Не падабаецца падатак — не плаці!

У Вялікабрытаніі адсвяткавалі гадавіну самых буйных антыпадатковых пратэстаў у сучаснай гісторыі Альбіёну.

Галоўным фактарам пратэстаў, якія ўвайшлі ў гісторыю як Poll Tax Revolt, была супярэчлівая падатковая і камунальная палітыка кансерватараў, якія на той час кіравалі краінай. Гэта было ўжо трэцяе прэм’ерства Маргарэт Тэтчэр, і, дарэчы, менавіта правал падатковай рэформы 1990 года зрабіў гэтую кадэнцыю апошняй.



У Вялікабрытаніі адсвяткавалі гадавіну самых буйных антыпадатковых пратэстаў у сучаснай гісторыі Альбіёну.

Галоўным фактарам пратэстаў, якія ўвайшлі ў гісторыю як Poll Tax Revolt, была супярэчлівая падатковая і камунальная палітыка кансерватараў, якія на той час кіравалі краінай. Гэта было ўжо трэцяе прэм’ерства Маргарэт Тэтчэр, і, дарэчы, менавіта правал падатковай рэформы 1990 года зрабіў гэтую кадэнцыю апошняй.

Яшчэ падчас выбарчай кампаніі 1987 года кансерватары прапанавалі ўвесці з 1990-га фінансавага года новы падатак — так званы Poll Tax. Яго ўвядзенне павінна было папоўніць мясцовыя бюджэты, якія вельмі пацярпелі з-за перагляду прынцыпу прагрэсіўнай шкалы падаткаабкладання, адмовы ад датацыяй рэгіёнам з цэнтру. Курс кабінета выклікаў канфлікт паміж урадам і правінцыяй. Перамагла ў той вайне Тэтчэр, якая распусціла Лонданскі савет і саветы яшчэ пяці буйных гарадоў, чым, можна сказаць, абезгаловіла пратэсты.

Хаця фронда была падаўленая, праблема мясцовых бюджэтаў засталася. Так і нарадзілася ідэя падатку Poll Tax, які мусіў плаціць кожны грамадзянін. Разлічваўся новы падатак вельмі складана: фінальная сума залежала ад колькасці асоб, што пражывалі ў доме, і ад кошту самой нерухомасці, якую вызначалі мясцовыя органы.

Ідэя новага падатку выклікала адразу вялікае незадавальненне. Па-першае, відавочна, што сутнасць Poll Tax была ў тым, каб людзі плацілі больш, чым раней. Па-другое, мясцовыя муніцыпалітэты намагаліся рознымі шляхамі павялічыць суму падатку.

Паралельна сфармаваўся грамадзянскі рух праціўнікаў. 25 лістапада 1989 года ў Манчэстэры адбылася ўстаноўчая канферэнцыя Брытанскай федэрацыі неплацельшчыкаў падатку Poll Tax. Дзве тысячы дэлегатаў (сярод іх было 15 дэпутатаў ад лейбарыстаў) галасавалі за правядзенне наступнай вясной нацыянальнай кампаніі за адмену Poll Tax. Старт кампаніі павінен быў даць мітынг на Трафальгарскай плошчы ў цэнтры Лондана, які прызначалі на 31 сакавіка, роўна за тыдзень да ўступлення новых парадкаў у сілу.

На акцыю выйшла каласальная колькасць людзей — каля 200 тысяч чалавек. Акцый падобных маштабаў брытанская сталіца не бачыла, здаецца, з часоў дэманстрацый чартыстаў. Арганізатары аказаліся не ў стане кантраляваць натоўп. Хутка пачаліся сутычкі моладзі з паліцыяй, якая вымушана была адступіць. У выніку распачалося рабаўніцтва буцікаў у цэнтры горада.

Аднак тыя пратэсты (іх назвалі ў прэсе Другая Трафальгарская бітва) былі толькі пралогам. Праз тыдзень усю краіну ахапіла кампанія байкоту падатку. У некаторых раёнах да 30 працэнтаў падаткаплацельшчыкаў ігнаравалі позвы прыйсці і заплаціць Poll Tax. У Лондане 27 працэнтаў жыхароў не заплацілі ў казну ніводнага пені. Па падліках статыстычных ведамстваў, плаціць падатак адмовіліся 18 мільёнаў чалавек.

