Незалежнасці без жартаў не бывае

Напярэдадні святкавання 19-й гадавіны незалежнасці Украіны журналісты склалі хіт-парад самых смешных падзей часоў дзяржаўнага суверэнітэту. Вось некаторыя з кур’ёзаў сучаснай украінскай гісторыі.

* * *

Напярэдадні святкавання 19-й гадавіны незалежнасці Украіны журналісты склалі хіт-парад самых смешных падзей часоў дзяржаўнага суверэнітэту. Вось некаторыя з кур’ёзаў сучаснай украінскай гісторыі.

* * *

У 1990 годзе парад суверэнітэтаў ахапіў не толькі рэспублікі СССР, аднак і вобласці. Гэта, акрамя ўсяго, выражалася ў пераходзе на свой мясцовы час. Напрыклад, Закарпацкая воб­ласць вырашыла жыць па цэнтральнаеўрапейскаму часу (мінус адна гадзіна ад кіеўскага часу). У той жа час улады Крыму прапанавалі жыхарам паўвостраву жыць па маскоўскаму часу (плюс адна гадзіна да кіеўскага часу). Так краіна нечакана апынулася ў трох часавых паясах. Больш таго, у некаторых вёсках той жа Закарпацкай вобласці ўзнікла і была рэалізаваная на практыцы ідэя ўстанавіць свой асобны ад усіх час, які, як правіла, на 15–30 хвілін адрозніваўся ад кіеўскага.

* * *

У 1992 годзе ў Кіеве прайшоў Сусветны форум украінцаў. Падчас яго прадстаўнікі заходняй дыяспары рэзка крытыкавалі прэзідэнта Краўчука за знаходжанне былых сяброў КПСС ва ўладзе. У выніку гарант папярэдзіў грамадзян замежных дзяржаў пра недапушчальнасць крытыкі на адрас украінскага прэзідэнта, а таксама прыгразіў выслаць крытыкаў у краіны іх пражывання. У якасці рэакцыі «Маладая газета» надрукавала купон наступнага зместу: «Я (прозвішча, імя, імя па бацьку), разглядаючы сябе патэнцыйным прадстаўніком (указаць краіну) дыяспары, заяўляю, што я думаю пра Леаніда Краўчука наступнае (расшыфраваць). У сувязі з чым прашу выслаць мяне ў краіну маёй мары». У рэдакцыю прыйшло каля ста лістоў з лаянкамі на адрас Краўчука і просьбай выслаць іх у Злучаныя Штаты або Канаду.

* * *

23 жніўня 1993 года Севастопальская гарадская рада прыняла рашэнне «Пра расійскі федэральны статус горада Севастопаля». І ў той жа дзень яна прагаласавала яшчэ за адно рашэнне, адпаведна якому Дзень незалежнасці Украіны з’яўляецца выходным днём на тэрыторыі горада.

* * *

У 1994 годзе Мэр Палтавы Анатоль Кукоба ўручыў кампазітару Ігару Крутому і спявачцы Ірыне Алегравай, якія гастралявалі ў горадзе, памятныя знакі «За вызваленне Палтавы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Іншых медалёў у гарадскіх уладаў папросту не было.

* * *

У маі 1995 года старшынёй Вярхоўнай Рады АР Крым стаў камуніст Леанід Грач. Падчас выбараў Леанід Іванавіч спрабаваў усякім чынам эксплуатаваць сваё «птушынае» прозвішча. Ён выпусціў улётку пад загалоўкам: «Грач — птица российская». На адным баку ўлёткі былі намаляваны добрыя дамы і працуючыя заводы як знак Расіі, на іншым — разбураная глінабітная хата пад саламяным дахам як знак Украіны. Над ёй ляцела птушка грак, якая трымала ў дзюбе расійскі рубель.

