Не чапай маю нядзелю!

У Францыі стартаваў новы раунд барацьбы паміж урадам і прафсаюзамі, якія катэгарычна супраць перагляду закона, што забараняе французам працаваць у нядзелю. На мінулым тыдні старая пікіроўка зноў набыла новае дыханне.



Французы — вялікія заўзятары сваіх рэвалюцыйных традыцый. Вельмі рэдка ў грамадскай дыскусіі можна наткнуцца на настальгію па часах манархіі і звязаных з ёй атрыбутах. Аднак ёсць і выключэнне. Гэта тычыцца права не працаваць у нядзелю. Прафсаюзныя лідары і сацыялісты любяць узгадваць, што пры старых каралеўскіх парадках сама ідэя працы ў нядзелю цягнула на замах на злачынства.

Тлумачыцца, праўда, гэта не сацыяльным прагрэсам, а тагачаснай роляй царквы. Хіба ў Бібліі не гаворыцца, што сёмы дзень тыдня павінен быць прысвечаны Богу? Парадак абавязкова хадзіць у нядзелю на імшу існаваў стагоддзямі, пакуль санкюлоты не пайшлі на штурм Бастыліі.

Якабінцы са сваім татальным адмаўленнем ад усяго мінулага, натуральна, не маглі прайсці міма такой тэмы, як каляндар. У рамках рэформы традыцыйны тыдзень замянілі на дзесяці­дзёнку. Такім чынам рэлігійны складнік у выходны дзень сам па сабе знік. Замест паходу ў касцёл французам прапаноўвалася па нядзелях наведваць бібліятэкі, розныя атракцыёны і выступы. Нягледзячы на бясплатныя шоў, народ увогуле быў не ў захапленні ад інавацый. Хаця б таму, што цяпер у год ён адпачываў не 52 дні (плюс 25 рэлігійных святаў) як пры каралях, а толькі 36 (плюс пяць рэвалюцыйных святаў). Таму дастаткова хутка пры Напалеоне сямідзённы цыкл вярнулі.

Калі ж адбылася рэстаўрацыя манархіі, у Францыі пайшоў адваротны працэс. У 1814 годзе кароль Луі XVIII увёў строгую адказнасць за ўсялякія спробы праяўляць працоўную актыўнасць па нядзелях. Праўда, вярнуць добрыя старыя часы ўжо было немагчыма. Пачалася індустрыяльная рэвалюцыя, калі прадпрымальнік быў зацікаўлены эксплуатаваць пралетарыят як мага больш, у тым ліку па нядзелях. Найбольш даводзілася працаваць супрацоўнікам розных крам, чый тыднёвы рабочы час дасягаў часам 70 гадзін.

Не дзіўна, што патрабаванне нядзельнага адпачынку стала адным з брэндаў рабочага руху Францыі. Канчатковай перамогі ў гэтай сферы ўдалося дабіцца дзякуючы самай буйной у гісторыі аварыі на шахтах Еўропы. У выніку выбуху газу на вугальнай шахце загінулі 1099 шахцёраў. Катастрофа мела вялікі палітычны рэзананс — парламент прагаласаваў за закон аб штотыднёвым адпачынку. Пазней гэта норма была замацаваная ў Кодэксе пра працу, на які не пасмелі замахнуцца нават у часы гітлераўскай акупацыі.

Сама тэма вольнай нядзелі (або, як яе называюць у Францыі, repos dominical) даўно стала сакральнай для прафсаюзаў. Яны не дапускалі ніякіх рэвізій на гэты конт, нягледзячы на тое, што ўжо ў 1960–1970-я гады структурныя змены французскай эканомікі сталі відавочныя — з-за наступу грамадства спажывання ўзнікла вялікая сфера абслугоўвання, якая была зацікаўленая зарабляць грошы, у тым ліку і ў выходныя. Простыя французы часта таксама разглядаюць права на выходны дзень як нейкі важны элемент айчыннай сістэмы сацыяльнай абароны. Тыя, хто наведваюць крамы па нядзелях, становяцца ахвярамі жартаў. На прафсаюзных акцыях вельмі папулярны лозунг: «Не чапай маю нядзелю!». Папулярна думка, што адыход ад прынцыпу нядзельнага адпачынку пацягне за сабой флексібілізацыю працы, калі працоўныя кантракты будуць складацца на кароткі тэрмін, без фіксацыі працоўнага часу, будзе дазволена праца ўначы і г.д.

Упершыню прынцып выходнай нядзелі быў парушаны толькі ў 1986 годзе, калі па нядзелях дазволілі працаваць дробным гандлярам. Пасля гэтага сітуацыя фактычна закансервавалася, нягледзячы на вялікую колькасць спроб лібералізаваць закон. Крамы ў нядзелю не працуюць нават на Елісейскіх палях, дзе гуляюць натоўпы турыстаў. Працуюць, як правіла, выключна дробныя гандлёвыя кропкі, якія трымаюць арабы. Больш вялікія крамы працаваць не могуць, паколькі закон дазваляе працаваць па выходных толькі ўладальнікам устаноў. Пры гэтым фармальны характар дзеяння закону пра repos dominical зразумелы ўсім. Каб падтрымліваць працу эканамічнай інфраструктуры, па нядзелях на працу вымушаны выходзіць каля 15 працэнтаў занятых у Францыі працоўных: транспартнікі, паліцэйскія, энергетыкі і г.д.

На мінулым тыдні старая пікіроўка паміж прадпрымальнікамі і прафсаюзамі зноў набыла новае дыханне. Раней у чэрвені Мінэканомікі выдала Дэкрэт пра турыстычныя эканамічныя зоны (ZTI). Рэалізацыя пастановы павінна прымусіць замежных турыстаў, якіх традыцыйна шмат у Францыі, пакінуць тут як мага больш грошай. Зоны (усяго іх 17, з якіх — 14 у Парыжы і 3 — у правінцыі) пачалі працаваць з 18 жніўня. Напярэдадні запуску праекту нечакана высветлілася, што крамы, якія знаходзяцца ў гэтых арэалах, таксама могуць працаваць па нядзелях.

Як і трэба было чакаць, пачатак працы ZTI раз’юшыў прафсаюзны актыў. Дадатковай крыніцай іх праведнага гневу з’яўляецца той факт, што рэформу пралабіравалі сацыялісты, якія, па ідэі, павінны сабатаваць усялякія рухі ў гэтай галіне. У выніку ўзнікла забаўная калізія, калі сацыялістка Ан Ідальго (Anne Hidalgo), мэр Парыжу, выступае за ідэю ZTI, аднак асуджае практыку працы па нядзелях.

Пакуль палітык манеўруе, чатыры парыжскія прафсаюзы скалацілі кааліцыю для барацьбы з законам Макрона (Эмануэль Макрон — міністр эканомікі, ініцыятар законапраекту пра ZTI). Ужо прайшлі першыя маніфестацыі, удзельнікі якіх патрабуюць, каб Дэкрэт пра турыстычныя зоны як мінімум быў разгледжаны ў парламенце. З улікам таго, што ўрад сацыялістаў вельмі не папулярны, а ў парламенце хапае папулістаў, рызыкнём прадказаць, што французы і на гэты раз захаваюць за сабой права адпачы­ваць у нядзелю.

Каментаваць