Нясумныя наступствы сумных выбараў

Практычна ўсе палітолагі назвалі мінулыя выбары ў Бундэстаг сумнымі. Аднак як цяпер высвятляецца: сумныя выбары 22 верасня могуць цалкам змяніць нямецкі палітычны ландшафт.



Хаця і тэзіс пра «сумнасць» выбараў таксама спрэчны. Выданне «Der Freitag» прааналізавала ўсе выбарчыя ролікі партый і прыйшло да высновы, што абсалютная большасць з іх утрымлівае іранічны кантэкст. Тое ж самае тычыцца і выбарчых плакатаў. Так, у берлінскім раёне Кройцбег у парламент ішоў адзін з «Зялёных», на агітацыйных матэрыялах якога было напісана: «Патрабую, каб было як мага больш АЭС». Зразумела, што гэта прыкол, аднак ён адразу кідаўся ў вочы на фоне паліткарэктных меседжаў іншых палітыкаў. У дадатак саміх палітыкаў часам таксама заносіла. Так, яшчэ адзін кандыдат ад «Зялёных» выявіў сябе на плакаце як Гамера Сімпсана. А нейкі хрысціянскі дэмакрат адлюстраваў сябе ў якасці добрага дзядзькі, які раздае дзецям планшэты.

Развесяліў публіку і кандыдат ад эсдэкаў Штайнбрук, паказаўшы ўсім непрыстойны жэст з першай паласы адной з газет. Гэтым унёсак СМІ ў тое, каб неяк разварушыць публіку, не абмежаваўся. «Чаму скрыня для галасавання называецца выбарчая ўрна? Адказ: таму, што ў старажытнай Грэцыі галасавалі з дапамогай урыны». Такога кшталту прыколы на выбарчую тэматыку напярэдадні 22 верасня публікавалі шматлікія нямецкія газеты. Адным словам, усе намагаліся неяк прынесці забаўны элемент у выбарчае шоў, галоўны вынік якога быў вядомы загадзя: германскім канцлерам застанецца Ангела Меркель.

Але пасля сумнай кампаніі ў нямецкай палітыцы нечакана стала сапраўды вельмі весела. Прахадныя па сваёй сутнасці выбары выклікалі тэктанічныя працэсы.

Перш за ўсё, пад сумнеў пастаўлена практыка прахаднога балу, якую прыдумалі бацькі-заснавальнікі ФРГ для таго, каб не паўтарыўся трагічны вопыт Веймару. Як вядома, у Веймарскай рэспубліцы ў Рэйхстагу быў прадстаўлены кангламерат розных партый. Адпаведна, створаныя кабінеты трымаліся нядоўга, што выклікала нестабільнасць у грамадстве і запыт на рэжым моцнай рукі.

ФРГ, дзякуючы таму, што ў Бундэстаг трапляе партыя, якая атрымала 5 працэнтаў + 1 голас, такога феномену не ведала. Затое краіна ведае феномен, калі выбаршчыкі малых партый аказваюцца не прадстаўленыя ў палітычных інстытутах.

Выбары–2013 паставілі рэкорд у гэтым плане. У наноў абраным Бундэстагу не будзе прадстаўленая думка 15 працэнтаў немцаў, якія 22 верасня падтрымалі палітычных «карлікаў». На старонках прэсы ўжо ідуць дэбаты пра неабходнасць знізіць прахадны бар’ер як мінімум да трох працэнтаў.

Па-другое, выбары паставілі крыж на старых амбіцыях сацыял-дэмакратаў (SPD), якія доўгі час называлі сябе «народнай партыяй», якая, быццам, здольная ледзь не самастойна займець у Бундэстагу дэпутацкую большасць. Атрымаўшы 26 працэнтаў, эсдэкі вымушаныя канстатаваць, што для стварэння кааліцыі пад іх кіраўніцтвам, акрамя «Зялёных», ім патрэбны яшчэ адзін партнёр.

Выбар невялікі. Трэба гандлявацца з партыяй «Левыя» — прадуктам сінтэзу былых камуністаў ГДР і левай фракцыі SPD, якая выйшла з партыі. Эсдэкі ў свой час наклалі табу на дэбаты на гэтую тэму. Аднак выбары 2013 года гэта парушылі. Пра магчымасць чырвона-ружова-зялёнай кааліцыі падчас кампаніі казалі не толькі палітолагі, аднак і самі сацыял-дэмакраты. Сімвалічную кропку ў гэтых дэбатах паставіў асабіста Штайнбрук. За дзень да галасавання ён не выключыў, што да 2017 года (год наступных выбараў у Бундэстаг) яго аднапартыйцы цалкам даспеюць да ідэі кааліцыі з «Левымі».

