Нямцоў: Расіяне за мяжой сталі крыніцай ваеннай пагрозы

Расійскі апазіцыянер Барыс Нямцоў лічыць, што Пуцін можа выкарыстоўваць замацаванае ў новай ваеннай дактрыне РФ права абароны расіян за мяжой для новых войнаў.



Новая ваенная дактрына Расіі дазваляе напасці на любую дзяржаву, дзе жывуць грамадзяне Расіі. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook расійскі апазіцыйны палітык Барыс Нямцоў.

Палітык працытаваў 22-і артыкул ваеннай дактрыны: «Расійская Федэрацыя лічыць правамерным прымяненне Узброеных Сіл, іншых войскаў і органаў для адбіцця агрэсіі супраць яе і (або) яе саюзнікаў, падтрымання (аднаўлення) міра па рашэнні Савета Бяспекі ААН, іншых структур калектыўнай бяспекі, а таксама для забеспячэння абароны сваіх грамадзян, якія знаходзяцца па-за межамі Расійскай Федэрацыі, у адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права і міжнароднымі дамовамі Расійскай Федэрацыі».

Нямцоў лічыць, што цяпер ясна, якое абгрунтаванне Расія можа выбраць для акупацыі тэрыторый Беларусі, Казахстана і іншых дзяржаў.

«Напішуць грамадзяне, якія жывуць у Гомелі або Астане, ліст Пуціну, як іх Лукашэнка і Назарбаеў заціскаюць, а ён, са спасылкай на 22 артыкул, возьме і дашле войскі. Новага ў гэтым нічога няма. Гітлер таксама акупаваў Судзеты, абараняючы немцаў. Але зараз для рускіх, якія жывуць за мяжой, Пуцін стварыў вялізныя праблемы. На іх будуць глядзець як на крыніцу пастаяннай ваеннай пагрозы. наўрад ці нашы суайчыннікі гэтаму радыя», — адзначыў палітык.

Нагадаем, учора прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб новай рэдакцыі вайсковай дактрыны РФ. У дакуменце канфлікты паблізу межаў РФ, пашырэнне НАТА і дэмакратычныя рэжымы ў сумежных краінах аднесены да знешніх пагрозаў.

Каментаваць