Нямецкія ахвяры Фукусімы

Катастрофа ў Японіі выклікала глабальныя змены на палітычнай сцэне ФРГ. У адстаўку з пасады старшыні партыі лібералаў пайшоў міністр замежных спраў Гіда Вестэрвеле. Услед можа рушыць і Ангела Меркель.

(На здымку: Гіда Вестэрвеле)



Катастрофа ў Японіі выклікала глабальныя змены на палітычнай сцэне ФРГ. У адстаўку з пасады старшыні партыі лібералаў пайшоў міністр замежных спраў Гіда Вестэрвеле. Услед можа рушыць і Ангела Меркель.

(На здымку: Гіда Вестэрвеле)


Філіп Рослер — так завуць новага лідара нямецкай Свабоднай дэмакратычнай партыі (FDP). Першае, што зрабіў новаабраны лідар, — абвясціў, што «эра Вестэрвеле прайшла».

На першы погляд, не вельмі карэктна так казаць пра партыйных сяброў. Аднак ніхто, нават Гіда, не паскардзіўся. Адзінае, што папрасіў Вестэрвеле — пакінуць яму МЗС, які ён узначальвае пасля стварэння ў 2009 годзе кааліцыйнага ўраду FDP і хрысціянскіх дэмакратаў (CDU).

Спатрэбілася ўсяго два гады, каб з самага перспектыўнага маладога палітыка Вестэрвеле ператварыўся ў гадкае качаня. Нагадаем, што ў 2009 годзе пад яго кіраўніцтвам лібералы ўстанавілі рэкорд — набралі 14 працэнтаў галасоў выбарцаў. Ніколі ў гісторыі партыя не атрымлівала столькі пунктаў на федэральных выбарах. Два гады хапіла, каб грамадства цалкам ад яго адвярнулася.

І справа тут не ў тым, што Гіда стаў першым адкрытым геем на пасадзе кіраўніка нямецкай дыпламатыі. Палітыку не прабачылі шмат іншага. Палітолагі кажуць, што Гіда — па натуры лідар — не здолеў працаваць ва ўрадавай камандзе. Ягоныя спрэчкі з Меркель, асабліва па эканамічных пытаннях, настроілі супраць яго кансерватараў. Апошні цвік у кар’еру Гіда забіла Фукусіма.

Лібералы даўно мелі імідж партыі, звязанай з атамным лобі. А іх патрабаванні неадкладна адмовіцца ад плану вываду з эксплуатацыі нямецкіх АЭС (CDU выступала за пачатак дэбатаў на гэтую тэму) увогуле вывелі іх у фронтмэны фанатаў мірнага атаму.

Калі па Японіі ўдарыла цунамі, а па тэлебачанні пачалі дэманстраваць зацягнутыя дымам рэактары, немцаў ахапілі антыатамныя настроі, што часам нагадвалі сапраўдны спіхоз. Калі б такое здарылася ў іншы час, падобныя ваганні ў масавай свядомасці наўрад ці паўплывалі б на пазіцыі Вестэрвеле. Аднак па волі лёсу выбух антыатамных фобій прыйшоўся на час зямельных выбараў. Галасаванне, якое хутчэй нагадвала рэферэндум па пытанню, за ці супраць і снавання АЭС, праходзіла ў трох землях. Вынікі выбараў рэзка кантрастуюць з вынікамі трыумфальных для FDP выбараў у бундэстаг у 2009 годзе. У сярэднім партыя страціла амаль палову галасоў.

Тут, як і варта было чакаць, галаву ўзняла гідра апазіцыі, якая акапалася ў партыйных асяродках на поўначы краіны. 6 красавіка Гіда даў зразумець, што адмаўляецца ад функцый старшыні. Вакансію заняў Філіп Рослер — этнічны в’етнамец. Дарэчы, заняўшы пасаду старшыні FDP, ён аўтаматычна стаў віцэ-канцлерам. Ніколі ў гісторыі Германіі эмігрант не забіраўся так высока.