Што тычыцца «Левых», то яны сталі трэцяй партыяй у ФРГ, хаця і згубілі пару працэнтаў. Ужо сам гэты факт прымушае больш сур’ёзна ставіцца да «Левых». Між тым, яны пачалі цікавую гульню: выступаюць ініцыятарамі радыкальных сацыяльных законаў, якія вымушаны так ці інакш падтрымліваць «Зялёныя» і сацыял-дэмакраты, што яўна ўплывае на кааліцыйныя перамовы, якія вядзе цяпер з імі Ангела Меркель.

У сваю чаргу, кансерватары таксама вымушаны дэманстраваць ідэйную прынцыповасць. Прычына таму — уздым партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD), якая была створана ў сакавіку, аднак на першых жа выбарах узяла 4,6 працэнта. На думку экспертаў, трыумф AfD можа паўплываць на дыскурс унутры партыі Меркель. Нягледзячы на тое, што кансерватары крытыкавалі еўраскептыкаў, і нават падключылі да гэтага Касцёл, стрымаць папулістаў не ўдалося. Відавочна, што гэта рыторыка запатрабаваная часткай правага электарату, і CDU будзе вымушана таксама фліртаваць з антыеўрапейскімі лозунгамі. Пакуль цяжка сказаць, як гэта адгукнецца на ўсходнім вектары нямецкай палітыкі. Затое дакладна вядома, што Берлін будзе больш жорстка ставіцца да Грэцыі і Іспаніі.

Больш яснасці ўнясуць выбары ў Еўрапарламент. Лідар «Альтэрнатыва для Германіі» Бернд Люке ўжо паставіў перад партыяй напалеонаўскую задачу — атрымаць на іх 8 працэнтаў.

Не выключана, што абараняць нямецкія інтарэсы кінуцца і лібералы, якія з трэскам прайгралі выбары. Па статыстыцы, 440 тысяч выбаршчыкаў FDP перабеглі ў лагер «Альтэрнатывы для Германіі». Увогуле, свабодныя дэмакраты ўпершыню за 60 гадоў не будуць мець фракцыі, што дазваляе таксама аднесці выбары 2013 года да эпахальнай падзеі. Чакаецца адстаўка ўсяго кіраўніцтва і поўная перазагрузка праекту.

Нарэшце, нечаканыя вынікі выбары мелі для «Зялёных». Справа не столькі ў тым, што эколагі згубілі каля трох працэнтаў у параўнанні з мінулымі выбарамі. «Зялёным» прыкра, што год таму іх рэйтынг даходзіў да 27 працэнтаў. Некаторыя аналітыкі нават прагназавалі, што ў выпадку правалу Меркель, канцлерам стане лідар «Зялёных» Юрген Трыцін. Аднак менавіта яго кантакты з педафіламі ў 1980-я гады (пра гэта стала вядома літаральна за тыдзень да галасавання) падмачылі рэпутацыю эколагаў.

Канфуз Трыціна, на думку аналітыкаў, можа цалкам змяніць канфігурацыю ўнутры партыі. Паколькі Трыцін лічыўся ў партыі левым, яго правал — гэта і правал усёй левай фракцыі. На змену ім, відавочна, ідзе больш прагматычная групоўка, якая гатовая на перамовы з Меркель наконт уваходу ў склад яе ўраду. Пра гэта, між іншым, сведчыць адстаўка 24 верасня сустаршыні Клаўдзіі Рот, якая мела імідж жорсткага праціўніка хоць нейкага пагаднення з кансерватарамі.

Слабы вынік «Зялёных» і «Партыі піратаў», якія маюць імідж моладзевых пратэстных партый, звязаны яшчэ з адным цікавым аспектам. Моладзь, як высвятляецца, цяпер не любіць антысістэмных палітыкаў і ўсё больш сімпатызуе кансерватарам. Тут вялікую ролю гуляе сама асоба Ангелы Меркель. Яе палітычны стыль — дабівацца свайго праз тактычныя кампрамісы — шмат каму сярод моладзі вельмі падабаецца.

Як бачым, нямецкі палітыкум дынамічна мяняецца. Якой будзе формула нямецкай палітыкі пасля 22 верасня, пакуль цяжка сказаць. І перш за ўсё незразумелым застаецца фармат новай кааліцыі. Усе эксперты адзіныя ў тым, што нічога канкрэтнага прагназаваць нельга.

Каментаваць