Няўдалы майдан у Прыднястроўі

Сёння прэзідэнт Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі (ПМР) паспрабаваў арганізаваць Майдан пасля таго, як былі агучаныя вынікі выбараў у Вярхоўны Савет рэспублікі. 



Фота © AFP 2015/ Daniel Mihailescu


Паводле іх, партыя Шаўчука прайграла партыі «Абнаўленне», за якой стаіць эканамічная групоўка «Шэрыф». У адказ прыхільнікі ўлады заклікалі да вулічных акцый супраць фальсіфікацыі галасавання.

2 снежня прыкладна 400 чалавек сапраўды сабраліся ў цэнтры Ціраспаля. Аднак далей пачалося нешта дзіўнае. Хутка маніфестанты, большасць з якіх складалі прыгнаныя бюджэтнікі, разышліся. У дадатак на арганізатараў акцыі распачалі адміністратыўную справу.

Хуткі фінал прыднястроўскага Майдану звязваюць з тэлефанаваннем з Масквы, якая па сутнасці — куратар мясцовага рэжыму. Відавочна, у Крамлі не зацікаўленыя ў дэстабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне, які акрамя ўсяго з’яўляецца важным фактарам ціску на Кіеў.

Усё ідзе да таго, што Шаўчук будзе вымушаны падзяліцца ўладай. Іншымі словамі, прадстаўнік партыі «Абнаўленне» атрымае пасаду прэм'ера (хоць яго кандыдатуру ўносіць прэзідэнт), Кабмін сканцэнтруе частку ўладных паўнамоцтваў на сабе, а Шаўчуку дазволяць быць прэзідэнтам да канца тэрміну.

Такі кансенсус, праўда, не значыць вырашэнне глабальнай задачы — як ПМР будзе выжываць ва ўмовах фактычнай эканамічнай блакады — вынік таго, што Малдова і Украіна ўваходзяць у зону вольнага гандлю з ЕС. Калі на працягу 5–7 гадоў у Маскве не вынайдуць формулы, як жыць далей, праект ПМР чакае калапс.

Каментаваць