Невядомы замах

10 гадоў таму група туркменскіх чыноўнікаў паспрабавала здзейсніць замах на прэзідэнта Сапармурата Ніязава.



Хаця на постсавецкай прасторы адбывалася і адбываецца шмат экзатычнага і незвычайнага, нават на гэтым фоне прыкметна вылучаўся рэжым, створаны Сапармуратам Ніязавым. Дастаткова згадаць пра тое, што ў 1994–1995 гадах кіраўніцтвам краіны ўсур’ёз разглядалася пытанне пра наданне Ніязаву тытулу «шах» і ператварэнне Туркменістана ў шахства. Амбіцыёзны праект пахавалі некаторыя старэйшыны, якія баяліся, што новы шах Сапармурат будзе рабіць стаўку на канкрэтныя роды, ігнаруючы інтарэсы іншых кланаў.

Напачатку Туркменбашы карыстаўся падтрымкай і насельніцтва, і эліты Туркменістана. Аднак да 2000 года сітуацыя змянілася — незадаволенасць пракралася ў вышэйшыя эшалоны ўлады. Гэта ўсё было следствам эканамічных праблемаў. Беднасць, масавая карупцыя абясцэнілі сацыяльную стабільнасць, якой у дзевяностыя так ганарыліся жыхары Туркменіі. Субсідаваныя кошты на базавыя прадукты, якія дзяржава магла сабе дазволіць дзякуючы продажу газу, ужо не так цешылі насельніцтва. Усю адказнасць князь, як заўсёды, пераклаў на баяр. Пачалася кадравая ліхаманка. Паступова да апазіцыі ў выгнанні, прадстаўленай галоўным чынам інтэлігентамі, дадалася і наменклатурная апазіцыя. Шмат чыноўнікаў папросту стаміліся жыць у страху ад таго, што іх вось-вось зробяць крайнім за нейкі правал у эканоміцы.

Ідэйным натхняльнікам змовы наменклатуры стаў былы міністр замежных спраў і віцэ-прэм’ер Барыс Шыхмурадаў. Па прафесіі журналіст-міжнароднік, Шыхмурадаў вярнуўся ў Туркменістан на пачатку незалежнасці, каб дапамагчы станаўленню туркменскай дыпламатыі. Доўгі час ён быў паплечнікам Ніязава. Па яго словах, быццам, менавіта яму належала ідэя нейтралітэту, якую Ніязаў пасля ўмела выкарыстоўваў для самаізаляцыі краіны і ўмацавання рэжыму асабістай улады.

Аднак пратэкцыя прэзідэнта была нядоўгай. Шыхмурадава адправілі працаваць за мяжу, дзе ён вырашыў далучыцца да апазіцыі. Дарэчы, тагачасны туркменскі афіцыёз лічыў, што для такога радыкальнага кроку былі рэзоны: пракуратура выявіла, што яшчэ ў бытнасць віцэ-прэм’ерам і старшынёй дзяржкамісіі па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні абарончага комплексу Туркменістана па прамым указанні Шыхмурадава было незаконна прададзена 5 баявых самалётаў СУ–17 і цэлы арсенал зброі і боепрыпасаў. Прыбытак, калі верыць афіцыйным СМІ, пайшоў на рахункі Барыса.

Так ці інакш, Шыхмурадаў развіў актыўную апазіцыйную дзейнасць. За кошт кантактаў у туркменскай эліце ён атрымліваў шмат сакрэтнай інфармацыі. Падчас такіх кантактаў у яго сфармавалася ідэя, што час перавароту прабіў. І сапраўды, скласці кампанію Шыхмурадаву пагадзілася шмат чыноўнікаў. Нарэшце, быў прызначаны дзень Х — 25 лістапада 2002 года.

Цалкам высветліць, як менавіта выглядала спроба перавароту, дагэтуль немагчыма: версіі апазіцыянераў і туркменскіх улад дыяметральна разыходзяцца.

Так, сябры Шыхмурадава, былыя саноўнікі рэжыму, якія перайшлі ў апазіцыю, заўсёды адмаўлялі факт замаху. Яны сцвярджалі, што замах — не што іншае, як ніязаўская інсцэніроўка. У дзень славутага «замаху» машына, у якой сядзелі сам Шыхмурадаў, кіраўнік парламента, міністр замежных спраў і губернатар Ташаўзскага рэгіёна, чакала машыну Ніязава насупраць будынку Меджліса. Ніхто не збіраўся забіваць Ніязава. Гаворка ішла пра арышт і наступнае прымусовае адрачэнне Туркменбашы ад улады. Змоўшчыкі спадзяваліся правесці такое адрачэнне праз парламент. Нечакана машыну, дзе сядзелі путчысты, атачылі людзі ў цывільным. Усіх пасажыраў арыштавалі.

