Ніца: спланаваны тэракт альбо няўдалы наркатрафік?

Парыжыскі журналіст Аляксандр Чукаеў у размове з карэспандэнтам «Новага часу» адзначыў, што ў падставах трагедыі ў Ніцы яшчэ вельмі шмат незразумелага. Асноўная версія, як вядома, звязаная з «ісламскім тэрарызмам», аднак каментатар сумняецца, што ўсё так проста.

Фота Reuters 



Трэба пачаць з таго, што ў адным з першых рэпартажаў паліцэйскія прагаварыліся, што гэты грузавік вёз наркотыкі і спачатку прарваўся на перыферыю гораду праз паліцэйскі кардон, а потым заблукаў у горадзе. Толькі ў больш позніх рэпартажах сталі казаць, што гэта ісламскі тэрарыст. Пры гэтым  з боку саміх ісламскіх тэрарыстаў ніхто афіцыйна так і не ўзяў адказнасць за гэты тэракт, — кажа Аляксандр Чукаеў.

Па-другое, некаторыя сведкі трагедыі і журналісты спачатку казалі, што франка-тунісцкі 31-гадовы хлопец, кіроўца машыны, не асабліва хутка ехаў, і за яго грузавіком беглі людзі. Можна дапусціць, што яго намагаліся спыніць з-за таго, што хацелі праверыць яго груз, паколькі ведалі пра трафік наркотыкаў. Кіроўца, відавочна, вельмі спалохаўся і спрабаваў выехаць куды заўгодна, абы яго не арыштавалі. У Францыі за ўдзел у справах, звязаных з наркотыкамі, вельмі моцнае пакаранне. Нават за не вельмі буйную партыю гашышу могуць пасадзіць на 10 гадоў.

Версія пра тое, што за трагедыяй у Ніцы стаіць «Ісламская дзяржава» на руку ўладам — перш за ўсё, мясцовым сілавікам. Адна справа — тэрарысты, якія задоўга і вельмі старанна рыхтуюць свае акцыі. А іншая — банальны наркакур’ер, які з перапуду і з-за пралікаў паліцыі забіў столькі людзей. Я думаю, у бліжэйшы час будзе шмат скандалаў на гэты конт. Французская прэса традыцыйна крытычна ставіцца да афіцыйных версій падзей і абавязкова будзе весці сваё незалежнае расследаванне.



Нагадаем, напад адбыўся ў чацвер вечарам на Англійскай набярэжнай, калі дзясяткі тысяч людзей глядзелі святочны салют. Грузавік праехаў 2 кіламетры скрозь шчыльны натоўп. Кіроўца быў застрэлены паліцыяй, пазней у грузавіку былі знойдзены гранаты і зброя. На фотаздымках з месца здарэння відаць, што лабавое шкло грузавіка паўсюль прабітае кулямі.

У машыне былі знойдзены дакументы 31-гадовага жыхара Ніцы туніскага паходжання, паведамляе ВВС.

Фота AFP

Фота AFP


Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд назваў тое, што адбылося, тэрактам.

«Нельга адмаўляць, што напад ў Ніцы звязана з тэрарызмам», — заявіў Аланд у адмысловым тэлезвароце, з якім ён выступіў у ноч на пятніцу, пасля таго як тэрмінова вярнуўся ў Парыж з Авіньёна. «Над усёй Францыяй навісла пагроза ісламскага тэрарызму. У гэтых абставінах мы павінны дэманстраваць абсалютную пільнасць і неаслабную рашучасць», — падкрэсліў французскі прэзідэнт.

Аланд абвясціў, што ўведзены пасля лістападаўскіх тэрактаў рэжым надзвычайнага становішча, які французскія ўлады збіраліся адмяніць да канца ліпеня, будзе працягнуты яшчэ на тры месяцы.

Сведкі трагедыі паказваюць, што супрацоўнікі сілавых службаў прыбылі на месца трагедыі праз 25 хвілінаў пасля здарэння і ўжо тады зрашацілі грузавік кулямі.




Каментаваць