Ініцыятары кампаніі прыдумалі тры формы ўдзелу ў пратэсце: па-першае, падаткаплацельшчыкаў заклікалі не рэгістравацца, па-другое, аспрэчваць памер падатку ў судзе і тым самым адкладваць плату. Нарэшце, калі суд усё ж зацвярджаў памер падатку, адмаўляцца яго плаціць. Гэта аўтаматычна значыла выклік у суд і пачатак новых судовых слуханняў. Неплацельшчык па закону мог трапіць за краты за ігнараванне лістоў з падатковай. Аднак з-за вялікай колькасці падобных выпадкаў можна было пералічыць на пальцах тых, што ўсё ж траплялі ў турму.

Варта згадаць тут Тэры Фіелдса, дэпутата парламента ад лейбарыстаў, які за публічную адмову плаціць Poll Tax быў асуджаны на 60 дзён турмы. Гэтая правакацыя ў дадатак каштавала яму сяброўства ў партыі. Аднак гэта было толькі выключэннем. Самі ўлады прызнавалі, што турэмная інфраструктура тэхнічна не здольныя трымаць такую прорву народу. Паліцыя Паўднёвага Йоркшыру нават накіравала ў Скотланд-Ярд ліст, дзе прасіла даць права не арыштоўваць неплацельшчыкаў Poll Tax, паколькі гэта «фізічна немагчыма з-за вялікай колькасці парушальнікаў».

Той факт, што неплацельшчыкі, якія дэманстратыўна парушалі закон, заставаліся на волі, быў добрым прыкладам для іншых таксама ігнараваць сплочванне падаткаў. Сярод моладзі не плаціць Poll Tax лічылася нават модна.

Непапулярнасць праекту расла, што адразу адбілася на сітуацыі ўнутры кіруючай партыі. Тройчы на пасяджэнні рады міністраў гучала прапанова адмяніць новы падатак. Тройчы прэм’ер адмаўлялася гэта зрабіць. Як вынік — у партыі ўзнікла моцная група апазіцыі. 22 лістапада 1990 года большасць сяброў кабінета прагаласавалі за змену свайго кіраўніка. Тэтчэр была вымушана з’ехаць з Даўнінг-стрыт, 10. Пры новым прэм’еры Джоне Мэйджары падатак быў адменены.

Так закончылася гісторыя Poll Tax Revolt.

Праўда, самі брытанцы яшчэ год пажыналі вынікі гарачай вясны 1990-га. Татальная адмова плаціць падатак абяскровіла мясцовыя бюджэты. Яны недалічыліся амаль двух мільярдаў фунтаў. Каб залатаць дзіркі ў бюджэце, давялося часова скарачаць выдаткі, у тым ліку на адукацыю і медыцыну.

Застаецца згадаць яшчэ пра адзін каларытны момант пратэстаў супраць Poll Tax — феномен анархісцкай групы «Класавая вайна» (КВ). Ініцыятыва прыхільнікаў Бакуніна існавала з 1986 года, аднак у ходзе пратэстаў раскруцілася да ўзроўню суперзорак. Атаманаў групы запрашалі на ВВС, у самыя вядомыя шоу, цытавалі вядучыя выданні і г.д. Папулярнасць была парадоксам для шматлікіх палітолагаў. Уся пазітыўная праграма анархістаў будавалася на лозунгу: «З’еш багатага!». Ідэйныя прынцыпы ім замяняла культ гвалту і тупая нянавісць да паліцэйскіх і капіталістаў. Інакш як «паразітамі» сяброў каралеўскай сям’і актывісты «Класавай вайны» не называлі.

Гэта быў абсалютна новы, не вядомы, аднак відавочна запатрабаваны часткай насельніцтва стыль. У той час, калі ўсе вядучыя палітычныя сілы дружна асудзілі бойкі з паліцыяй на Трафальгарскай плошчы або крытыкавалі праявы агрэсіі, лідэры «Класавай вайны», наадварот, ганарыліся, што былі ў першых шэрагах пагромшчыкаў, якіх яны называлі «героямі брытанскага рабочага класу».

Даследуючы загадку папулярнасці КВ, сацыёлагі адкрылі наяўнасць у брытанскім грамадстве сталай сацыяльнай групы маргіналаў — так званых underclass: доўгатэрміновыя беспрацоўныя, часова занятыя, адзінокія маці. Для гэтай катэгорыі характэрны прымітыўнае бачанне арганізацыі соцыуму, агрэсіўнае стаўленне да яго інстытутаў, слабая правая культура, вера ў простыя рашэнні. Менавіта падобныя людзі тады сімпатызавалі КВ, а сёння сімпатызуюць новым экстрэмістам. Прычым колькасць брытанцаў, прыналежных да underclass, расце з кожным годам.

З ненавісным падаткам брытанцы справіліся вельмі хутка. З праблемай сацыяльнай маргіналізацыі не ведаюць, што рабіць і сёння.

Каментаваць