Нігерыя: Тэрарыстычная групоўка «Бока харам» зладзіла крывавую бойню

Мясцовая група абароны заяўляе, што яе байцы кінулі спробы падлічыць целы забітых. 



Сотні целаў — занадта шмат, каб падлічыць — дасюль раскіданыя на месцы нападу ісламісцкай групоўкі, каля гораду Бага, на мяжы з Чадам. 

Кіраўнік раёна Баба Аба Хасан сказаў, што большасць ахвяр складаюць дзеці, жанчыны і пажылыя людзі, якія не маглі збегчы дастаткова хутка, калі паўстанцы заехалі ў Бага, страляючы з гранатамётаў і аўтаматаў па жыхарах горада.
 
 
«Крывавая бойня, якую зладзілі тэрарысты з Бока Харам у Бага, была пачварнай», — распавёў Associated Press Мухамад Аба Гава, прэс-сакратар мясцовай абарончай групы, якая змагаецца з «Бока харам».  
 
 
Ён сказаў, што байцы адмовіліся ад спробаў падлічыць усе целы. У заяве Amnesty International гаворыцца, што горад фактычна быў «сцёрты з твару зямлі», каля 2000 чалавек загінулі.
 
 
Усяго за пяць гадоў тэрарыстычнай дзейнасці групоўкі «Бока харам» у Нігерыі загінула каля 10 тысяч чалавек. Галоўнай мэтай радыкальнай ісламісцкай арганізацыі з'яўляецца ўвядзенне шарыяту на ўсёй тэрыторыі Нігерыі і выкараненне заходняга ладу жыцця. З мясцовай мовы Бока харам перакладаецца як «заходняя адукацыя забаронена» або «заходняя адукацыя з'яўляецца грахом» (у больш шырокім сэнсе — лад жыцця). 

Каментаваць