Незалежнасць адкладаецца

Шатландскія нацыяналісты адклалі правядзенне рэферэндуму пра пачатак выхаду Шатландыі са складу Аб’яднанага Каралеўства.



Шатландскія нацыяналісты адклалі правядзенне рэферэндуму пра пачатак выхаду Шатландыі са складу Аб’яднанага Каралеўства.

Змрочную для ўсіх аматараў незалежнай Шатландыі навіну агучыў Алекс Салмонд, прэм’ер-міністр ураду Шатландыі і лідэр Шатландскай нацыянальнай партыі (SNP). Выступаючы на партыйнай канферэнцыі, Салмонд заявіў, што вымушаны з-за аб’ектыўных прычын перанесці на больш далёкі тэрмін рэалізацыю мары ўсяго свайго жыцця — аднаўленне дзяржаўнасці Шатландыі (краіна страціла яе, калі ў 1707 годзе быў прыняты Акт аб уніі з Англіяй).

Шлях да адраджэння незалежнай Шатландыі ляжаў праз рэферэндум, які збіраліся правесці ў лістападзе. Увогуле, ідэя такога рэферэндуму была агучаная ў 1997 годзе — адразу, як толькі Шатландыя атрымала свой парламент.

Аднак канкрэтныя контуры план пачаў набываць у 2007 годзе, калі SNP паклала канец амаль 50-гадоваму дамінаванню лейбарыстаў у мясцовай адміністрацыі. Па выніках выбараў партыя Салмонда атрымала на адзін мандат больш за лейбарыстаў, што дало ёй права стварыць урад. Нягледзячы на тое, што гэты ўрад — урад меншасці (у фракцыі SNP 47 з 129 сябраў дэпутацкага корпусу), нацыяналісты да гэтага часу здолелі пазбягаць урадавых крызісаў. Адначасова праводзіліся рэформы на карысць незалежніцкага праекта. Напрыклад, на дзяржаўным узроўні пачалася кампанія за стварэнне ў інтэрнэце пашырэння «sco» (ад Scotland — Шатландыя).

Але апагеем праўлення нацыяналізму павінен быў стаць рэферэндум, пра які абвясцілі ў жніўні 2009 года. Яго прызначылі на 30 лістапада 2010 года — на дзень Святога Андрэя (святы патрон Шатландыі).

У лютым з’явіўся дакумент пра падрабязнасці правядзенне плебісцыту. Калі б рэферэндум усё ж адбыўся, то кожны жыхар Шатландыі мусіў адказаць на два пытанні: 1) Ці падтрымліваеце Вы пашырэнне кампетэнцыі шатландскага парламенту, перш за ўсё у сферы фіскальнай палітыкі? 2) Ці мае, на Вашу думку, парламент права дабівацца поўнай незалежнасці?

У выпадку, калі б на абодва пытанні выбарцы аказалі «не», усё б заставалася па-ранейшаму. Калі б большасць прыняла толькі першае пытанне, Шатландыя атрымлівала б «міні-незалежнасць». На тэрыторыі Вялікабрытаніі стваралася б асобная падатковая і эканамічная зона, правілы якой вызначаў бы Эдынбург.

Калі б народ Шатландыі падтрымаў абодва пытанні, пачаўся б працэс паступовага ператварэння краю ў «нармальную суверэнную дзяржаву», фармальным кіраўніком якой заставалася б усё ж каралева Елізавета Другая. Шатландыя мела б магчымасць стаць сябрам ЕС і ў перспектыве перайсці на еўра.

Усе амбіцыйныя планы, як прызнаюцца самі нацыяналісты, сарваў пракляты крызіс. Ён моцна ўдарыў па Шатландыі. Кожны тыдзень, адпаведна статыстыцы, тысяча шатландцаў губляе працоўныя месцы. Калі ў сярэднім па Вялікабрытаніі беспрацоўе складае 7 працэнтаў, то ў Шатландцы — амаль 9 працэнтаў. У такіх умовах Эдынбург залежыць ад датацый з Лондану. Такі стан рэчаў, натуральна, выклікае ў людзей недавер да тэзісу пра тое, што незалежнасць — сінонім дабрабыту.

Акрамя таго, раней у сваёй агітацыі нацыяналісты адводзілі значнае месца прыкладу Ірландыі і Ісландыі (гэтыя маленькія краіны да пачатку эканамічнага краху дэманстравалі добрыя эканамічныя паказнікі). Абывацелю навязвалі думку пра тое, што Шатландыя, якая ў дадатак да ўсяго мае радовішчы марской нафты і газу, можа паўтарыць поспех суседзяў. Аднак, як толькі пачаўся крызіс, ірландская і ісландская эканомікі абрынуліся ў галечу. Разам з імі згубіў прывабнасць і шатландскі нацыяналістычны міф.

Адным словам, для правядзення лёсавызначальнага рэферэндуму зараз аб’ектыўна не лепшыя часы.

У дадатак, на шляху да рэферэндуму была яшчэ адна перашкода. Для прыняцця закону аб рэферэндуме патрэбна большасць галасоў у парламенце. За тры гады прэм’ерства Салмонд навучыўся праводзіць свае законапраекты за кошт стварэння часовых кааліцый. Аднак з тэмай незалежнасці так не атрымаецца.

Ёсць розныя прычыны для супраціву ідэі незалежнасці. Лейбарысты кажуць, што час для поўнай самастойнасці яшчэ не прыйшоў. Ліберал-дэмакраты і кансерватары наогул сцвярджа­юць, што рэферэндум не адпавядае нормам брытанскага права.

Хаця ад ідэі рэферэндуму лідэры SNP цалкам не адмаўляюцца, яны абяцаюць, што закон пра рэферэндум аб незалежнасці будзе вынесены на агульнае апытанне пасля прызначаных на май 2011 года выбараў у мясцовы парламент. Зразумела, пры ўмове, што на іх пераможа SNP.

Аднак зрабіць паўтор выбараў 2007-га нацыяналістам будзе цяжка. Фаварытамі наступных выбараў лічацца лейбарысты, якія, па апытаннях, апярэджваюць нацыяналістаў амаль на дзесяць пунктаў. І зламаць гэту тэндэнцыю SNP будзе цяжка. Справа ў тым, што адной з галоўных тэмаў выбараў стане праграма мадэрнізацыі атамных ракетных комплексаў «Trident», якія знаходзяцца на шатландскіх вайсковых базах. Менавіта на лозунгах вываду атамнай зброі з Шатландыі традыцыйна будуецца тутэйшы нацыянальны рух. Аднак ва ўмовах крызісу сітуацыя выглядае трошкі іншай. Праект мадэрнізацыі «Trident» забяспечвае працоўнымі месцамі 40 тысяч шатландскіх працоўных. У часы крызісу шмат для каго гэта добры аргумент, каб на нейкі час забыць пра незалежнасць.
 

Каментаваць