Ніякага кампрамісу з Гаванай!

Частка кубінскай апазіцыі выступае супраць намеру адміністрацыя Барака Абамы нармалізаваць адносіны з Гаванай. 



Калі вывучаеш цяперашні стан кубінскай апазіцыі, міжволі ўзнікаюць асацыяцыі з Беларуссю. Вось, напрыклад, кубінская ініцыятыва Varela Project, чыя канцэпцыя дзейнасці вельмі нагадвае беларускі праект «Народны рэферэндум». Як і аўтары «Народнага рэферэндуму», актыў Varela Project лічыць, што можа дагрукацца да аўтарытарнай улады праз петыцыйныя кампаніі па нейкіх не вельмі палітызаваных тэмах. Ці, напрыклад, незарэгістраваная партыя «Хрысціянскі вызвольны рух», якая па сваёй дзейнасці вельмі падобная да «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» (БХД), што марыць запусціць працэс пераменаў у грамадстве за кошт росту хрысціянскай свядомасці.

І, натуральна, нельга прайсці міма тэмы расколаў і скандалаў у лагеры кубінскай апазіцыі. Як і наша апазіцыя, кастрафобы ўпарта не могуць дамовіцца паміж сабой наконт таго, хто з іх павінен быць лідарам. Апошняя спроба аб’яднання мела месца ў часы прэзідэнцтва Буша-малодшага, эмісары якога дабіліся ад кубінцаў стварэння агульнай платформы. Аднак эра адзінства працягнулася не больш за два гады, прычым галоўную ролю ў справе развалу згулялі асабістыя амбіцыі правадыроў розных фракцый. Чым не праекцыя на нядаўні правал абрання адзінага кандыдата ад беларускай апазіцыі?

Паралелі хочацца праводзіць і з улікам агучанай 17 снежня сумеснай заявы Вашынгтона і Гаваны наконт аднаўлення дыпламатычных адносін. Яна чымсьці нагадвае нядаўнія кампліменты Еўропы на адрас Мінску. Прэзідэнт ЗША Барак Абама і кубінскі кіраўнік Рауль Кастра заявілі аб аднаўленні дыпламатычных адносін паміж краінамі. Нагадаем, дыпламатычныя адносіны ЗША і Кубы былі разарваныя ў 1961 годзе з-за праведзенай новымі ўладамі Кубы на чале з Фідэлем Кастра нацыяналізацыі цукровых плантацый і канфіскацыі амерыканскай уласнасці, уключаючы нафтавыя заводы. Адначасова Штаты ўвялі эмбарга на пастаўку прадукцыі на Кубу.

Тэма санкцый — сакральная для кубінскай апазіцыі. Пасля таго, як праваліўся дэсант у Заліве свінняў у 1959 годзе, апазіцыянеры доўгі час спа­дзяваліся зваліць Кастра праз эканоміку і дыпламатычны ціск. Аднак рэжым у Гаване па розных прычынах выстаяў. Не дапамог нават хіп-хоп: нядаўна стала вядома, што амерыканскі фонд USAID падтрымліваў развіццё музычнай рэп-сцэны на Кубе, каб стварыць пратэстную моладзевую субкультуру.

Паступова змяніліся і падыходы ў Белым доме. Напрыклад, сярод лацінас (амерыканцы лацінаамерыканскага паходжання) пракубінскія сентыменты вельмі папулярныя, а дэмакратам патрэбныя галасы на выбарах. Вырасла новая генерацыя кубінскіх палітыкаў, якім не цікава паўтараць мантру пра жудаснага Кастра. Яны больш арыентаваныя на паўсядзённыя праблемы кубінскай іміграцыі.