* * *

У разгар прэзідэнцкіх выбараў 1999 года ў Данецку міліцыянты затрымалі Сяргея Салову, давераную асобу кандыдата ў прэзідэнты сацыяліста Аляксандра Мароза. Яму інкрымінавалі распаўсюд улётак у выглядзе спецвыпуску друкаванага органа Вярхоўнай Рады газеты «Голас Украіны». У спецвыпуску паведамлялася пра тое, што Вярхоўная Рада вымушана звярнуцца да народа Украіны з афіцыйнай заявай. У заяве гаварылася, што Леанід Кучма памёр ад алкагольнага атручэння, а краінай кіруе яго двайнік. Салова за сваё «злачынства» атрымаў пяць гадоў з адтэрміноўкай выканання прысуду.

* * *

Канфуз адбыўся з прэзідэнтам Леанідам Кучмам падчас сустрэчы з Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ, які наведаў Украіну ў чэрвені 2001 года. Леанід Данілавіч сустракаў пантыфіка ў аэрапорце. Калі Кучме прыйшоў час зачытаць прывітанне, ён выдаў наступны перл: «Мы здолеем навучыцца кахаць свайго блізкага такім каханнем, якое, па словах апостала Паўлава...»

* * *

На парламенцкіх выбарах у сакавіку 2002 года ўсю Украіну весяліла кандыдат Алена Солад з Запарожжа. Алена — хатняя гаспадыня і маці дваіх дзяцей — памяняла сваё звычайнае прозвішча на Асама Бен Ладэн. У дадатак на публічных дэбатах на мясцовым тэлебачанні кандыдатка з’явілася ў адной накідцы і трусах яркага колеру. Так ці інакш, у дзень выбараў за Алену Асама Бен Ладэн было аддадзена 759 галасоў.

* * *

Падчас ліпеньскай паездкі 2003 года тагачаснага прэм’ера Віктара Януковіча па раёнах Чаркаскай вобласці мясцовымі чыноўнікамі актыўна выкарыстоўвалася практыка «пацёмкінскіх вёсак». Самыя камічныя эпізоды назіраліся ў харчовых крамах — падчас наведванняў Януковіча з вітрын здымалася кіеўскае піва «Оболонь» і ставілася данецкае піва «Сармат».

* * *

У 2008 годзе дэпутат ад Блоку Юліі Цімашэнка Алег Анціпаў прапанаваў памяняць месцамі каляровыя палосы на дзяржаўным сцягу Украіны. Як было сказана ў тлумачальнай запісцы да законапраекта, цяперашняе іх становішча паводле кітайскіх народных вучэнняў азначае сталы заняпад, няшчасце. Калі ж зрабіць верх жоўтым, а ніз сінім, гэта спалучэнне колераў будзе тлумачыцца як гарманічны саюз Неба і Землі, мужчынскага і жаночага пачаткаў, як «шчасце». Дарэчы, законапраект адправілі на дапрацоўку.

* * *

У лістападзе 2008 года да дырэктара «Харкаўскага машынабудаўнічага заводу «ФЭД» Аляксандра Жданава прыйшлі прадстаўнікі Службы бяспекі Украіны (СБУ) і прапанавалі змяніць назву прадпрыемства, названага ў гонар першага чэкіста. У якасці альтэрнатывы агенты СБУ прапанавалі заводу ўзяць нейтральную палітычную назву «Рамонак». Пасля Жданаў распавядаў журналістам: «Я пераконваў, што не магу назваць завод «Рамонкам», бо прадукцыя заводу «лётае» ў 60 краінах, і растлумачыць усім, што «Рамонак» — гэта «ФЭД». Вынікам палемікі стаў кампраміс, адпаведная якому ФЭД цяпер будзе расшыфроўвацца не як Фелікс Эдмундавіч Дзяржынскі, а як «Фотаапараты Эцюды Дыяпраектары». Такі варыянт СБУ спадабаўся.

* * *

Зімой 2009 года ў Вярхоўную Раду паступіў законапраект «Пра прыняцце папраўкі да міжнароднай Дамовы пра захаванне кажаноў у Еўропе». Замест таго, каб хутка і моўчкі падтрымаць кажаноў націскам кнопкі «за», народныя дэпутаты пачалі ёрнічаць і ў выніку скаціліся да ўзаемных абвінавачванняў і банальнай спрэчкі. Як следства — праект быў правалены. Патрэбная колькасць галасоў у абарону кажаноў знайшлася толькі праз месяц.

Каментаваць