.

Гэта быў той знакаміты дзень, калі жонка Януковіча вяшчала са сцэны, маўляў, «памаранчавыя» раздаюць наколатыя наркотыкамі апельсіны. А я стаяў з дзвюма апельсінкамі, якія мне далі пад Шаўчэнкам. Бабуля мне і кажа: «Ты ж наеўся гэтых апельскінаў наколатых!..» З гэтага, мабыць, усё і пачалося.

— А што наконт мовы?

— У 2007 годзе я паехаў на семінар, нешта кшталту «Антыкарупцыйнай школы», пазнаёміўся там з дзяўчынай, кіяўлянкай. У яе была вельмі прыгожая ўкраінская мова — фантастыка! Я ёй сказаў: «Пакуль я тут, буду размаўляць па-ўкраінску». Дык вось, калі я вярнуўся ў Данецк, я не захацеў спыняцца, хацелася далей размаўляць на ўкраінскай мове.

У Львове, зразумела, з мовай прасцей. Бо ў Данецку часта нават сябры затыкалі рот, маўляў, ты размаўляй па-ўкраінску з усімі, толькі не з намі. Дык калі мне ўсе так кажуць, з кім мне размаўляць? З самім сабой?..

 

«Ён перадзёрнуў затвор і прыставіў аўтамат мне да галавы»

 

— Як табе запомніўся апошні данецкі Майдан?

— Была такая тэма, кшталту флэшмобу, калі ва Украіне нядаўна выйшаў падручнік гісторыі, дзе было напісана, што ў 2013–2014 гадах у Данецку не было майдану. У інтэрнэце людзі пачалі выкладаць свае фота з подпісам: «Нас няма». Выклаў і я сваё фота, дзе стаю каля помніка Шаўчэнку той зімой, а побач таблічка: «Еўрамайдан. Данецк. Штодня 18.00».


Данецк, першыя дні Майдану (Сашко другі справа)


…Калі ўсё пачалося, я сядзеў дома. Мне пазваніла аднагрупніца і сказала: «Саша, у нас майдан!» Я не пытаў нават, дзе і калі, адказаў, што зараз прыеду. Іх там было трое, я стаў чацвёртым. Пасля падышлі яшчэ двое: «Што робіце?» Кажам: «Грэемся». І яны засталіся. Я разрываўся тады: пасля працы ехаў у лякарню да маці, пасля — на Еўрамайдан, пасля дадому, дзе ўжо адрубаўся і спаў.

— Страшна было?

— Аднаго разу было. Я ішоў на працу, проста праходзіў поруч з Майданам, і спыніўся папаліць са знаёмымі. А зусім побач праходзіла калона пад савецкімі і партыйнымі сцягамі Януковіча — іх было вельмі шмат. Частка з іх спынілася, пачалі крычаць нешта ў бок Майдана, пагражаць. І так атрымалася, што я з сябрам і сяброўкай, апынуўся паміж Майданам і «сепаратыстамі»: стаім, смяемся.

У нейкі момант антымайданаўцы пачалі пералазіць невялічкі паркан, які нас падзяляў. Да мяне падышоў здаравенны асілак са словаў: «Ну што, ужо не смешна?» У мяне ўпершыню ў жыцці затрэсліся каленкі, халадок пайшоў па скуры. Але я сказаў, маўляў, усё адно смешна. Яны тады былі паўсюдна, акружылі ўсіх нас, але неяк абышлося.

— А пазней, калі Данецк ужо быў пад уладай тэрарыстаў?

— Так, быў выпадак у траўні, калі Данецк ужо быў захоплены. З сябрамі мы ехалі ў бок Пескаў на возера. Едзем у машыне, наперадзе блокпост, нас спыняюць. Абсалютна неадэкватны чалавек у масцы з дзікімі вачыма пытаецца дакументы. Кажу, маўляў, хто ты такі, каб я табе нешта паказваў. Ён не доўга думаючы перадзёргвае затвор аўтамата і настаўляе яго мне на галаву. Я паказаў пашпарт, ён глянуў і адпусціў.