Па іншай версіі, група змоўшчыкаў блакавала на адной з цэнтральных вуліц Ашхабада картэж прэзідэнта і абстраляла яго з аўтаматычнай зброі. Але прэзідэнт не быў нават паранены. Былі паранены толькі чатыры ахоўніка, а выканаўцы замаху былі хутка схоплены. Праўда, самому Шыхмурадаву ўдалося збегчы.

Далей арыштоўваць пачалі ўжо ўсіх. Былі схоплены шматлікія вядомыя людзі: былы начальнік памежных войскаў, лідар туркменскіх камуністаў, журналісты і дыпламаты, начальнік міжнароднага аддзела адміністрацыі прэзідэнта. Агульны лік арыштаваных у сувязі са спробай дзяржаўнага перавароту 25 лістапада склаў больш двухсот чалавек.

Пакутавалі і сем’і арыштаваных. У краіне былі арганізаваны мітынгі, на якіх працоўны люд патрабаваў расправы над ворагамі Туркменбашы. Дзякуючы пераследу родных быў арыштаваны і лідар путчыстаў. Пасля таго, як трапіў у турму малодшы брат Барыса Шыхмурадава — Канстанцін, 25 снежня 2002 года ён добраахвотна здаўся ўладам Туркменістана. Перад тым, як здацца, Барыс паведаміў, што зрабіў гэта, каб не дапусціць далейшых рэпрэсій над сваімі сваякамі і роднымі. Ён таксама папрасіў не верыць усяму, што будзе казаць пазней.

Апазіцыянер меў рацыю. 29 снежня 2002 года па туркменскім тэлебачанні паказалі кадры пакаяння Шыхмурадава. Прызнанне было напісана ў лепшых традыцыях сталінскіх працэсаў 1930-х гадоў. Барыс, напрыклад, казаў: «Мы, пражываючы ў Расіі, займаліся ўжываннем наркотыкаў і ў стане ап’янення вербавалі наймітаў для здзяйснення тэрарыстычнага акту… Мы — мафія, мы ўсё — нікчэмныя людзі».

30 снежня 2002 года Вярхоўны суд Туркменістана прысудзіў Барыса Шыхмурадава да 25 гадоў пазбаўлення волі, але ў той жа дзень гэта пакаранне было заменена на пажыццёвае зняволенне. Адвакат падчас працэсу толькі аднойчы бачыў Шыхмурадава. Астатнія абвінавачаныя атрымалі хто 25 гадоў турмы, хто — пажыццёвае і зніклі ў засценках. Пазней ні родныя, ні прадстаўнікі Чырвонага Крыжа не змаглі дабіцца спаткання ні з адным з асуджаных па гэтай справе. Вырвацца на волю праз пяць месяцаў атрымалася толькі амерыканскаму грамадзяніну Леаніду Камароўскаму, які таксама быў сябрам групы. Ігнаравала прыгавор і Расія, грамадзянінам якой быў Шыхмурадаў.

За апошніх дзесяць год было шмат плётак пра далейшы лес Барыса Шыхмурадава. Па некаторых звестках, ён адбываў пакаранне ў склепе будынка міністэрства нацыянальнай бяспекі, дзе сканаў у 2007 годзе. Аднак у 2007 годзе, выступаючы перад студэнтамі Калумбійскага ўніверсітэта ў ЗША, прэзідэнт Бердымухамедаў, адказваючы на пытанне студэнтаў, нечакана прызнаўся, што Барыс Шыхмурадаў і яго сябра Батыр Бердыеў (таксама адзін з арганізатараў замаху на Туркменбашы) жывыя.

Лёс арганізатараў выступу 25 лістапада 2002 года дасюль застаецца не вядомым, хаця ахвяра замаху Сапармурат Ніязаў памёр яшчэ ў 2006 годзе, а яго імя і спадчыну новая туркменская ўлада намагаецца як мага хутчэй выкрасліць з народнай памяці.

Артыкул падрыхтаваны па матэрыялах туркменскай апазіцыйнай прэсы
 

Каментаваць