Як следства, антыкастраўская апазіцыя аказалася ў ступары. Перад ёй стаіць выбар: або шукаць новую парадыгму, або адаптавацца да новай рэальнасці. Аматары другой опцыі гуртуюцца вакол Cuban American National Foundation (Кубінскі амерыканскі нацыянальны фонд) — вядучай арганізацыі, якая лабіруе ў Вашынгтоне інтарэсы кубінскіх імігрантаў. Аўтарытэт установы трымаецца таксама на тым, што яе фундатарамі былі ветэраны мілітарнага антыкастраўскага супраціву. Цяпер у дырэктараце Cuban American National Foundation рыторыка значна больш пацыфісцкая. Кіраўнікі арганізацыі лічаць, што стратэгія Абамы на дыялог з Кастра дазволіць паступова пашыраць арэал грамадзянскай супольнасці.

Аднак не ўсе згодныя з «капітуляцыяй» (так праціўнікі дамовы з Кастра называюць заяву 17 снежня). Амаль адразу, 19 снежня, у Маямі — бастыёне кубінскай дыяспары — прайшлі вулічныя акцыі. Яе арганізатарамі стала кааліцыя з 40 антыкастраўскіх груповак. Агульную думку маніфестантаў выказаў адзін са спікераў, якога цытуе мясцовая прэса. «Нават без Барака Абамы апазіцыя будзе змагацца», — сказаў ён.

Адначасова быў апублікаваны адкрыты ліст на адрас Абамы, у якім аналізуецца яго спіч 17 снежня. Абаму вінавацяць у тым, што ён не ўзгадаў камуністычнае мінулае Кастра, і ў тым ліку тое, што на пачатку 1960-х гадоў на Кубе знаходзіліся савецкія атамныя ракеты, якія пагражалі ЗША.

На думку аўтараў ліста, Вашынгтон не разумее, што місіі кубінскіх медыкаў у розных краінах (Абама ў сваім выступе асабліва падзякаваў ім за барацьбу з эпідэміяй Эболы) — не што іншае, як устанаўленне шпіёнскай агентуры.

Нагадваюць гаспадарам Белага дому і кантакты Кубы з Паўночнай Карэяй, якая ўяўляе непасрэдную пагрозу ЗША. Непрымірымыя апазіцыянеры ўпэўненыя, што Абама мог бы дабіцца вызвалення ўсіх палітвязняў Кубы за скасаванне эмбарга.

Пасланне антыкастраўскіх фундаменталістаў заканчваецца выразам: «Прамова Абамы была несумленнай і крывадушнай. Гэта былі злавесныя ўводзіны да новай палітыкі, якая можа мець шанец, калі б яна не была заснаваная на такой відавочнай непавазе да амерыканцаў і годнасці інтарэсаў Кубы».

Якія шансы маюць кубінскія дысідэнты на тое, каб змяніць курс адміністрацыі Абамы адносна Кубы? Па іх словах, вельмі добрыя. Асноўныя надзеі яны ўскладаюць на нядаўнія змены ў Кангрэсе, які фармальна павінен зацвердзіць кандыдатуру амерыканскага пасла ў Гаване. Пасля лістападаўскіх выбараў у ніжняй палаце амерыканскага парламента дамінуюць рэспубліканцы, якія любяць вінаваціць Дзярждэп за, на іх думку, кампрамісную бяззубую замежную палітыку. Таму ўсіх прэтэндэнтаў на пасаду прадстаўніка ЗША на Кубе могуць бясконца заварочваць. Праўда, парламентарыі-дэмакраты, у сваю чаргу, кажуць, што нават рэспубліканцы гатовыя да дыялогу з Гаванай. Маўляў, курс на канфрантацыю давёў сваю неэфектыўнасць.

Пакуль цяжка сказаць, якая фракцыя ўнутры кубінскай апазіцыі пераможа. Адпаведна апытанням, праведзеным газетай «Miami Herald», 48 працэнтам амерыканцаў кубінскага паходжання не падабаецца ідэя нармалізацыі адносін Кубы і ЗША. У сваю чаргу, 44 працэнты прадстаўнікоў дыяспары з Кубы падтрымліваюць снежаньскія кубінскія ініцыятывы Абамы.

Каментаваць