Іншым разам, я праводзіў дзяўчыну дадому ўвечары. Вяртаюся назад і бачу, як двое страляюць з аўтаматаў, а ў далечыні падае сілуэт чалавека. Я збягаў адтуль дварамі, у момант працверазеў, дабег. Але гэта было жудасна. Пасля ўжо людзі са зброяй на вуліцы сталі абсалютна нармальнай справай, бачыў нават хлопцаў па 12–15 гадоў з пісталетамі, у кампаніі старэйшых.

 

«З Данецку з’ехаў перадапошнім цягніком»

 

— А як у цябе забралі папярэдні бар?

Такога не было, што нехта прыйшоў да мяне і сказаў: «Ідзі адсюль!» Бар быў зачынены нейкі час, а пасля яго наўпрост адчынілі — без майго ведама. То бок там усё маё, да апошняга цвіка, але мне ён не належыць.

Часам я запускаю ў бары ў Львове свой плэйліст — і раптам трапляецца песня «адтуль»… (Сашко робіць паўзу. — аўт.) Нібы вяртаюся туды, згадваю. А так, у штодзённасці, стараюся не думаць. Яскравага фантомнага болю няма. Ёсць настальгія, бо было клёва, але агулам ужо не баліць.

— Як атрымалася з’ехаць з акупаваных тэрыторыяў?

З’ехаў 27 чэрвеня 2014 года, пражыўшы пад акупацыяй два месяцы. Я спачатку з’ехаў у Польшчу да сяброўкі, зрабіў сабе папярэдне візу, а праз два дні ўжо зачынілі візавы цэнтр… Я не ведаў, ці атрымаецца з’ехаць цягніком, бо вакол гораду недзе ўжо ўзрывалі чыгуначныя шляхі. Але атрымалася: з’ехаў перадапошнім цягніком з Данецку.


На вуліцах Львова

 

«Адчуў сябе львавянінам, калі кайфаваў ад дажджу за вакном»

 

— А ў Львоў як трапіў?

Сюды я прыехаў год таму, у верасні 2015-га. Сказаў сябру: «Можна я ў цябе пажыву пару тыдняў ці месяц?» У выніку пражыў восем месяцаў. Я не шукаў працу, ехаў адмыслова з мэтай адчыніць бар. У Кіеве дорага, у Дняпры проста не спадабалася. Тут тры месяцы шукаў памяшканне і нарэшце знайшоў.

— Ці баяўся, што не вытрымаеш канкурэнцыі?

Так, канешне. Але мой бар нечым ды адрозніваецца ад іншых. Сапраўды маленькіх і атмасферных бараў нават у Львове няшмат, па пальцах пералічыць. У маім жа раёне бараў у прынцыпе мала, а побач універсітэт, такі быў разлік.

— Ужо адчуваеш сябе львавянінам?

Адчуў, але зусім нядаўна. Прачынаюся зранку, а мне дзяўчына кажа, што за вакном дождж, а я кажу: «Клас!» Так і адчуў сябе львавянінам. Гэта было некалькі месяцаў таму. Раней жа адчуваў пэўны дыскамфорт, няма сяброў, знаёмых…


У бары. Львоў

 

«Не хачу жыць сярод тых людзей, нават калі ўсё скончыцца»

 

— Ці меў ты ў Львове праблемы праз тое, што прыехаў з Усходу?

Я неяк заблукаў тут, у раёне Лічакаўскіх могілак. Пазваніў сябру, кажу, правядзі, зарыентуй, як выйсці. Іду сабе, размаўляю. Раптам чую, шум нейкі ззаду, абарочваюся. Там стары мужчына крычыць мне: «Я цябе задушу голымі рукамі за твайго Пуціна!». Перапытваю: «Чаму Пуцін мой?» Ён зноў нешта крычыць, я махнуў рукой і пайшоў далей.