Свой прыход у кіраўніцтва Філіп паднёс як пачатак радыкальных рэформ, якія павінны змяніць цяперашнюю парадыгму нямецкага лібералізму. Магістральная ідэя — адмова ад ліберальных догмаў часоў Тэтчэр і Рэйгана, якія ў канцэнтраваным выглядзе можна агучыць адной фразай: «Менш падаткаў».

Стаўка, па словах Рослера, павінна быць зробленая на прапаганду новай сацыяльнай мадэлі, ключавымі прынцыпамі якой стануць роўнасць шансаў, эканамічная адказнасць і грамадзянскія свабоды. Галоўная задача абноўленага стратэгічнага дыскурсу — вярнуць сабе гарадскі сярэдні клас — традыцыйных выбаршчыкаў лібералаў, якія ўсё часцей аддаюць перавагу Зялёным.

Ідэйнае абнаўленне павінна праходзіць паралельна з кадравай і генерацыйнай рэвалюцыяй. Разам з Філіпам на вышэйшыя партыйныя пасады прыходзіць маладая гвардыя. У нямецкай прэсе іх іранічна называюць «Bambis» (Bambi — аленянё з анімацыйнага фільму Дыснея).

Палітолагі спрачаюцца: ці здольны Рослер стаць добрым крызісным менеджэрам для FDP. З аднаго боку, у яго ўсе карты на руках. Стан у партыі амаль крытычны. Ганс-Дзітрых Геншэр, былы лідар партыі і дырэктар МЗС ФРГ у часы падзення камунізму, лічыць, што FDP перажывае самыя цяжкія часы з моманту свайго заснавання.

З іншага боку, не зразумела, наколькі партыйная эліта гатовая для рэформы. Не паспеў Рослер агучыць свае напалеонаўскія планы, як выбухнуў скандал вакол міністра эканомікі Райнера Брэдэрле. Райнер патрабуе сабе пасаду намесніка Рослера, што ўжо раскалола фракцыю лібералаў. Рослер, як было сказана вышэй, хоча даць дарогу маладым. Аж да таго, што лідарам фракцыі ў парламенце стане 32-гадовы Хрысціян Лінднер.

Тым часам скандал унутры FDP рыкашэтам б’е па партнёрах па кааліцыі — партыі Ангелы Меркель. Хрысціянскія дэмакраты ўжо заклікалі саюзнікаў схаваць свае ўнутраныя разборкі ў больш кулуарны фармат. Непаразуменні паміж жоўтымі (партыйны колер FDP) і чорнымі (колер CDU) адразу далі глебу казаць пра крах ураду і магчымыя датэрміновыя парламенцкія выбары. Хаця, думаецца, хрысціянскія дэмакраты на гэта зараз не пойдуць. Яны таксама моцна пацярпелі ад Фукусімы. Зараз за партыю Меркель гатовыя галасаваць 31–32 працэнты. У Зялёных, якія стрыгуць купоны на падзеях у Японіі, рэйтынг усяго на тры пункты ніжэй.

Ёсць яшчэ адзін цікавы прагноз. Адпаведна яму Рослер і саратнікі будуць наўмысна ўзрываць кааліцыю знутры. Па ўсіх раскладах, хрысціянскія дэмакраты наступныя выбары прайграюць. Затое ў лібералаў з іх новым больш сацыяльным дыскурсам ёсць шанец скласці кампанію эсдэкам і эколагам, якія, хутчэй за ўсё, зоймуцца фармаваннем новага федэральнага кабінету.

Аднак для рэалізацыі гэтага або іншага сцэнару Рослеру трэба спачатку цалкам падпарадкаваць партыйныя структуры. У тым ліку і давесці, што ён сапраўдны немец. У партыі ёсць устойлівая група антысемітаў і нацыяналістаў. Яны не могуць прабачыць Філіпу таго, што ў яго венах няма ніводнай кроплі нямецкай крыві. Сам Рослер у такіх выпадках цытуе прыёмнага бацьку-немца. Той заўсёды казаў: «У свядомасці Філіп большы немец, чым усе мы разам узятыя».

Партыйны з’езд FDP прызначаны на 15 мая ў Ростаку.

Каментаваць