Іншым разам мне тут даводзілі, што я не ўкраінец. Сядзелі неяк у кампаніі тры хлопцы з Данбасу і адзін мясцовы. Той слухаў нас, слухаў, а пасля: «Не, вы не ўкраінцы». Чаму? Аказалася таму, што мы размаўляем па-руску гэта быў адзіны ягоны аргумент. А я сябе заўжды адчуваў украінцам.

— Што ты ўкладаеш у гэтыя словы?

Гэта мая зямля… Я шмат дзе быў у свеце, але заўсёды хацеў вярнуцца сюды і жыць тут, ва Украіне. Калі я жыў у Данецку, то заўжды намагаўся размаўляць па-ўкраінску. Праз гэта ў мяне заўжды была процьма праблемаў: і ва ўніверсітэце, і ў побыце, і з сябрамі. Шмат хто з іх зараз пайшоў да тэрарыстаў.

Я плачу падаткі, каб гэтая краіна развівалася. Спадзяюся, што мой бізнэс будзе расці, а значыць для кагосьці будуць працоўныя месцы: найперш для тых, хто прыехаў сюды з Данецку, Славянску і г.д.

— На Данбас хацеў бы вярнуцца, калі вайна скончыцца?

Данбас… Я не хачу проста жыць сярод тых людзей, нават калі ўсё скончыцца. Так, калі-небудзь мне было б цікава паехаць і паглядзець, як там зараз. Дом, дзе я жыў, бар, які трымаў. Але сярод здраднікаў жыць складана. Тым больш, што для іх я здраднік.

Так сталася, што нават некаторыя блізкія сябры, хлопцы, з якімі я вырас, зараз тэрарысты. Яны забіваюць украінскіх жаўнераў, якія бароняць мой дом. З дзясятак такіх я асабіста ведаю. Адносна некаторых гэта быў шок, для іншых такі лёс быў прадказальным.

Калі ўсё толькі пачыналася ў Славянску і Краматорску, адзін блізкі сябар мне кажа: «Пайду, паваюю за грошы». Я пераконваць, маўляў, навошта табе тое трэба? Ён: «Да ну, проста стаіш на пасту, нікога не забіваеш, маеш 1500 грывень у дзень (на той момант каля 140 долараў. аўт.)».


У бары. Львоў

 

«Адзіная львавянка, якая ў нас працуе, мае прозвішча Масква!»

 

— Ці багата ты ведаеш сярод людзей, што з’ехалі, тых, хто зараз, паспяховы, знайшоў сябе?

Я не скажу, што мая гісторыя паспяховая (Пасміхаецца). Ведаю, што хлопцы адчынілі бар у Адэсе, іншыя кальянную ў Кіеве, яшчэ ў аднаго рэкламнае агенцтва там жа і г.д. Мой партнёр па бары, хлопец з Данецку Лёша, паралельна піша праграмы для кампутараў і смартфонаў.

Некалькі месяцаў таму сябар, які меў бар «Ізба-чытальня» ў Данецку, адчыніў такі самы бар у Марыупалі, фактычна, у прыфрантавой зоне. Я вельмі хацеў бы зараз туды з’ездзіць, паглядзець. У маім гаманцы дагэтуль ляжыць бонусная карта з ягонага старога бару ў Данецку…


У бары. Львоў


— Тое, што ў цябе працуюць данечане, — прынцыповая пазіцыя?

Так атрымалася шмат у чым з-за недахопу знаёмстваў тут. Мой кампаньён Лёша ў Данецку наўпрост жыў побач, паміж нашымі дамамі была толькі кацельная, мы бачылі вокны адно аднаго. З Машай, фатографам, якая таксама з Данецку, я пазнаёміўся ўжо ў Львове, калі яна прыйшла як наведніца. Бухгалтар мая мама.

Дарэчы, у наступную суботу ўпершыню прыйдзе працаваць афіцыянтка з мясцовых Воля. Але, не паверыш, акурат яна, львавянка, мае прозвішча Масква! Не важна, дзе ты нарадзіўся, усё залежыць ад чалавека. Калі чалавек камунікабельны, вясёлы тады ўсё добра. Хай будзе хоць з Паўночнага полюсу!

 

Каментаваць